Краіны Еўразвязу падалі свае прапановы адносна чацвёртага пакету санкцыяў


Еўрапейскі Звяз рыхтуецца прыняць чацвёрты пакет санкцыяў супраць беларускіх чыноўнікаў і тых, хто бярэ ўдзел у парушэннях правоў чалавека ў Беларусі.

Фота: eurasia.expert

Дарадца Святланы Ціханоўскай у міжнародных пытаннях Франак Вячорка распавёў у сваім тэлеграм-канале, што ўчора, 8 красавіка, краіны Еўразвязу падалі свае прапановы адносна чацвёртага пакету санкцыяў. У панядзелак, 12 красавіка, мае адбыцца дыскусія адносна асобаў і кампаніяў, якія туды трапяць. Пасля гэтага праз тыдзень–два санкцыі могуць быць абвешчаныя.

Паводле Вячоркі, плануюць разгледзець 197 прозвішчаў і некалькі дзясяткаў кампаній.

Аднак дарадца дадаў: каб санкцыі былі прынятыя, усе краіны ЕЗ павінны на гэта пагадзіцца. Таму фінальны спіс можа быць прыкметна карацейшы.

«Сёння рэжым Лукашэнкі – у сусветных лідарах па колькасці санкцыяў, уведзеных супраць яго. І тут няма чым ганарыцца», – кажа дарадца.

Паводле Франака Вячоркі, цяпер пад міжнароднымі санкцыямі ўжо 327 імёнаў. Гэта агульная лічба людзей у санкцыйных спісах Еўразвязу, Балтыйскіх краінаў, ЗША, Канады, Швейцарыі.

АД, belsat.eu

Стужка навінаў