Еўразвяз забараніў увозіць на сваю тэрыторыю грузы на беларускіх і расейскіх фурах


У рашэнні Еўразвязу, апублікаваным у афіцыйным часопісе, гаворыцца, што ЕЗ у адпаведнасці з уведзенымі санкцыямі забараняе ўвоз і транзіт грузаў аўтатранспартам з Беларусі і Расеі на тэрыторыю Еўразвязу.

Фуры, якія збіраліся заехаць у Еўразвяз з Беларусі і Расеі, з 9 красавіка не змогуць гэтага зрабіць.

Да 16 красавіка забарона не распаўсюджваецца на перавоз грузаў, які пачаўся да 9 красавіка: беларускія фуры, якія ўжо заехалі на тэрыторыю Еўразвязу, могуць вярнуцца ў Беларусь. Таксама фуры, якім неабходны транзітны праезд праз ЕЗ, каб вярнуцца ў Беларусь, могуць заехаць у Еўразвяз. З 16 красавіка ўводзіцца поўная забарона на мінанне грузавым транспартам Беларусі і Расеі мяжы з ЕЗ.

Аб’ектыў
Эмбарга для Расеі: «Такога кшталту санкцыі не ўжываліся нават у самыя змрочныя гады халоднай вайны»
2022.04.08 23:31

Але ёсць выключэнні. Забарона не распаўсюджваецца на грузавы транспарт, які перавозіць пошту. Таксама кампетэнтныя органы дзяржавы – чальца ЕЗ могуць дазволіць перавоз грузаў з Беларусі, неабходных для:

  • куплі, імпарту або транзіту ў ЕЗ прыроднага газу і нафты, у тым ліку нафтапрадуктаў, а таксама тытанавай, алюмініевай, меднай, нікелевай, паладыевай і жалезнай руды;
  • куплі, імпарту або транзіту ў ЕЗ фармацэўтычных, медычных, сельскагаспадарчых і харчовых прадуктаў, уключаючы пшаніцу і ўгнаенні;
  • гуманітарных мэтаў;
  • дыпламатычных і консульскіх прадстаўніцтваў ЕЗ у Беларусі, у тым ліку дэлегацыяў, амбасадаў і місіяў, або міжнародных арганізацыяў у Беларусі, якія карыстаюцца імунітэтам у адпаведнасці з міжнародным правам.

У рашэнні гаворыцца, што краіна – чалец Еўразвязу мусіць інфармаваць іншыя краіны ЕЗ і Еўракамісію аб кожным рашэнні, якое будзе датычыць дазволу на ўезд фураў з Беларусі і Расеі цягам двух тыдняў з моманту дазволу.

8 красавіка Рада ЕЗ заявіла аб увядзенні пятага пакету санкцый супраць Расеі, якія закранаюць і Беларусь: забараняюцца любыя расейскія і беларускія аўтатранспартныя перавозы тавараў на тэрыторыі ЕЗ, у тым ліку транзітам, а таксама ўводзіцца забарона на дэпазіты, крыптакашалькі і продаж банкнот і каштоўных папер, намінаваных у любой з валютаў дзяржаў – чальцоў ЕЗ, у Расею і Беларусь ці любой фізічнай або юрыдычнай асобе, арганізацыі, органу ў Расеі і Беларусі.

Hавiны
Байдэн падпісаў Закон аб прыпыненні нармальных гандлёвых стасункаў з Беларуссю
2022.04.09 10:57

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў