Жывы бог, ветэран, але не кароль. Чым запомніўся прынц Філіп – муж каралевы Элізабэт ІІ

Прынц Філіп. Фота: Danny Lawson / PA Images / Forum

9 красавіка Бакінгэмскі палац паведаміў пра смерць мужа брытанскай каралевы Элізабэт ІІ – прынца Філіпа, герцага Эдынбургскага. Згадваем важныя і цікавыя факты пра спачылага.

«З глыбокім смуткам яе міласць каралева паведамляе пра смерць каханага мужа, ягонай каралеўскай міласці прынца Філіпа, герцага Эдынбургскага. Ягоная каралеўская міласць мірна пайшоў з жыцця сёння раніцай ва Ўіндзарскім замку. Далейшыя аб’явы будуць зробленыя ў свой час. Каралеўская сям’я разам з людзьмі па ўсім свеце аплаквае страту», – гаворыцца ў паведамленні на сайце Бакінгэмскага палацу.

Чым жа запомніўся свету спачылы прынц? Згадалі сем цікавых фактаў.

Пражыў амаль 100 гадоў

Прынц Філіп пражыў амаль 100 гадоў. Ён нарадзіўся 10 чэрвеня 1921 года. Пражыў 99 гадоў, 9 месяцаў і 30 дзён. То бок да свайго 100-годдзя не дажыў толькі два месяцы. Паводле працягласці жыцця прынц Філіп быў трэцім чальцом брытанскай каралеўскай сям’і за ўсю гісторыю і першым чальцом сярод мужчынаў.

З будучаю каралевай Элізабэт ІІ, якая маладзейшая за яго на пяць гадоў, ён ажаніўся ў 1947-м. У шлюбе яны былі больш за 73 гады.

Прынц Філіп і каралева Элізабэт ІІ на ферме ў гадавіну свайго шлюбу. Фота: PA / PA Images / Forum

Праваслаўны датчанін з Грэцыі

Прынц Філіп быў унукам грэцкага караля Георга І. Дый нарадзіўся ў Грэцыі – на востраве Корфу. Але ў 1922 годзе каралеўскую сям’ю выгналі з Грэцыі, і ён апынуўся спачатку ў Францыі, а затым і ў Вялікай Брытаніі.

Варта адзначыць, што як грэцкі прынц Філіп быў ахрышчаны ў праваслаўе, але перад шлюбам з будучай англійскаю каралеваю перайшоў у англіканства.

Аднак сам сябе ён грэкам не лічыў і амаль не ведаў грэцкай мовы. Будучы кароль асацыяцаваў сябе з датчанамі, бо менавіта з Даніі паходзіла каралеўская дынастыя Грэцыі, а ягоны дзед Георг І быў сынам дацкага караля Крыст’яна ІХ.

Дынастыя, да якой належаў прынц Філіп паводле нараджэння, называлася Глюксбург. Яе прадстаўнікі і цяпер кіруюць Даніяй і Нарвегіяй. Глюксбургі – бакавая галіна дацка-нямецкага роду Ольдэнбургаў, з якога паходзілі таксама і расейскія імператары – нашчадкі Пятра ІІІ.

Муж каралевы, але не кароль

Прынц Філіп быў вядомым жартаўніком, але сёння ягоны гумар маглі б палічыць чорным. Фота: PA / PA Images / Forum

Нягледзячы на тое, што Філіп быў мужам брытанскай каралевы, сам ён каралём не быў. Замест гэтага ён насіў тытул герцага Эдынбургскага, што ў Шатландыі. Да яго гэты тытул меў прынц Элфрэд, сын каралевы Віктор’і, што кіравала Брытаніяй у 1837–1901 гадах. Цяпер тытул герцага Эдынбургскага перайшоў да сына прынца Філіпа – прынца Чарлза Валійскага.

У абавязкі прынца ўваходзіла дапамагаць сваёй жонцы і суправаджаць яе падчас розных візітаў. Некаторыя візіты ён здзяйсняў і ад свайго імя.

У каралеўскай пары чацвёра дзяцей, восем унукаў і адзінаццаць праўнукаў.

Удзельнік Другой сусветнай вайны

Прынц Філіп у вайсковай форме. Фота: @RoyalFamily / Twitter

Скончыўшы ў 1940 годзе Каралеўскі вайскова-марскі каледж у Дартмуце, прынц Філіп працягнуў службу ў ВМФ Вялікай Брытаніі. Караблі, на якіх ён служыў, бралі ўдзел у абароне марскіх канвояў, бітвах за грэцкі Крыт ды італьянскую Сіцылію, на Ціхім акіяне.

У 1945 годзе ён прысутнічаў пры падпісанні капітуляцыі Японіі. Вайсковую службу прынц скончыў у 1951 годзе ў званні камандэр-лейтэнанта.

Ужо пасля каранацыі жонкі ён атрымаў званні адмірала флоту і фельдмаршала Вялікай Брытаніі, Аўстраліі і Новай Зеландыі ды іншыя званні.

Жывы бог

У гонар прынца Філіп у астраўной краіне Вануату нават узнік рэлігійны культ. Адно з мясцовых плямёнаў лічыла, што сын горнага духу адправіцца аднойчы за мора ў далёкія краі, ажэніцца з велічнаю жанчынай і вернецца да іх. Паколькі Вануату доўгі час было ў складзе Брытанскай імперыі, гэтым легендарным сынам прызналі прынца Філіпа.

Прыхільнікам такога культу прынц Філіп даслаў свае фотаздымкі, якія сталіся своеасаблівымі абразамі для іх.

Прынц Філіп з абарыгенамі Аўстраліі ў 2002 годзе. Фота: Fiona Hanson / PA Images / Forum

Апекаваўся 800 арганізацыямі

Філіп быў заступнікам каля 800 арганізацыяў, найперш тых, якія займаліся пытаннямі аховы наваколля, прамысловасці, спорту і адукацыі, займаў пасаду канцлера ўніверсітэтаў Кеймбрыджу, Эдынбургу, Солфарду і Ўэльсу.

У 1964–1986 гадах прынц Філіп быў прэзідэнтам Міжнароднай федэрацыі коннага спорту, у 1981–1996 гадах – Сусветнага фонду дзікай прыроды.

Кіраваў аўтамабілем да 97 гадоў

Прынц Філіп адышоў ад выканання манаршых абавязкаў 2 жніўня 2017 года. Але кіраваць аўтамабілем не адмовіўся. Вынікам гэтага стала аварыя, у якую ён трапіў 17 студзеня 2019 года. Тады пацярпелі двое чалавек, але справу супраць прынца заводзіць не сталі. На вялікіх дарогах яго больш за стырном не бачылі, але каля каралеўскага палацу ён ездзіў яшчэ ў красавіку 2019-га.

Прынц Філіп наказаў правесці адпяванне ў капліцы святога Юрыя і пахаванне ў садах Фрогмару каля Ўіндзарскага каралеўскага замку.

Каралева Элізабэт ІІ і прынц Філіп у Лондане ў 2014 годзе. Фота: Chris Jackson / PA Images / Forum

МГ belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны