«Фінансаў надта няма». У палітвязня са Жлобіна ўдома засталася цяжарная жонка


У Жлобіне ў аднога з асуджаных удзельнікаў пратэстаў супраць фальсіфікацыі выбараў на волі засталася цяжарная жонка. Самога яго звольнілі яшчэ ўвосень за палітыку, а цяпер праз эканамічныя цяжкасці скарачаюць і маці дзяўчыны. У выніку сям’я апынулася ў цяжкім фінансавым становішчы.

Сяргею Бекарэвічу 25 гадоў. Наступныя 2,5 года ён рашэннем Жлобінскага суда мае правесці за кратамі за тое, што выйшаў бараніць ад фальсіфікацыяў галасы беларусаў. Удома засталася 20-гадовая жонка Юлія.

Проста пад’ехала машына – і забралі

У размове з карэспандэнтам «Белсату» дзяўчына распавяла, што ўвечары 9 жніўня працавала дапазна, а Сяргей тады пайшоў на мітынг.

Сяргей і Юлія Бекарэвічы. Фота з сямейнага архіву

«Стаяў у счэпцы. Нікога не біў. Палкамі і камянямі не кідаўся. Проста стаяў. Недзе каля паловы на другую ночы мы сустрэліся і пайшлі дадому», – адзначыла яна.

На наступны дзень, 10 жніўня, Сяргей пасля працы пайшоў на вакзал праводзіць свайго брата на цягнік. І тады яго затрымалі першы раз.

«Проста пад’ехала машына, і яго забралі. Пасадзілі на 15 содняў. Але ён адседзеў толькі двое содняў у нас, у Жлобіне, і яшчэ двое содняў – у гомельскім СІЗА. Сяргей распавядаў, што ў Гомлі яго білі па нагах, але сінякоў не было», – дадала Юлія.

У канцы кастрычніка Сяргея зноў затрымалі. Яго звольнілі з працы за ўдзел у пратэстах, хоць афіцыйна і не «паводле артыкулу», і сказалі прыйсці па працоўную кніжку. Тады яго і затрымалі другі раз.

«Пасадзілі на трое содняў, але ён і іх не адседзеў – выйшаў трошкі раней. Пры гэтым яго здымалі на відэа, распытвалі, што ён рабіў 9 жніўня», – распавяла жонка асуджанага.

Некалькі месяцаў Сяргея не чапалі, а пасля прыйшла позва, у якой паведамлялася, што ён фігурант крымінальнай справы.

Пацярпелы адзін на некалькі справаў

Першае судовае паседжанне адбылося 23 лютага, затым – 4 сакавіка, а 10 сакавіка яму вынеслі прысуд. Судзілі Сяргея Бекарэвіча разам з Андрэем Расулавым. Суддзя Мікалай Сяргеевіч з падачы пракурора Фядорчанкі пастанавіў, што падсудныя ўвечары і ў ноч на 10 жніўня бралі актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, што груба парушылі грамадскі парадак, перашкаджалі працы грамадскага транспарту, выходзілі на праезную частку ў раёне вуліцы Першамайскай, стаялі ў счэпцы. Таксама заклікалі астатніх не падпарадкоўвацца патрабаванням міліцыі, выкрыквалі лозунгі, актыўна супраціўляліся міліцыянтам, кідалі ў іхны бок камяні і бутэлькі, наносілі ўдары па экіпаванні. Пацярпелым выступіў намеснік начальніка Жлобінскага РАУС Дзмітрый Дзядзюн, які ў гэтай жа ролі выступаў і ў ранейшых працэсах у Жлобіне.

Hавiны
У Жлобіне вынесеныя два прысуды ўдзельнікам жнівеньскіх пратэстаў
2021.03.10 17:19

Хоць на судзе абодва абвінавачаныя раскаяліся ва ўчыненым, паводле артыкулаў 342 («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх») і 364 («Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні працаўніка органаў унутраных справаў») Крымінальнага кодэксу Сяргея Бекарэвіча асудзілі на 2,5 года зняволення ў калоніі агульнага рэжыму, Андрэя Расулава – на тры.

Да абвяшчэння прысуду Сяргей Бекарэвіч быў на волі. Пад варту яго ўзялі ў зале суда пасля абвяшчэння выраку. Цяпер справа – на апеляцыі ў Гомельскім абласным судзе.

Супольнаю заяваю беларускіх праваабарончых арганізацыяў абодва асуджаныя 23 сакавіка былі прызнаныя палітычнымі вязнямі.

Не скараціць, а дадаць

На волі ў Сяргея засталася цяжарная жонка. Але, мяркуе Юлія, гэта ніяк не паўплывала на прысуд. На ейную думку, хутчэй, не Сяргею скарацілі тэрмін, а дадалі яшчэ паўгода Андрэю – іншаму асуджанаму разам з ім.

Сяргей і Юлія Бекарэвічы. Фота з сямейнага архіву

«Усім астатнім паводле гэтых жа артыкулаў у нас таксама давалі 2,5 года. Была падобная сітуацыя і нядаўна: маладзёну, у якога ёсць малое дзіця, далі два гады і шэсць месяцаў, а таму, каго судзілі з ім і ў каго няма малых дзяцей, – тры гады. Нібыта проста дадалі ні за што паўгода», – распавяла жонка палітычнага вязня.

Юлія цяпер у адпачынку, пасля якога адразу сыдзе ў дэкрэт:

«Грошай у мяне асабліва не будзе. Я жыву з мамай, а яе скарачаюць. Яна шукае новую працу. Фінансаў надта няма».

Грошы, сярод іншага, патрэбныя, каб аплаціць працу адваката ў 2021 годзе. Дапамагчы сям’і можна, пералічыўшы сродкі на картку Беларусбанку:

4255 1901 2401 4286 да 02/24

Адрас для ахвяраванняў у біткойнах: 13QK6PRNLpgv9dA1yi3cuJ3Ndrn72gUP7X.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў