«Людзі хавалі сваіх дзяцей у агародах, разумееце?» Жыхары вызваленай Барадзянкі – пра акупацыю расейцаў


Увесь свет скаланулі кадры з вызваленых ад расейскіх акупантаў гарадоў Украіны. Здавалася б, страшней за разбураную горад Бучу, дзе расейцы забілі сотні мірных жыхароў, нічога быць не можа. Але не. Украінскія вайскоўцы вызваляюць гарады Кіеўскай вобласці, кожны з каторых раскрывае новыя страшныя злачынствы расейскай арміі.

Ратаўнікі разбіраюць завалы пасля баёў у Барадзянцы, Кіеўская вобласць, Украіна. 7 красавіка 2022 года.
Фота: Белсат

Мы ў Барадзянцы, што на паўночным захадзе ад Кіева. Расейская авіяцыя пачала бамбіць яго ўжо з першых дзён вайны. Горад акупавалі расейцы. Большасць жыхароў здолела выехаць з гораду, але некаторая частка засталася і апынулася ў пекле. За месяц Барадзянка з утульнага прыгожага мястэчка амаль цалкам ператварылася ў руіны.

Ніякіх вайсковых аб’ектаў тут не было. Але расейскія самалёты скідалі авіябомбы проста на жылыя кварталы, сціраючы з твару зямлі дамы і вуліцы. Пад шматлікімі заваламі ў пастцы апынулася шмат мясцовых жыхароў, якія спрабавалі хавацца ад бамбаванняў у сутарэннях. Ратаваць іх не давалі расейскія вайскоўцы. І толькі з вызваленнем гораду ратавальнікі пачалі разбіраць завалы, што зрабіліся брацкімі магіламі для соцень людзей: шанцы на тое, што праз месяц нехта выжыў, – нулявыя.

Цяпер трываюць працы ў размініраванні і пошуку загінулых. Завалы такія, што, каб разабраць адзін, трэба цэлы тыдзень.

Жанчыны з роварамі ідуць па двары разбуранага дому ў Барадзянцы, Кіеўская вобласць, Украіна. 7 красавіка 2022 года.
Фота: Белсат

«Расейцы пакінулі мне цыдулку «Расейская армія непераможная»

Вольга стаіць на фоне абвугленага 8-павярховіку. Побач – напалову зруйнаваны суседні дом, у які трапіла бомба і ад якога засталося толькі 5 паверхаў.

«Я сядзела ў сваёй кватэры, калі раптам пачула першыя стрэлы. Затым – гукі выбухаў, было чуваць, як лётаюць самалёты. Мы спусціліся ў сутарэнне, а пасля выехалі. На шчасце, ніхто з маіх родных не пацярпеў», – распавядае дзяўчына.

Вочы Вольгі блішчаць. Яна кажа тое, што мы будзем чуць ад усіх нашых суразмоўцаў:

«Я не разумею, навошта бамбіць жылыя дамы. Расейцы цудоўна разумелі, што тут жывуць мірныя жыхары».

Мясцовая жыхарка Вольга стаіць побач з абвугленым 8-павярхоўкам. Побач – напалову зруйнаваны суседні дом, у які трапіла бомба і ад якога засталося толькі 5 паверхаў. Барадзянка, Украіна. 6 красавіка 2022 года.
Фота: Алесь Усцінаў

Галіна стаіць каля свайго дому. Здаецца, звонку ён не моцна пацярпеў, толькі пазірае чорнымі, выбітымі ад выбуховай хвалі вокнамі.

«Усё пачалося ў першай палове 1 сакавіка. Зранку пайшла расейская вайсковая калона, прыйшоў сусед і сказаў, каб усе спускаліся ў склеп. Сярод нас былі дзеці, старыя, жанчыны. Было і зусім малое дзіця – 1 годзік. Мы нікуды не збіраліся выязджаць, сядзелі тут. Ішлі вайсковыя калоны, раз-пораз пастрэльвалі, і мы нават не ўяўлялі, што нас пачнуць бамбіць. Мы сядзелі ў склепе, размаўлялі, было чуваць стрэлы, а пасля раптам прагучаў магутны выбух. Столь нібы абвалілася, пасыпалася на нашыя галовы. Нічога не было відаць, дзеці пачалі плакаць. Калі крыху сцішэла – зрабілі пераклічку: усе жывыя. Зарыентаваліся, супакоіліся – і тут другі ўдар. Затым трэці», – згадвае Галіна.

Галіна, жыхарка Барадзянкі. Падняўшыся ў сваю кватэру пасля моцных выбухаў, пабачыла, што там жылі расейскія вайскоўцы. Яны пакінулі цыдулку, маўляў, расейская армія непераможная. Барадзянка, Украіна. 6 красавіка 2022 года.
Фота: Алесь Усцінаў

Пазней яны даведаліся, што снарад трапіў у суседні дом: у сутарэнні заваліла людзей. Каб з імі не здарылася таго ж, пастанавілі перабрацца ў больш бяспечнае месца, дзе не бамбілі. Дайшлі да дзіцячага садка і спусціліся ў склеп. Адтуль эвакуяваліся ў Каламыю.

«Мяне ўразіла, як нам там дапамагалі: людзі як мурашкі неслі нам усё, хто што мог – ежу, вопратку, мэблю. Нас вельмі добра прынялі і дапамаглі ўладкавацца», – усхвалявана кажа Галіна.

Прыехаўшы ў Барадзянку, жанчына паднялася ў сваю кватэру на 8-м паверсе і пабачыла, што там жылі расейскія вайскоўцы.

«Там былі розныя іхныя рэчы, сухія пайкі. Нават цыдулку мне пакінулі, маўляў, расейская армія непераможная. Але гэта блюзнерства. Нашая армія, нашая краіна і наш народ выстаяць. Адназначна», – перакананая жанчына.

«Майго калегу расстралялі расейцы. Проста расшылі аўтаматнаю чаргою»

Людміла стаіць каля паўразбуранага дому і ціха назірае, як ратавальнікі разбіраюць вялікі завал. Сюды трапіла бомба, якая пахавала пад абломкамі ейных родных – сястру і пляменніка.

«1 сакавіка пачаўся ракетны абстрэл. У той дзень мы вярнуліся з тэрытарыяльнай абароны, мы працавалі ў Цэнтры сацыяльна-псіхалагічнай рэабілітацыі, і там быў ейны штаб. Сястра з пляменнікам сустрэліся ўдома, паелі, пазванілі сябрам і сказалі, што ўсё добра, яны ў парадку. І тут – абстрэл… Сувязі не было, да мяне прыбеглі людзі і сказалі, што здарылася бяда. Мы прыбеглі сюды, намагаліся штосьці зрабіць. Наш Ігар Мікалаевіч прыехаў з трактарам, спрабаваў расчысціць завалы. Але расейцы пачалі абстрэльваць нас «Градамі». Паранілі хлопца, які дапамагаў нам. Мы схаваліся. Пасля гэтага доступу да завалу ўжо не было: расейцы стралялі па любым руху», – распавядае Людміла. У яе мокрыя вочы, голас гучыць ціха і мякка.

Справа – Людміла. Яна стаіць каля паўразбуранага дому і назірае, як ратавальнікі разбіраюць вялікі завал. Сюды трапіла бомба, якая пахавала пад абломкамі ейных родных – сястру і пляменніка. Барадзянка, Украіна. 6 красавіка 2022 года.
Фота: Алесь Усцінаў

Жанчына згадвае былі пякельныя баі ў Барадзянцы ды захапляецца ўкраінскімі абаронцамі:

«У нас была моцная тэрытарыяльная абарона. Практычна на кожным важным участку стаялі нашыя хлопцы. Яны неймаверныя. У нашым цэнтры іх было больш за 70. Рознага веку: ад вельмі маладых да даволі сталых асобаў. Кожны сантыметр гораду адбіваўся ў баі. Хлопцы атрымлівалі раненні, мы давалі ім медычную дапамогу. Яны елі як кацяняты: прыбяжыць, штосьці схопіць і пабяжыць назад.

Абараняліся і звычайныя людзі. Рабілі і палілі кактэйлі Молатава. Калі ў цябе ўдома не было кактэйлю, то ты штосьці празяваў. Мы збіралі бутэлькі, стараліся дапамагчы, чым можам. Хто стары, хто малады. У апошнюю ноч быў страшэнны абстрэл усёй Барадзянкі. Пасля гэтага расейцы сышлі».

Людміла жыве ў Барадзянцы з 1981 года. Адзначае, што такога яднання людзей яшчэ не бачыла. Хіба што падчас аварыі на ЧАЭС: тады ўсе дамы ў горадзе былі адкрытыя для пацярпелых. І цяпер, паводле жанчыны, усе дапамагаюць адно аднаму. У горадзе ёсць праблемы з вадою, няма сувязі. Валанцёры шукаюць тых, хто апынуўся ў цяжкіх умовах, дапамагаюць ім. Людзі, якія эвакуяваліся з гораду, пакідалі ключы суседзям і казалі: няхай сюды прыходзяць людзі, жывуць і бяруць усё.

«Я не разумею, навошта расейцы забіваюць нас. Расстралялі майго сацыяльнага педагога, які сказаў ім адысці, бо ён дапамагае людзям. Проста расшылі аўтаматнаю чаргою», – Людміла змаўкае. Пасля паўзы, стрымаўшы слёзы, дадае:

«Мая найбольшая мара – дастаць з-пад завалаў і пахаваць маіх родных. А пасля будзем адбудоўвацца. Паціхеньку. Трэба апекавацца і дапамагчы людзям, у якіх наагул нічога не засталося».

«Шмат людзей без частак цела. Іх складана апазнаць»

Каля разбуранага дому бачым мужчыну, які цягне невялікую валізу і трымае стары фотаздымак, з якога глядзіць мужчына ў савецкай уніформе:

«Гэта мой бацька, ён служыў у савецкім войску, ветэран вайны, але ўжо памёр», – кажа Іван.

Мясцовы жыхар Іван выносіць матчыны рэчы з дому пасля бамбавання. Барадзянка, Украіна. 6 красавіка 2022 года.
Фота: Алесь Усцінаў

У Барадзянцы жыла Іванава маці 1944 года нараджэння. Калі пачалося бамбаванне іхнай вуліцы, жыхары дому схаваліся ў сутарэнні. Ад моцнага выбуху іх заваліла абломкамі. Людзі звонку здолелі разгрэбці завалы і вызваліць з пасткі суседзяў. А вось жыхарам суседняга дому пашанцавала менш: абломкі і пліты былі такія вялікія, што іх мог бы зрушыць толькі кран. Яны загінулі. Маці нашага суразмоўцы разам з суседзямі пабеглі хавацца ў бок ракі. Беглі пад абстрэламі, навокал усё гарэла. Уначы схаваліся ў аднапавярховых дамах, а ранкам іх забралі і адвезлі машынамі ў бяспечнае суседняе сяло.

Іхная кватэра разбураная, шмат што згарэла. Сам дом аварыйны і не прыдатны да жыцця. Іван спрабуе ўратаваць рэшткі рэчаў:

«Мая маці нарадзілася ў Нямеччыне. Цяпер немцы прыехалі і забралі яе з польскай мяжы. Вось так кола замкнулася».

На мосце каля ракі сустракаем усхваляваную мясцовую жыхарку Вікторыю. Яна распавядае пра сваю сустрэчу з расейскімі вайскоўцамі:

«І мне гэты салдат кажа: «Маці, прабач нам, мы не хацелі. Мы з роднымі не звязваліся месяц. Мы не ведалі, куды мы ідзем. Нам не сказалі, што будзе вайна». Са мною была жанчына, у яе было кепска з нагамі, і вайсковец даў ёй шакаладку. А я стаю і ўсё параўноўваю з немцамі. Гэта горш за фашыстаў. Раней я так любіла Расею, расейскую мову, а цяпер усё, не магу», – жанчына ў роспачы ўсхліпвае і адварочвае твар.

Спадарыня Вікторыя распавядае, як расейскія акупанты не дазволілі выцягнуць з-пад завалаў мясцовых жыхароў, тыя загінулі ў пакутах. Барадзянка, Украіна. 6 красавіка 2022 года.
Фота: Алесь Усцінаў

У доме, дзе жыве жанчына, засталіся толькі людзі сталага веку. Сама яна даглядае бацьку, ён адмовіўся ехаць са словамі: «Я перажыў Чарнобыль, я стары і хачу памерці ў сваім ложку».

«Я спусцілася да ракі паглядзець, што тут адбываецца, і пачула пад заваламі дому немы вой. Не чалавечы і не жывёльны. Там было каля 100 чалавек, 8 сакавіка яны яшчэ падавалі прыкметы жыцця. Яны так крычалі… Гэта было так жахліва!» – спадарыня Вікторыя не можа стрымаць слёзаў, цяжка дыхае, яе рукі дрыжаць.

Яна згадвае, як пайшла да суседзяў з пытаннем, што можна зрабіць, каб уратаваць людзей. Завалы расчысціць уручную было нерэальна – патрэбная была тэхніка.

«Мой сусед, які ваяваў у Афганістане, набраўся смеласці і пайшоў да расейцаў. Папрасіў: дайце, маўляў, танк ці што іншае, мы рванём пліту і вызвалім людзей з-пад завалаў. Яны яго адправілі назад, сказалі, каб ішоў адтуль, а то і сам пад плітой апынецца.

Людзі хавалі сваіх дзяцей у агародах, разумееце?..

У горадзе працавалі валанцёры. Ведаю, што тут недалёка дасталі з-пад завалаў і вынеслі 29 целаў. Іх можна было апазнаць, бо былі рукі, ногі, галовы. А там далей шмат людзей без частак цела… Я не магу…» – голас абрываецца, жанчына пачынае плакаць.

Крыху супакоіўшыся, распавядае, як расейскія салдаты стралялі ў мясцовых жыхароў – проста так, без прычыны:

«Мой сусед хадзіў карміць свайго ляжачага бацьку – атрымаў кулявое раненне ў нагу. Ты ідзеш, салдат падыходзіць, настаўляе на цябе аўтамат – і ты не можаш уздыхнуць… Мне гэтыя жахі будуць сніцца доўга».

СП belsat.eu

Стужка навінаў