Беларусь – не прыярытэт для Еўразвязу. Інтэрв’ю з польскім палітолагам Войцехам Каноньчукам


Польшча – галоўны замежны вораг у разуменні Аляксандра Лукашэнкі: чаму так склалася? Як Варшава адкажа на рэпрэсіі супраць лідараў польскай меншасці ў Беларусі? Незаконны кіраўнік Беларусі падзеліцца ўладаю ці будзе канстытуцыйная рэформа? Чаму перамовы паміж рэжымам і дэмакратычнымі сіламі немагчымыя? Чаму рэакцыя ЗША на падзеі ў Беларусі мяккая і дзе беларускае пытанне ў спісе прыярытэтаў? Пра ўсё гэта – у інтэрв’ю Аліны Коўшык з польскім палітолагам Войцехам Каноньчукам, віцэ-дырэктарам польскага ўрадавага Цэнтру ўсходніх даследаванняў.

Польшча цяпер галоўны вонкавы вораг Аляксандра Лукашэнкі?

Так, на жаль. Гэта пачалося не ў апошнія пару дзён або тыдняў. Пачалося ў жніўні летась. Трэба глядзець глыбей, бо барацьба рэжыму Лукашэнкі з беларускімі палякамі пачалася ў 2005 г. Сапраўды, рэжыму Лукашэнкі патрэбны вонкавы вораг. Польшча вельмі падыходзіць для гэтага. На жаль, Польшча ёсць адной з нешматлікіх краінаў у ЕЗ, якая падтрымлівае беларускую грамадзянскую супольнасць з самага пачатку. Гэта вельмі важна для Польшчы, незалежна ад таго, хто там прэм’ер-міністр, якая партыя фармуе ўрад. Тут прыкметная паслядоўная пазіцыя польскай дзяржавы, што са зразумелых прычынаў не падабаецца Лукашэнку. Яму не падабаецца, што Польшча падтрымлівае незалежныя медыі, у тым ліку «Белсат», грамадзянскую супольнасць, студэнцкія праграмы. У тым ліку тое, што ў Польшчы жыве і працуе блогер Сцяпан Пуціла, які таксама адзін з асноўных ворагаў рэжыму Лукашэнкі. Гэтага ўдару, на жаль, варта было чакаць.

Hавiны
Лукашэнка загадаў распавесці Захаду пра «польскі рэваншызм»
2021.04.06 16:27

Што Польшча можа супрацьпаставіць гэтаму ўдару з боку Лукашэнкі, бо цяпер у закладніках з польскай меншасці пяць чалавек? Мы чакаем, як іх асудзяць. Што можа зрабіць Польшча, каб дапамагчы і дзеячам польскай меншасці, і ўвогуле ўсім беларусам? Мы выдатна разумеем, што рэпрэсіі супраць беларускіх палякаў – гэта толькі частка ўсёй махіны рэпрэсіяў, якая працуе цяпер у Беларусі.

Я згодны, што на сітуацыю ў Беларусі трэба глядзець не толькі праз прызму беларускіх палякаў, бо яны частка грамадства. Удар пайшоў у польскую нацменшасць, таму што яны палякі, а таксама таму, што яны частка грамадзянскай супольнасці Беларусі. Трэба на ўсё глядзець у вялікім кантэксце. Гэты вялікі кантэкст – рэакцыя ЕЗ на падзеі ў Беларусі са жніўня летась. На жаль, хоць ЕЗ і прыняў нейкія санкцыі, я б назваў гэта міні-санкцыямі. Мы маем спіс беларускіх грамадзянаў, не ўязных у ЕЗ, усяго 88 чалавек, і 7 невялікіх кампаніяў, набліжаных да рэжыму. Мы іх лічым гаманцамі рэжыму. Гэта адназначна вельмі мяккі і недастатковы адказ, улічваючы ўсю сур’ёзнасць сітуацыі ў Беларусі. Ці, як назвала гэта ў адным з інтэрв’ю Святлана Ціханоўская, проста насмешка. Я згодны, улічваючы велізарны ўзровень рэпрэсіяў, што гэта насмешка. Тут, вядома, ёсць магчымасць дзеянняў і з боку ЕЗ, і з боку Польшчы.

Артыкулы
Яна кіруецца прынцыпам «калі не я, то хто». Хто такая Анджэліка Борыс – старшыня Саюзу палякаў у Беларусі
2021.04.09 09:15

Што можа зрабіць Польшча? Мы ведаем, што Польшча дагэтуль вельмі ангажавалася ў дапамогу грамадзянскай супольнасці, дапамогу ўцекачам. Але Польшча не ўвяла сваіх уласных санкцыяў. Ці гатовая зараз Польшча ў адказ на гэтыя рэпрэсіі хутка ўвесці значныя санкцыі супраць Аляксандра Лукашэнкі і ягоных паплечнікаў?

У Польшчы ёсць некалькі інструментаў для дзеяння. Па-першае, гэта нацыянальны санкцыйны спіс. Я лічу, што яго трэба ўвесці. Тут прыкладам выступаюць балтыйскія краіны. Там санкцыйны спіс нашмат даўжэйшы за спіс Еўрапейскага Звязу. Першая магчымасць – наколькі магчыма доўгі санкцыйны спіс, які будзе ахопліваць усіх службовых асобаў, што адказваюць за рэпрэсіі супраць беларускага грамадства, у тым ліку беларускіх палякаў. Другая магчымасць будзе больш сур’ёзная для беларускага рэжыму – эканамічныя санкцыі. У Польшчы і ЕЗ ідуць даволі доўгія дыскусіі, наколькі эканамічныя санкцыі дзейсныя і ці трэба іх уводзіць. Я думаю, сітуацыя даўно саспела для таго, што рэжым трэба паспрабаваць пакараць. Некаторыя кажуць: гэта не паўплывае на рэжым, а толькі глыбей штурхне Лукашэнку ў абдымкі Расеі. Калі мы паглядзім на заявы беларускай апазіцыі, той жа Ціханоўскай, яны ўжо даўно апелююць да ЕЗ, каб ЕЗ увёў таксама эканамічныя санкцыі. Такіх заяваў было даволі шмат. Складваецца ўражанне, што беларуская апазіцыя нашмат глыбей разумее сітуацыю і гатовая дзеяць нашмат больш рашуча, чымся ЕЗ. Польскія дзеянні будуць залежаць ад сітуацыі ў Беларусі. Мне здаецца, што даўно з’явілася нагода ўвесці сур’ёзныя захады.

Мы даведаліся, што Марыі Цішкоўскай [дырэктарцы грамадскай школы пры Саюзе палякаў у Ваўкавыску – заўв. рэд.] выставілі абвінавачванне паводле арт. 130 КК за рэабілітацыю нацызму і распальванне нацыянальнай варожасці. Як вы пракаментуеце гэтае абвінавачванне?

Любы аўтарытарны рэжым, калі ён хоча кагосьці пакараць, то ён пакарае. Падстава заўсёды знойдзецца. Мы бачым у стасунку да беларускіх палякаў і беларускага грамадства бязмежжа, беспрэцэдэнтныя рэпрэсіі, іх можна параўноўваць толькі з тым, што было ў часы СССР. Гэтая неардынарная сітуацыя на межах ЕЗ патрабуе неардынарнага адказу з боку ЕЗ.

Аналітыка
Лукашэнка абяцаў: калі стане прэзідэнтам, палякі будуць мець столькі школаў, колькі неабходна. Гісторыя Саюзу палякаў Беларусі
2021.04.05 08:00

Ці рыхтуюцца ў Польшчы санкцыйныя спісы, якія меліся б быць нашмат большымі за агульныя еўрапейскія?

Я не працаўнік МЗС, я такой інфармацыяй не валодаю, але ўлічваючы тое, што было сказана польскімі палітыкамі і прэм’ер-міністрам у апошнія дні, я магу здагадвацца, што такія захады рыхтуюцца.

Анонс санкцыяў ЗША адносна Беларусі, якія досыць адчувальнымі павінны стаць, калі ўступяць у дзеянне, – гэта ў тым ліку ў пэўным сэнсе заслуга ліста польскага прэзідэнта Анджэя Дуды, які звярнуўся па дапамогу да амерыканцаў, каб развязаць сітуацыю з беларускімі палякамі?

Я з цікавасцю назіраю за амерыканскаю палітыкай у адносінах да Беларусі, таму што яна пакуль вельмі асцярожная. Калі мы параўнаем з рэакцыяй ЗША на выбары ў Беларусі ў 2010 г., калі Злучаныя Штаты даволі хутка ўвялі не толькі візавыя санкцыі, але і эканамічныя санкцыі. Доўга мелі санкцыі на экспарт беларускіх нафтапрадуктаў. Але ў апошнія месяцы рэакцыя ЗША даволі мяккая. Можна спытаць, дзе прычына гэтага мяккага падыходу Вашынгтону? Трэба ўлічваць унутраны кантэкст у ЗША. Там былі выбары, цяпер ідзе фармаванне новай адміністрацыі, а гэта заўсёды займае некалькі месяцаў. Амерыканскі амбасадар прызначаны, але яшчэ не прыехаў у Менск і, можа быць, не прыедзе. Улічваючы непрыемныя каментары беларускага МЗС на заявы амерыканскіх дыпламатаў, я б сказаў, што амерыканская дыпламатыя разлічвае на больш сур’ёзныя дзеянні ў дачыненні рэжыму. Я гэтага не ведаю, але магу здагадвацца. Тое, што польскі прэзідэнт спрабуе мабілізаваць нашых амерыканскіх сяброў для супольных дзеянняў, я лічу гэта правільным. Я лічу, што трэба дзеяць салідарна ў абарону ўсіх, хто цярпіць ад рэжыму.

ВІДЭА
Лукашэнка рыхтуецца да гандлю закладнікамі. Ці магчымая поўная ізаляцыя Беларусі?
2021.04.02 21:33

Давайце паглядзім на Крэмль. Паводле заяваў Сямашкі, да канца красавіка маюць быць падпісаныя ўсе дарожныя інтэграцыйныя мапы, нават тыя, якіх Лукашэнка доўга не хацеў падпісваць. Ці азначае гэта, што паўзучая анексія не спыняецца?

Я не ўпэўнены, што мапы будуць падпісаныя. Такіх заяваў у апошнія гады было шмат з боку беларускіх уладаў, што ўсё гатова. Мы гэта чуем даволі доўга. Давайце пачакаем. Расея імкнецца прывязаць Беларусь яшчэ мацней да сябе, гэта зразумела. Стварыць інстытуты – таксама зразумела. Гэта палітыка, якую мы назіраем апошнія 20 і больш гадоў. Мэта расейскай дыпламатыі ў адносінах да Беларусі цалкам зразумелая. Але мы ведаем, што Лукашэнка не гатовы падпісваць дарожных мапаў, у першую чаргу апошняй, якая мае на ўвазе інстытуцыйную інтэграцыю. Я думаю, што ён будзе спрабаваць супраціўляцца, але, з іншага боку, карты ў яго слабыя. Ён заўсёды спрабаваў сур’ёзна гуляць з РФ. У яго гэта выходзіла, але ў апошнія месяцы ягоная пазіцыя нашмат слабейшая, у яго няма манеўраў у вонкавай палітыцы, беларуска-заходнія адносіны замарожаныя. На нейкі новы дыялог разлічваць не варта. Расея будзе спрабаваць цягнуць Беларусь усё мацней у розныя інтэграцыйныя працэсы, гэта зразумела. І што Лукашэнка будзе супраціўляцца – таксама зразумела.

ВІДЭА
Лукашэнка агучыў новы хітры план захавання ўлады. Што ён азначае?
2021.04.02 14:51

Вы верыце ў словы Лукашэнкі, што ён гатовы падзяліцца ўладаю, што падзеліць свае паўнамоцтвы, што будзе канстытуцыйная рэформа? Што гэта – рэальная ахвота нешта змяніць у краіне, бо мы разумеем, што няма выйсця? Ці гэта чарговая дэмагогія?

Гэта чарговая дэмагогія, чарговы блеф. Ён не зацікаўлены ні ў якой перадачы паўнамоцтваў парламенту і ўраду. У яго адна мэта – застацца пры ўладзе ўсімі спосабамі. З самага пачатку так званая канстытуцыйная рэформа была блефам Лукашэнкі, ён спрабаваў гуляць на час, спрабаваў падмануць грамадства. Ён не гатовы дзяліцца сваймі прэзідэнцкімі паўнамоцтвамі.

На мінулым тыдні адбыліся тэлефонныя перамовы Ангелы Мэркель, Эманюэля Макрона і Уладзіміра Пуціна. У гэтай размове адным з пытанняў была Беларусь. Заходнія лідары спрабавалі давесці Пуціну неабходнасць перамоваў у справе Беларусі, на што Пуцін сказаў, што ён супраць вонкавага ўмяшання ў справы Беларусі. Ці лічыце вы, што пытанне перамоваў бліжэйшым часам зрушыць з мёртвай кропкі?

Не думаю. Гэта не першы званок ад заходніх лідараў да Пуціна. Расеі, вядома, падабаецца, што заходнія лідары размаўляць пра Беларусь з Пуціным. Я не лічу, што хтосьці гатовы на сур’ёзныя перамовы ні ў Расеі, ні тым больш у Беларусі. Таксама я не думаю, што пытанне Беларусі – прыярытэт для ЕЗ. Як ні страшна гэта прагучыць, але ў ЕЗ столькі сур’ёзных унутраных і вонкавых праблемаў, што, на жаль, пытанне Беларусі застаецца ў доўгім спісе недзе бліжэй да канца. Гэта песімістычна, але рэалістычна. Ніякіх перамоваў, вядома, не будзе.

Інтэрв’ю выйшла ў праграме «ПраСвет» 01.04.2021

 

Стужка навінаў