Вайна ва Украіне. Падсумоўваем падзеі апошніх двух дзён


«Белсат» падводзіць вынікі двух апошніх дзён поўнамаштабнай вайны, якую распачала Расея ва Украіне. Пра галоўныя падзеі 8 і 9 сакавіка чытайце ў нашым аглядзе.

Ва Украіне

Паводле агенцтва ААН па справах бежанцаў, на 9 сакавіка з Украіны выехала больш за 2,1 мільёна чалавек. Большая частка ўкраінскіх уцекачоў накіравалася ў Польшчу – амаль 1,3 мільёна чалавек.

Генштаб Украіны апублікаваў новую статыстыку стратаў расейскіх войскаў. Паводле яе, армія РФ страціла больш за 12 тысяч чалавек.

Па стане на 8 сакавіка страты інфраструктуры Украіны ў выніку расейскага ўварвання склалі 10 мільярдаў долараў. Гэта амаль чвэрць усіх даходаў украінскага бюджэту з 2021 года

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падпісаў закон аб узмацненні адказнасці за дзяржаўную здраду, цяпер за такое злачынства пагражае пажыццёвае зняволенне. Акрамя гэтага цяпер за марадзёрства прадугледжваецца адказнасць у выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад 5 да 10 гадоў.

Генштаб Узброеных Сілаў Украіны паведаміў, што на працягу апошніх содняў расейскія войскі перагрупаваліся для штурму Кіева. Для гэтага яны плануюць задзейнічаць свае найбольш баяздольныя часткі і падраздзяленні.

Таксама паведамляецца, што расейскія войскі не пакідаюць спробаў блакаваць Харкаў з поўначы, але, не маючы значнага поспеху, адначасова наносяць ракетна-бомбавыя ўдары па грамадзянскай інфраструктуры з мэтай запалохвання насельніцтва. Працягваецца бой за горад Ізюм. Супернік наводзіць пантонна-маставыя пераправы праз рэкі Северскі Данец і Бярэка.

Кіраўнік фракцыі «Слуга народу» у Вярхоўнай радзе Украіны Давід Арахамія паведаміў, што за апошнія содні ўдалося эвакуяваць 40 тысяч жанчын і дзяцей з усіх куткоў Украіны.

Фота
Замест дому – матрац у спартзале. Закарпацце прымае перасяленцаў
2022.03.09 19:35

Разам з там расейскія войскі сарвалі эвакуацыю цывільнага насельніцтва з Бучы і Гастомелю. Паведамляецца, што 50 аўтобусаў былі заблакаваныя вайскоўцамі.

9 сакавіка расейцы захапілі ўкраінскае ратавальнае судна «Сапфір» і прымусова скіравалі яго ў Севастопаль. Функцыі камандавання суднам узяў на сябе расейскі капітан. Такія дзеянні кваліфікуюцца згодна з міжнароднымі нормамі як марское пірацтва.

Міністр замежных спраў Украіны Дмытро Кулэба паведаміў, што адзіная лінія электразабеспячэння Чарнобыльскай АЭС і ўсіх яе ядравых аб’ектаў пашкоджана, а станцыя абясточаная. Ён дадаў, што рэзервовыя дызель-генератары забяспечаць работу ЧАЭС і яго абʼектаў на працягу 48 гадзін. Потым адключыцца сістэма ахаладжэння сховішча адпрацаванага ядравага паліва, што будзе пагражаць уцечкай радыяцыі.

У Херсонскай вобласці Расея ўвяла «адміністрацыйна-паліцэйскі рэжым», затрыманыя 400 чалавек

МУС Украіны паведаміла, што палонныя расейскія вайскоўцы будуць працаваць на аднаўленне эканомікі Украіны, у адпаведнасці з Жэнеўскай канвенцыяй.

Беларускія добраахвотнікі стварылі асобны батальён імя Кастуся Каліноўскага для абароны Кіева.

Шчыра кажучы
Які далейшы сцэнар вайны? Міжнародныя эксперты ацэньваюць расклад расейскіх і ўкраінскіх сілаў
2022.03.09 17:02

У Расеі

Мінабароны Расеі прызнала, што ва Украіну адпраўлялі салдат тэрміновай службы.

«На жаль, выявіліся некалькі фактаў прысутнасці вайскоўцаў тэрміновай службы ў частках расейскіх узброеных сіл, якія ўдзельнічаюць у правядзенні спецыяльнай ваеннай аперацыі на тэрыторыі Украіны», – заявіў прадстаўнік Міністэрства абароны Расеі Ігар Канашэнкаў.

У Расеі пачалі адлічваць студэнтаў за ўдзел у акцыях супраць вайны ва Украіне.Так у СПбДУ адлічвае 13 студэнтаў, затрыманых на нядаўніх мітынгах.

У Беларусі

На падлетка з Гомля распачалі крымінальную справу за тое, што ён фатаграфаваў ваенную тэхніку. Паведамляецца, што ў канцы лютага – пачатку сакавіка ён нібыта рабіў здымкі расейскай тэхнікі і адпраўляў іх для публікацыі ў тэлеграм-канале. Падлетка затрымалі і завялі крымінальную справу па ч. 1 арт. 361-4 КК РБ за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці».

Hавiны
Супраць ліцэіста распачалі крымінальную справу за фота вайсковай тэхнікі
2022.03.09 17:30

У свеце

Генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг заявіў, што калі Расея нападзе на каналы пастаўкі зброі Украіне – гэта прывядзе да прымянення артыкула 5 ва ўстаноўчым дагаворы альянсу, у якім гаворыцца, што напад на аднаго члена зʼяўляецца нападам на ўсе 30 краінаў-сябраў NATO.

ЗША адхілілі прапанову Польшчы аб перадачы сваіх знішчальнікаў МіГ-29 на базу ЗША ў Нямеччыне як спосаб папоўніць ВПС Украіны для абароны ад уварвання расейскіх сіл.

Сенат Польшчы аднагалосна прыняў пастанову аб еўрапейскіх памкненнях Украіны. За далучэння Украіны да Еўразвязу выступілі ўсе 93 члены парламенту і заклікалі астатнія краіны ЕЗ праявіць салідарнасць.

Інтэрв’ю
«Я паехаў канчаткова». Салдат расейскай арміі – аб тым, як дэзерціраваў пасля пачатку вайны
2022.03.09 13:15

У Вільні рыхтуюцца прымаць не толькі бежанцаў з Украіны, дзе ідзе вайна, але і з Расеі і Беларусі. Пра гэта паведаміў Мэр Вільні Рэмігіюс Шымашус паведаміў, што ў горадзе рыхтуюцца прымаць не толькі ўцекачоў з Украіны, але і з Беларусі ды Расеі. Паводле яго, жыхары двух апошніх краінаў могуць пачаць ратавацца ад арыштаў ды іншых рэпрэсіяў.

Федэральная пракуратура Германіі пачала расследаванне ваенных злачынстваў Расеі на тэрыторыі Украіны. Генеральны пракурор пры Вярхоўным судзе Германіі Пэтэр Франк адкрыў так званае «структурнае расследаванне».

Абноўлена
Украіна 14-ы дзень абараняе сваю тэрыторыю ад расейскага агрэсара. ОНЛАЙН
2022.03.09 09:33

ВК, belsat.eu

Стужка навінаў