Гісторык: Справа «за генацыд» – палітычная маніпуляцыя на памяці ахвяраў вайны


Генеральная пракуратура распачала крымінальную справу па факце генацыду насельніцтва Беларусі ў гады Другой сусветнай вайны і ў пасляваенны перыяд, заявіў генпракурор Андрэй Швед.

Чаму пракуратура зацікавілася такімі пытаннямі менавіта цяпер, «Белсат» спытаў Аляксандра Фрыдмана, доктара навук, гісторыка, навуковага працаўніка Інстытуту еўрапейскай этналогіі Берлінскага ўніверсітэту імя Гумбальта.

– З пачатку нацысцкай акупацыі Беларусі мінула ўжо 80 гадоў. Чаму пракуратура існага рэжыму раптам узялася за гістарычную тэму?

Аляксандр Лукашэнка прыйшоў да ўлады ў 1994 годзе. У той час яшчэ былі людзі, якія здзейснілі злачынствы на тэрыторыі Беларусі і супраць якіх магчыма было выставіць абвінавачанні. Ці цікавіліся ўлады тады гэтаю тэмаю? Не! Сёння ж зусім іншая палітычная кан’юнктура, і гістарычныя тэмы выкарыстоўваюцца ў палітычнай ды прапагандысцкай барацьбе з пратэставым рухам.

– А чаму ўлада выкарыстоўвае менавіта гэтую тэму?

– А яна мае іншыя сурʼёзныя гістарычныя тэмы? З якой тэмы яны б ні пачыналі, скончаць абавязкова вайной, а дакладней – «паліцаямі пад бел-чырвона-белымі сцягамі». Дзяржаўны бок не разумее, што беларусаў усё менш цікавіць эпоха вайны. Яны ўпэўненыя, што ваенны перыяд найлепш знаёмы насельніцтву, выклікае моцныя эмацыйныя пачуцці, а значыць, і найлепш пасуе для прапагандысцкіх маніпуляцыяў.

Hавiны
Апублікаваныя фота лагеру для пратэстоўцаў. Пад Слуцкам хацелі прыняць 2000 чалавек
2021.01.26 11:58

– Якім чынам адбываюцца маніпуляцыі гісторыяй і ахвярамі вайны?

– За апошнія месяцы ўлады стварылі досыць прымітыўны вобраз вайны: Лукашэнка і ягоныя прыхільнікі ўвасабляюць сабою дабро, яны гістарычныя спадкаемцы чырвонаармейцаў, савецкіх партызанаў і падпольшчыкаў, а таксама ахвяраў вайны. Сёння яны змагаюцца супраць зла, то бок супраць «пратэстуноў» – гістарычных спадкаемцаў калабарантаў за часоў вайны. А хто за спінамі «пратэстуноў»? Калектыўны Захад, перш за ўсё, Польшча з Літвою, то бок спадкаемцы нацыстаў.

– Можа быць, заводзіць такую справу ўжо позна?

– Калі б пракуратура жадала знайсці і пакараць злачынцаў, то, ясна, што ўжо позна. Вайна скончылася 76 гадоў таму. Пракуратура робіць выгляд, што расследаваннем злачынстваў на тэрыторыі Беларусі раней не займаліся. А што ж тады рабіў савецкі бок за апошні перыяд вайны і адразу пасля яе сканчэння? А нямецкая юстыцыя – і ў ФРГ, і ў ГДР?

– Генпракуратура збіраецца звярнуцца ў Нюрнбэрг. А што гэта можа даць?

Пракуратура хоча атрымаць матэрыялы з ФРГ. А не прасцей было б адчыніць архівы КДБ і дазволіць гісторыкам пазнаёміцца з матэрыяламі расследаванняў, якія савецкая дзяржбяспека рабіла ў 1960-я і 1970-я гады па запытах з ФРГ і ГДР?

Пракуратура збіраецца шукаць дакументы Нюрнбэргскіх працэсаў у Нюрнбэргу. Так, працэсы адбываліся ў Нюрнбэргу. Але шукаць дакументы трэба ў Інстытуце сучаснай гісторыі ў Мюнхене. Калі б беларускіх пракурораў сапраўды цікавілі гэтыя дакументы, дык яны ўжо напэўна ведалі б пра гэтую акалічнасць, а не збіраліся ў падарожжа ў Нюрнбэрг.

Інтэрв’ю
«Прапаганда перасягае межы прыстойнасці». Як рэжым выкарыстоўвае тэму Галакосту ў барацьбе з пратэстоўцамі
2021.03.05 11:29

І яшчэ… У ФРГ існуе Цэнтральнае ведамства ўпраўленняў юстыцыі земляў Нямеччыны для расследавання нацысцкіх злачынстваў. І месціцца яно ў Людвігбсургу. Будзе цікава паглядзець, ці пажадае яно супрацоўнічаць з пракурорамі ад беларускай дыктатуры.

РЛ, belsat.eu

Стужка навінаў