Незалежныя беларускія прафсаюзы атрымалі прэмію імя Артура Свэнсана


Міжнародную прэмію імя Артура Свэнсана за абарону правоў прафсаюзаў у 2021 годзе ўручаць незалежнаму прафсаюзнаму руху ў Беларусі, рэпрэзентаванаму Беларускім кангрэсам дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) і яго сяброўскімі арганізацыямі.

«Яны атрымліваюць узнагароду за сваю бясстрашную барацьбу за дэмакратыю і асноўныя правы прафсаюзаў у перыяд апошняй дыктатуры Еўропы», – сказана ў звароце.

Узнагароду заснаваў нарвежскі прафсаюз «Industri Energi», сяброўскай арганізацыяй «IndustriALL», і ўключае ў сябе як грашовую прэмію, так і падтрыманне прафсаюзных праектаў.

У заяве камітэту ў справе прысуджэння прэміі гаворыцца:

«Беларусь лічыцца адною з найгоршых краінаў у свеце ў справе парушэння правоў работнікаў. Праваабарончыя арганізацыі цягам многіх гадоў выказвалі глыбокую заклапочанасць парушэннямі правоў чалавека ў краіне. Нягледзячы на спробы рэжыму Лукашэнкі ўзяць пад кантроль незалежныя прафсаюзы і ўскладніць набор, арганізацыю і рэгулярную прафсаюзную дзейнасць, яны ніколі не здаваліся і працягвалі працаваць на сваіх сябраў».

Працаўнікі розных прадпрыемстваў па ўсёй Беларусі выйшлі на акцыі салідарнасці, 14 жніўня 2020 года.
Фота: АВ / Vot Tak TV / Белсат

Таксама ў паведамленні сказана, што пасля прэзідэнцкіх выбараў сітуацыя ў краіне пагоршылася, аднак незалежны прафсаюзны рух заняў цэнтральнае месца ў барацьбе з фальсіфікацыяй вынікаў выбараў і ў барацьбе за дэмакратыю: адбылася хваля забастовак, акцыяў і дэманстрацыяў з патрабаваннем адмяніць вынікі выбараў і вызваліць усіх палітычных вязняў.

«Забастоўкі і дэманстрацыі былі сустрэтыя тэрорам, масавымі арыштамі і катаваннямі. Шэраг прадстаўнікоў прафсаюзаў і актывістаў былі звольненыя з працы, шмат хто апынуўся ў турме або быў вымушаны ўцякаць з краіны. Офісы прафсаюзаў зазналі ператрусы і былі зачыненыя. Тым не менш прафсаюзы БКДП набралі новых членаў, сфармавалі новыя мясцовыя прафсаюзы і працягнулі барацьбу. Гэта будзе мець вызначальнае значэнне для падзення рэжыму Лукашэнкі ўрэшце», – сказана ў звароце камітэту.

Сёлета праз Covid-19 цырымонія ўзнагароджання адбудзецца онлайн 16 чэрвеня і будзе даступная для ўсіх.

АД, belsat.eu

 

Стужка навінаў