Міліцыя не дала правесці першай сустрэчы прадстаўнікам партыі «Разам»


Міліцыя не дала правесці сустрэчы «Разам» у Маладзечне.
Фота: РГ

Учора, 8 красавіка, у Маладзечне мелася адбыцца першая сустрэча каманды партыі «Разам», якую плануюць стварыць удзельнікі штабу Віктара Бабарыкі, з мясцовымі жыхарамі, паведамляе Рэгіянальная газета.

Сустрэча не адбылася ў запланаваным фармаце, бо, як тлумачаць прадстаўнікі штабу, «паўстала непаразуменне з боку прадстаўнікоў МУС».

Перад сустрэчаю сябра каманды партыі «Разам» Максім Баграцоў кансультаваўся з кіраўніцтвам мясцовага РАУС і «дасягнуць паразумення ў справе статусу нашага мерапрыемства гэтым разам не атрымалася», расказалі прадстаўнікі штабу.

Валанцёры пачалі сустрэчу з прыблізна дзесяццю маладзечанцамі, аднак у памяшканне прыйшлі работнікі Маладзечанскага РАУС і заявілі, што акцыя несанкцыянаваная і трэба разысціся. Затрыманняў не было.

«Праца над арганізацыяй сустрэчаў у гарадах Беларусі працягваецца, досвед Маладзечна будзе ўлічаны пры рыхтаванні наступных сустрэчаў», – паведамілі прадстаўнікі штабу.

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў