У Менску асудзілі блогерку Дар'ю Ціханаву: два з паловай гады калоніі


Суд Ленінскага раёну Менску асудзіў блогерку Дар’ю Ціханаву (Афанасьеву) на два з паловай гады калоніі за «актыўны ўдзел» у паслявыбарчых акцыях пратэсту ў жніўні 2020 года ў Менску. Яна прызнаная вінаватай паводле ч. 1 арт. 342 КК, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Прысуд быў агучаны 5 красавіка. Доказамі вінаватасці ў справе Дар’і Ціханавай былі яе фотаздымкі на мірных маршах. Пракурор патрабаваў для яе тры гады зняволення. Актывістка ўтрымліваецца ў СІЗА-1 на Валадарскага.

Дар’я Ціханава – актывістка і фемблогерка, вядомая як «Дафна». У Instagram дзяўчына вяла асветніцкую дзейнасць, распавядала пра сексізм і фемінізм. У яе было каля 10 тысячаў падпісчыкаў (цяпер яе акаўнт выдалены). Да затрымання Дарʼя працавала менеджаркай у развіцці персаналу.

Жанчыну затрымалі супрацоўнікі ГУБАЗіКу 28 снежня – «пакаяннае відэа» з ёй з’явілася на праўладных тэлеграм-каналах. Ёй выставілі абвінавачанне паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу і змясцілі ў следчы ізалятар. Да суда трымалі пад вартай цягам трох месяцаў. Вядома, што некаторы час Ціханава была ў адной камеры з экс-кіраўніцай грамадскага абʼяднання «Радзіслава» палітзняволенай Вольгай Гарбуновай.

На дзень 9 красавіка ў Беларусі прызнаныя палітычнымі вязнямі 1102 чалавекі.

Hавiны
Патрыятызм ці злачынства? Каго і за што ў Беларусі вінавацяць у «здрадзе дзяржаве»
2022.04.08 14:36

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў