Былы галоўны лекар расейскай больніцы, куды пасля замаху даставілі Навальнага, прапаў падчас палявання


Кіраўнік Міністэрства аховы здароўя Омскай вобласці РФ Аляксандр Мурахоўскі знік у лесе падчас палявання. Пра гэта паведамляе выданне «Омск здесь». У сваю чаргу, партал «Коммерческие вести» удакладняе, што ён з’ехаў 7 траўня і з таго часу не выходзіць на сувязь. Паліцыя пацвердзіла знікненне міністра. Менавіта Мурахоўскі ўзначальваў больніцу БХМД-1, куды пасля атручвання «Новичком» даставілі Аляксея Навальнага, піша Вот Так.

Паводле інфармацыі СМІ, Аляксандр Мурахоўскі знік у раёне вёскі Паспелава ў Бальшавукоўскім раёне. Там размешчаная паляўнічая база, дзе і праводзіў час 49-гадовы міністр. Пасля яго знікнення сябры паспрабавалі адшукаць яго самастойна, аднак беспаспяхова. У паліцыю яны звярнуліся толькі праз суткі, днём 8 мая.

Аляксандр Мурахоўскі.
Фота: Yevgeny Sofiychuk / TASS / Forum

«У пошукавых мерапрыемствах задзейнічаны асабісты склад пункта паліцыі «Бальшавукаўскі», супрацоўнікі Расгвардыі, паляўнічыя інспектары і мясцовыя жыхары«, – гаворыцца ў паведамленні абласнога МУС РФ. Таксама пошук вядзецца з верталётаў. Адзначаецца, што пошукі абцяжарвае цяжкапраходная і багністая мясцовасць.

У больніцу хуткай медычнай дапамогі, якую ўзначальваў Мурахоўскі, 20 жніўня шпіталізавалі апазіцыянера Аляксея Навальнага. Палітыку стала вельмі дрэнна ў самалёце, які экстранна пасадзілі ў Омску. Галоўны лекар адмаўляў, што апазіцыянер быў атручаны, таксама ён на працягу двух сутак адмаўляўся дазволіць транспарціроўку палітыка ў Германію. На думку Мурахоўскага, палітык запаў у кому з-за парушэння абмену рэчываў. Эксперты з некалькіх краін і лабараторыяў выявілі атручэнне Навальнага нярвова-паралітычным рэчывам з групы «Новичок».

Крымінальная справа аб замаху на палітыка не распачатая дагэтуль. 30 кастрычніка суд у Томску прызнаў законнай адмову ва ўзбуджэнні справы пра атручанне Аляксея Навальнага.

Пасля замаху на Навальнага, з БХМД-1 звольніўся намеснік галоўнага лекара, які сачыў за станам палітыка, Анатоль Калінічэнка. Іншы медык – намеснік галоўнага лекара па анестэзіялогіі і рэанімацыі Сяргей Максімішын памёр у лютым ад сардэчнага прыступу. Яму было 55 гадоў. У сакавіку памёр 63-гадовы загадчык аддзялення траўматалогіі БХМД-1 Рустам Агішаў. Прычынай яго смерці назвалі наступствы інсульту, які ён перанёс у снежні.

Вот Так /ІР

Стужка навінаў