Кацярына Андрэева, Дар'я Чульцова і Кацярына Барысевіч – лаўрэаткі прэміі імя Алеся Ліпая


Журналісткі Дар’я Чульцова, Кацярына Барысевіч і Кацярына Андрэева сталіся лаўрэаткамі прэміі «Гонар журналістыкі» імя Алеся Ліпая.

Прэмію заснавала інфармацыйная кампанія БелаПАН у гонар свайго кіраўніка Алеся Ліпая, які памёр у 2018 годзе. Цяпер штогод 9 красавіка (у дзень народзінаў Ліпая) уручаюць прэмію за прафесійныя дасягненні і грамадзянскія дзеянні, якія спрыяюць развіццю медыйнага рынку і станаўленню Беларусі як дэмакратычнай дзяржавы.

Дыпломы прэміі для журналістак «Белсату» Кацярыны Андрэевай і Дар’і Чульцовай. Менск, Беларусь. 9 красавіка 2021 года.
Фота: ТК / Белсат

Журналісткі «Белсату» Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова былі затрыманыя 15 лістапада 2020 года за стрым з жорсткага разгону падчас акцыі памяці Рамана Бандарэнкі і разбурэння сілавікамі народнага мемарыялу. Кацярыне і Дар’і выставілі абвінавачанне паводле ч. 1 арт. 342 («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак») КК. 18 лютага 2021 года суд Фрунзенскага раёну Менску пакараў Кацярыну і Дар’ю двума гадамі пазбаўлення волі ў калоніі. У жодзінскай турме Дар’ю і Кацярыну паставілі на прафілактычны ўлік як асобаў, «схільных да экстрэмізму і іншых дэструктыўных дзеянняў».

Журналістка TUT.by Кацярына Барысевіч была затрыманая 19 лістапада 2020 года. Падставаю для пераследу зрабіўся апублікаваны 13 лістапада артыкул, дзе на падставе медычных дакументаў распавядалася, што ў крыві забітага Рамана Бандарэнкі не было алкаголю. 2 сакавіка суддзя Святлана Бандарэнка пакарала журналістку Кацярыну Барысевіч рэальным тэрмінам – 6 месяцаў калоніі – і штрафам 2900 рублёў.

Партрэт Алеся Ліпая – журналіста і паэта, заснавальніка інфармацыйнай кампаніі БелаПАН. Менск, Беларусь. 9 красавіка 2021 года.
Фота: ТК / Белсат

Кацярына Барысевіч, Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова прызнаныя палітвязнямі.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў