«На «барацьбу з рэабілітацыяй нацызму» можна спісаць усё што заўгодна». Гістарычная памяць пад прыцэлам


Усе, напэўна, ведаюць фразу, што фашысты будучыні будуць называць сябе антыфашыстамі. Асабліва актуальна яна гучыць цяпер: хоць «абвастрэнні» перад 9 траўня, якія называюць «перамогашальствам», былі ў Беларусі штогод, цяпер яны дасягнулі нябылых маштабаў і набылі новую афарбоўку – адбываецца спроба падмены рэальнасці і перапісвання гісторыі. Дзяржаўная прапаганда настойліва запісвае ўсю Еўропу ў спадкаемцаў фашызму, якія цяпер хочуць «узяць рэванш» у Беларусі. На YouTube можна пабачыць рэкламны ролік, у застаўцы якога праводзяць паралель паміж перамогаю над фашызмам у 1945 годзе і «перамогаю» над «рэваншам фашызму» ў 2020 годзе, а чырвона-зялёны сцяг, які з’явіўся толькі ў 1951-м, чамусьці называюць «сцягам Перамогі».

«Не аднаўленне нейкай гістарычнай справядлівасці і пакаранне злачынцаў рупіць Генпракуратуры, а штосьці зусім іншае»

У красавіку Генпракуратура Беларусі распачала крымінальную справу праз факт генацыду насельніцтва Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і ў пасляваенны перыяд. У дзяржаўныя музеі і архівы накіравалі запыты пра пошук доказаў гэткіх злачынстваў. У сацыяльных сетках актыўна заклікаюць беларусаў дасылаць усю інфармацыю на гэты конт. Але, з гістарычнага пункту гледжання, ці мае наагул падставы гэткая справа?

«З часу заканчэння Другой сусветнай вайны прайшло больш за 75 гадоў, і сёння ўжо мала засталося нават непасрэдных сведкаў тых часоў, не кажучы пра актыўных удзельнікаў. Цяперашні рэжым усталяваўся ў нас чвэрць стагоддзя таму, калі такіх людзей было куды больш. Але нешта ўвесь гэты час ніхто асабліва не рупіўся заводзіць крымінальныя справы за генацыд. І гэта выразна сведчыць – не аднаўленне нейкай гістарычнай справядлівасці і пакаранне злачынцаў рупіць лукашэнкаўскай Генпракуратуры, а штосьці зусім іншае», – кажа ў каментары «Белсату» беларускі гісторык Аляксандр Пашкевіч.

Даведка

Паводле яго, генацыд – тое злачынства, якое не мае тэрміну даўніны. І калі справядлівасць не адноўленая, злачынцы не пакараныя – то займацца гэтым ніколі не позна, прынамсі на сімвалічным узроўні.

«Але ці ёсць так у нашым выпадку? Зусім не. Генацыду, які чынілі нацысты ў часы Другой сусветнай вайны, ніхто ў свеце не адмаўляе, прававая ацэнка гэтаму дадзена на Нюрнбэргскім працэсе, а немцы пакаяліся за здзейсненае і прайшлі працэс дэнацыфікацыі. Больш у гэтай справе нічога ўжо зрабіць немагчыма, акрамя захавання памяці. А яна захоўваецца не крымінальнымі справамі», – разважае эксперт.

Даведка

Даведка. Глядзім артыкул 127, вызначэнне тэрміну «Генацыд»: гэта «дзеянні, якія робяцца з мэтай планамернага знішчэння поўнасцю або часткова якой-небудзь расавай, нацыянальнай, этнічнай, рэлігійнай групы або групы, вызначанай на аснове любога іншага адвольнага крытэру, шляхам забойства чальцоў такой групы або чынення ім цяжкіх цялесных пашкоджанняў, або наўмыснага стварэння жыццёвых умоваў, разлічаных на поўнае або частковае фізічнае знішчэнне такой групы, або гвалтоўнай перадачы дзяцей з адной этнічнай групы ў іншую, або ўжывання захадаў для перашкоды нараджэння дзяцей у асяроддзі такой групы (генацыд)». Такія дзеянні караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін ад 10 да 25 гадоў, пажыццёвым зняволеннем або караю смерцю. Законапраект, накіраваны на недапушчэнне гераізацыі нацызму, парламент разгледзеў на вясновай сесіі.

«Пацярпяць ад усяго гэтага не нацысцкія злачынцы, а толькі нашыя людзі па высмактаных з пальца абвінавачваннях»

Генпракуратура кажа пра «новы этап у барацьбе з рэабілітацыяй нацызму», «гістарычную і сацыяльную справядлівасць» і «ўмацаванне канстытуцыйнага ладу і нацыянальнай бяспекі», бо, са словаў генеральнага пракурора Андрэя Шведа, у дачыненні Беларусі да цяперашняга часу праводзіцца агрэсіўная палітыка з боку шэрагу еўрапейскіх дзяржаваў. У Нюрнбэргу будуць запытваць матэрыялы Нюрнбэргскага працэсу над нацыстамі, звязаных з нашаю краінаю, Генпракуратура звернецца па дапамогу ў іншыя краіны, у тым ліку – да Літвы і Польшчы. У планах – патрабаваць выдаць злачынцаў, якія яшчэ могуць быць жывыя, і суд над імі, а таксама апублікаванне ўсіх іхных імёнаў.

Навошта справа аб генацыдзе патрэбная ўладам менавіта цяпер?

«Уладам гэта патрэбна для таго, каб шумам пра генацыд у мінулым хоць трохі адцягнуць увагу і ўнутранай аўдыторыі, і міжнароднай супольнасці ад таго дзяржаўнага тэрору, які самі сёння, і ў шмат чым падобнымі метадамі, рэалізуюць на той жа зямлі. А таксама дзеля таго, каб, кіруючыся сваёй вычварнай логікай, падвесці больш грунтоўную, чым цяпер, ідэйную базу пад шырокамаштабныя рэпрэсіі па чыста ідэалагічных меркаваннях. Бо на «барацьбу з рэабілітацыяй нацызму» можна спісаць пры жаданні ўсё, што заўгодна, гэта ў нашых умовах вельмі «гумовая» фармулёўка. Той жа нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг без усялякіх на тое падстаў стараюцца прадставіць як нацысцкі, у адпаведнасці з гэтым аргументуюць рэпрэсіі супраць тых, хто яго шануе», – кажа Аляксандр Пашкевіч.

Падрыхтоўка да святкавання Дня Перамогі. Менск, Беларусь. 8 траўня 2021 года.
Фота: АК / Белсат

На ягоную думку, да выдачы злачынцаў і суда над імі справа яўна не дойдзе. Хоць бы таму, што такія людзі праз вялікую часавую адлегласць ад тых падзеяў нават фізічна калі дзе і засталіся, то іх лічаныя адзінкі.

«А каб каторы дзе і знайшоўся, то яго ніхто не выдасць у краіну, у якой не дзейнічаюць законы і няма незалежных судоў. Так што, на жаль, пацярпяць ад усяго гэтага не нацысцкія злачынцы, а толькі нашыя людзі па высмактаных з пальца абвінавачваннях», – перакананы эксперт.

Гістарычная тэматыка цяпер сталася ледзь не асноўнаю ў дзяржаўнай рыторыцы і працы дзяржаўнай прапаганды. «Пад БЧБ-сцягам адбываўся генацыд беларусаў», – заявіў у Хатыні Лукашэнка і заклікаў «ісці і глядзець» у Хатынь ды іншыя спаленыя вёскі. Фэйкі пра бел-чырвона-белы сцяг рассылаюць у менскіх жыроўках і гэтак далей.

З гледзішча Аляксандра Пашкевіча, гэта адбываецца таму, што рэжым адчувае, што і без таго яўна прайграе барацьбу на сімвалічным полі, а калі будзе весці яе цывілізаванымі метадамі, з захаваннем хоць бы рэштак прыстойнасці – то шанцаў неяк вытрымліваць канкурэнцыю ўвогуле ніякіх.

«У той жа час ён мае ў сваіх руках цэлы арсенал хлусні і бессаромных маніпуляцыяў, які выкарыстоўвае цэлая армія прапагандыстаў. Прытым выкарыстанне гэта зусім не новае, эксплуатацыя тэматыкі Другой сусветнай вайны і прадстаўленне апанентаў рэжыму як ідэйных нашчадкаў нацыстаў практыкуецца ад самага яго пачатку. Прыгадаем хоць бы сумнавядомы фільм Азаронка-старэйшага «Нянавісць. Дзеці ілжы» 1995 года. Цяперашні этап шальмавання апанентаў праз недарэчныя гістарычныя паралелі розніцца хіба толькі маштабнасцю, але не сутнасцю», – кажа гісторык.

Паводле яго, магчыма, улады і самыя хацелі б зрабіць сваю прапаганду больш вынаходлівай і крэатыўнай, а адпаведна, больш дзейснай, але на гэта няма ні адпаведных кадраў, ні жывых ідэяў.

«Рэжым занадта закасцянелы і анахранічны, у яго нетрах няма адкуль нараджацца крэатыву. Вось і бяруцца майстры прапагандысцкага фронту чарговы раз выціскаць ужо шмат разоў дагэтуль выціснуты лімон, якім з’яўляецца старая песня пра «Вялікую Айчынную вайну». Нічога больш ім проста не застаецца», – падсумаваў Аляксандр Пашкевіч.

Пытанне памяці

Па вайне распачыналі шмат крымінальных справаў, звязаных з рэпрэсіямі супраць мірнага насельніцтва Беларусі. Ладзілі паказальныя працэсы, у Менску ды іншых гарадах, якія сканчаліся публічнымі экзекуцыямі на плошчах: павешанні нямецкіх афіцэраў збіралі тады тысячы гледачоў. Гэта былі апошнія ў гісторыі Беларусі публічныя кары смерцю. Працавалі камісіі, якія аб’язджалі розныя мясцовасці і шукалі месцы масавага знішчэння людзей. Ускрываліся магілы, састаўляліся пратаколы, і дакументаўз тых часоў дастаткова шмат. Аднак у Беларусі гэткага кшталту дзеянні не выліліся ў нейкі вялікі грунтоўны працэс.

Тады таксама хапалі нейкіх злачынцаў. Напрыклад, згадаем гісторыю Светы-кулямётчыцы. Савецкая медсястра трапіла ў палон да немцаў. Яе гвалцілі, напойвалі алкаголем, давалі ў рукі кулямёт і пускалі да савецкіх ваеннапалонных. У такім стане яна расстраляла тысячы чалавек. Усе гэтыя падзеі адбываліся ў Бранскай вобласці. Жанчына перажыла вайну, пасля жыла ў беларускім Лепелі. Праз шмат гадоў яе вылічылі, арыштавалі і расстралялі.

Падрыхтоўка да святкавання Дня Перамогі. Менск, Беларусь. 8 траўня 2021 года.
Фота: АК / Белсат

Ці гісторыя Рыгора Васюры, этнічнага ўкраінца, якога 30 гадоў лічылі ветэранам, але які насамрэч фактычна камандаваў карнай аперацыяй у Хатыні ды браў удзел у знішчэнні іншых вёсак. Старшы лейтэнант Чырвонай арміі, ён трапіў у палон да немцаў і перайшоў на іхную службу. Па вайне Васюра здолеў схаваць інфармацыю пра свой удзел у карных аперацыях. 30 гадоў ён пражыў у Кіеўскай вобласці, яго як ветэрана штогод 9 траўня віншавалі піянеры. У 1985 годзе ён запатрабаваў для сябе ордэн Айчыннай вайны, і падчас афармлення дакументаў і вывучэння архіваў выкрылася праўда пра ягоную біяграфію. Васюру арыштавалі і асудзілі да найвышэйшай меры пакарання.

Усе гэтыя працэсы насілі спарадычны характар. Сёння можна зазначыць: з аднаго боку, мы шмат ведаем пра вайну, як напамін пра яе ў нас ёсць Хатынь, лагер смерці Азарычы, гета. З іншага боку, ніякага абагульнення і асэнсавання менавіта з пазіцыяў Беларусі не адбылося. Зразумела, што нацызм асуджаны светам назаўсёды, справы асобных злачынстваў і асобных трагедыяў даўно сталіся справаю гісторыкаў. Менавіта гістарычныя адмыслоўцы мусяць працаваць у кааліцыі адно з адным, і не толькі з расейскімі, але ў першую чаргу з нямецкімі, якія маюць доступ да мноства дакументаў і крыніцаў. Разнастайныя фонды ў свой час спансіравалі гэткія даследаванні, немцы зрабілі вялікую працу над памылкамі, пакаяліся і заўсёды ў гэтым плане адкрытыя.

Падрыхтоўка да святкавання Дня Перамогі. Менск, Беларусь. 8 траўня 2021 года.
Фота: АК / Белсат

Пракуратура Беларусі абвяшчае, што будзе збіраць матэрыялы ў межах справы пра генацыд, пачынае шукаць краязнаўцаў, гісторыкаў, але ўсё, што ёсць у адкрытых крыніцах, даўно вядома. Сёння весці следства датычна генацыду ў тым фармаце, у якім яго вялі ў 1960-70-х гадах, немагчыма, бо фактычна не засталося жывых сведкаў. У органаў следства Беларусі, пракуратуры няма ніякіх магчымасцяў зрабіць рэальныя следчыя дзеянні.

Адзінаю цікаваю, яшчэ не вывучанаю крыніцаю ёсць закрытыя да гэтае пары архівы КДБ, дзе шмат нічым не прыхаванай, часам непрыгожай праўды для ўсіх бакоў. Публікацыя гэтых архіваў – бадай, адзінае, чаго магла б дамагчыся пракуратура.

Гісторыі
«Першы час было страшна цягаць трупы». Што ўзгадваюць пра вайну яе сведкі
2021.05.09 09:54
Фота
«Карта памяці». Ветэраны ў фотапраекце Аляксандра Васюковіча
2021.05.09 10:38

Саша Праўдзіна belsat.eu

Стужка навінаў