КДБ накіраваў у ЗША, Літву і Украіну запыты на экстрадыцыю фігурантаў справы аб падрыхтоўцы «перавароту»


Старшыня КДБ Іван Церцель заявіў пра гатоўнасць дзейнічаць «яшчэ больш жорстка». Словы кіраўніка спецслужбы цытуе Sputnik.

Церцель паведаміў, што ў межах справы аб падрыхтоўцы «дзяржаўнага перавароту» КДБ накіраваў запыты аб экстрадыцыі ў Злучаныя Штаты, Літву і Украіну. Ён звярнуў увагу, што гэта міжнародная практыка і па такіх справах супрацоўнічаюць праваахоўныя органы і спецслужбы.

«Калі адказаў няма, або прымаецца рашэнне не экстрадаваць (дадзеных асобаў), то гэта таксама пэўная інфармацыя, якую варта ўлічваць і на пэўныя разважанні яна наводзіць», – дадаў кіраўнік КДБ.

Раней у КДБ заяўлялі, што ў межах справы аб падрыхтоўцы «дзяржаўнага перавароту» праходзяць 9 чалавек. Чацвёра з іх затрыманыя і знаходзяцца ў СІЗА КДБ (Аляксандр Фядута, Юрый Зянковіч, Рыгор Кастусёў і Вольга Галубовіч). Астатнія застаюцца за мяжой: гэта псіхіятр Дзмітрый Шчыгельскі, навуковец Аляксандр Перапечка, былы баец АМАПу Павел Кулажанка, лідар магілёўскай абласной арганізацыі Партыі БНФ Віталь Макаранка і былы баец «Алмазу» Ігар Макар. Яны «завочна заключаныя пад варту».

Таксама Церцель сёння заявіў:

«Мы папярэджваем, калі будуць такія намеры, а мы ведаем, што гэта (расследаванне – Sputnik) асобных асобаў не спыніла, мы будзем дзейнічаць яшчэ больш жорстка. І калі спатрэбіцца, то ў такой жа практыцы, як дзейнічаюць іншыя спецслужбы, у тым ліку, ЗША, Ізраіль і іншыя краіны. Кровапраліцця мы не дапусцім. Калі ўсё ж на нашай тэрыторыі пральецца кроў, мы будзем дзейнічаць карэктна згодна з дзейнай практыкай спецслужбаў па ўсім свеце».

Церцель не патлумачыў, пра якую практыку спецслужбаў ЗША і Ізраіля ідзе гаворка. Але раней, у канцы красавіка, намеснік міністра ўнутраных спраў Мікалай Карпянкоў зрабіў больш празрысты намёк на гэты конт, заявіўшы, што беларускія спецслужбы гатовыя змагацца з апанентамі рэжыму Лукашэнкі гэтак сама, як ЗША змагаліся з Усамай Бін Ладэнам і яго паслядоўнікамі (нагадаем, лідар тэрарыстычнай арганізацыі «Аль-Каіда» быў забіты амерыканскімі спецслужбамі ў Пакістане). «Мы гатовыя дзейнічаць. Як толькі паступіць загад – дзе б яны не знаходзіліся, без тэрміну даўніны – мы іх знойдзем і мы іх зачысцім. Мы зробім свет больш свабодным, а Рэспубліку Беларусь – больш абароненай», – заявіў Карпянкоў.

Hавiны
«Як толькі паступіць загад». Карпянкоў намякнуў, што сілавікі гатовыя перайсці да забойстваў апазіцыянераў
2021.04.29 22:49

Пра тое, што ў Беларусі нібыта рыхтаваўся «вайсковы пераварот» Аляксандр Лукашэнка заявіў 17 красавіка. Паводле Лукашэнкі, амерыканскія спецслужбы з санкцыі Джо Байдэна хацелі яго забіць. У межах справы былі затрыманыя чатыры чалавекі, КДБ выставіў ім абвінавачанні ў змове з мэтай захопу ўлады. Двое з чатырох – Аляксандр Фядута і Юрась Зянковіч – былі затрыманыя ў Маскве пры дапамозе ФСБ.

Незалежныя эксперты лічаць справу аб спробе «вайсковага перавароту» пастаноўкай і правакацыяй спецслужбаў.

Аб’ектыў
Навошта КДБ кіно пра «дзяржпераварот»?
2021.04.29 23:14

ІІ belsat.eu

 

Стужка навінаў