У Кіеў з візітам прыбыў прэм'ер-міністр Вялікай Брытаніі Борыс Джонсан


Брытанскі прэмʼер Борыс Джонсан сустрэўся ў Кіеве з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім. Раней гэты візіт не анансаваўся.

Пра візіт Джонсана паведаміў намеснік кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны Андрэй Сыбіга.

Пазней інфармацыю пра сустрэчу распаўсюдзіў і тэлеграм-канал Уладзіміра Зяленскага.

У офісе Борыса Джонсана кажуць, што прэмʼер хоча паказаць сваю салідарнасць з народам Украіны. Падчас перамоваў абмяркуюць доўгатэрміновае падтрыманне Украіны Брытаніяй, а прэмʼер-міністр абвесціць новы пакет фінансавай і вайсковай дапамогі», паведамляе Бі-Бі-Сі.

Па выніках сустрэчы Джонсан заявіў, што «Украіна насуперак усім чаканням адкінула расейскія войскі ад Кіева і здзейсніла найвялікшы баявы подзвіг XXI стагоддзі». Ён паведаміў, што Лондан перадасць Украіне 120 бронемашын і новыя супрацькарабельныя ракетныя сістэмы.

Вялікая Брытанія – адна з тых краінаў, якая найбольш актыўна падтрымлівае Украіну пастаўкамі ўзбраення і ўводзіць найбольш жорсткія антырасейскія санкцыі. Пасля разні ў Бучы Борыс Джонсан заявіў, што зробіць усё, каб «знішчыць вайсковую машыну Пуціна».

Кіеў сёння таксама наведвае прэм’ер-міністр Аўстрыі Карл Нэгамэр.

РР belsat.eu

Стужка навінаў