За каву ў «McDonald’s» адна спадарыня атрымала штраф, а другая – 15 содняў


Суд.
Фота: Белсат

Сёння, 9 красавіка, у судзе Фрунзенскага раёну разгледзелі справу супраць Вікторыі Лабасавай. Жанчыну затрымалі 27 сакавіка разам з сястрою Дар’яй Бурдзейкай падчас хапуна на вуліцы Сурганава, паведамляе «Вясна».

Спадарыні пілі каву ў «McDonald’s» на летняй тэрасе. Да іх падышлі міліцыянты і папрасілі паказаць дакументы, якіх яны з сабою не мелі. Іх затрымалі. Сясцёр адвезлі ў розныя РУУС і склалі пратаколы за пікетаванне ў групе 15 асобаў.

Пазней Вікторыю выпусцілі, бо ў яе ёсць няпоўнагадовы сын, а Дар’ю перавезлі ў ІЧУ.

Сёння Вікторыя прыйшла ў суд па позве, ейную справу разглядала суддзя Ала Скуратовіч. Паводле ч. 1 арт. 24.23 КаАП суддзя прызначыла Вікторыі штраф 2610 рублёў (90 базавых).

Дарʼю Бурдзейку асудзілі яшчэ 29 сакавіка ў судзе Цэнтральнага раёну. Суддзя Дзмітрый Карсюк арыштаваў яе на 15 содняў.

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў