У Берасці дзяўчыну асудзілі на 1,5 года «хатняй хіміі» за перадрук інфармацыі пра амапаўца


Праваабаронцы паведамляюць, што 6 і 7 красавіка 2022 года ў Ленінскім судзе Берасця разглядалася справа ў дачыненні Марыі Рой, якую вінавацілі паводле артыкулу 188 Крымінальнага кодэксу («Паклёп»).

Паводле праваабаронцаў, 14 верасня 2020 года ў тэлеграм-чаце «Брэст 97 %» карыстальнікі рабілі рэпосты, а таксама публікавалі ад свайго імя адзін і той жа тэкст. Гэтыя паведамленні былі пра камандзіра берасцейскага АМАПу Максіма Міховіча (у жніўні 2020 года быў у званні падпалкоўніка міліцыі, а цяпер, паводле інфармацыі берасцейскай «Вясны», ужо стаў палкоўнікам). У тэксце сцвярджалася, што Міховіч – «паталагічны садыст і забойца», а таксама былі выкладзеныя адрас і асабісты нумар тэлефона амапаўца.

Марыю Рой, якой у верасні 2020 года было ўсяго 16 гадоў, абвінавацілі ў тым, што яна выклала такі ж тэкст. А значыць, абгаварыла Міховіча. Падчас судовага працэсу дзяўчына цалкам прызнала віну. Максім Міховіч у статусе пацярпелага не стаў прасіць грашовай кампенсацыі за маральную шкоду.

Пракурор Аляксандр Бацюшка запатрабаваў для дзяўчыны 1,5 года абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову («хатняя хімія»). Суддзя Аляксандр Семянчук з двума народнымі засядацелямі пастанавілі прызначыць Марыі Рой менавіта такое пакаранне.

РР belsat.eu

Стужка навінаў