Суд спыніў справу гарадзенскага БЧБ-гнома


У гарадзенскім судзе адбылося чарговае судовае паседжанне ў справе пра пікетаванне з выкарыстаннем дэкаратыўнага гнома з БЧБ-сцягам. Аднак суддзя спыніў справу ў сувязі з прамінулым тэрмінам прыцягнення да адміністратыўнай адказнасці.

Дэкаратыўны гном з БЧБ-сцягам, якога прынялі за факт пікетавання.
Фота: Hrodna.life

У Кастрычніцкім судзе Горадні 8 лютага пачаўся разгляд справы за адзіночны пікет з дапамогаю мяккай цацкі – гнома.

Сям’я Ярашаў да зімовых святаў упрыгожыла сваю кватэру святочнымі лялькамі, адна з іх – гном – быў з БЧБ-сцяжком, які стаяў заўсёды пад ялінкаю. Прыбіраючы ялінку, гнома часова паставілі на вакно.

Праз пэўны час праўладная актывістка «Инфоспецназа» Вольга Бондарава, што займаецца выяўленнем нацыянальнай сімволікі ў Горадні, ішла міма, заўважыла гнома з нацыянальным сцягам на вакне аднаго з дамоў. Яна зрабіла здымак і выклікала нарад міліцыі, што і стала падставаю складання пратаколу за несанкцыянаванае масавае мерапрыемства (арт. 23.34 КАаП РБ) на галаву сямʼі Юрыя Яраша. Аднак суд вярнуў справу на дапрацоўванне.

Юрый і Таццяна Ярашы на судзе.
Фота: Белсат

Сёння, 9 красавіка, адбылося чарговае судовае паседжанне. Суддзя Валерый Шпак спыніў справу з прычыны сканчэння тэрміну правапарушэння. Сямʼю Ярашаў прыйшлі падтрымаць каля 10 гарадзенцаў. Юрый прыйшоў у суд у майцы з выяваю таго самага гнома, ззаду якой было напісана «Гаспадар гнома».

Гарадзенцы прыйшлі падтрымаць сям’ю Ярашаў на судзе.
Фота: Белсат

Сумнавядомая Бондарава, якая была сведкаю ў справе, на суд так і не зʼявілася.

АД, belsat.eu

Стужка навінаў