«Самалётаў з валютай больш не будзе». Эканаміст распавёў, чаму Нацбанк увядзе абмежаванні на валюту


Пакуль Аляксандр Лукашэнка працягвае падтрымліваць Расею ў вайне з Украінай, сітуацыя з наяўнай замежнай валютай у Беларусі неўзабаве можа стаць крытычнай. Чаго тут чакаць, «Белсат» разбіраўся з беларускім эканамістам.

Здымак мае ілюстратыўны характар.
Фота: Белсат

9 сакавіка з прэс-рэлізу на сайце Еўракамісіі стала вядома, што Еўрапейскі Звяз сярод іншага ўзгадніў забарону на выдаванне Беларусі банкнотаў еўра. Прычына – падтрыманне рэжымам у Беларусі расейскай агрэсіі супраць Украіны. Не выключаныя аналагічныя крокі і з боку ЗША адносна долараў.

Пры гэтым Цэнтрабанк Расеі ўжо забараніў на паўгода банкам прадаваць наяўную валюту грамадзянам, яе можна толькі мяняць на расейскія рублі. Таксама са сваіх валютных рахункаў грамадзяне РФ могуць здымаць не болей за $ 10 тысяч. Астатнія сродкі можна атрымаць толькі ў рублях.

Hавiны
У Расеі забаранілі продаж замежнай валюты насельніцтву
2022.03.09 10:29

Ці азначаюць новыя еўрапейскія абмежаванні, што і Нацыянальнаму банку давядзецца ісці на аналагічныя з Расеяй крокі? На ўмовах ананімнасці на гэтае пытанне «Белсату» адказаў вядомы беларускі эканаміст.

Эксперт сапраўды чакае, што Беларусь мае прыняць аналагічнае паводле сэнсу рашэнне, якое можа адрознівацца хіба ў дэталях.

«Гэта можа быць ці афіцыйнае распараджэнне Нацбанку, ці вусная рэкамендацыя камерцыйным банкам. Гэта можа быць на іншы тэрмін, на іншыя сумы. То бок, аформлена юрыдычна гэта можа быць розным чынам, але для пакупнікоў валюты і для тых, хто трымае ў беларускіх банках валюту, розніцы не будзе», – адзначыў суразмоўца.

Эканаміст падкрэсліў, што для таго, каб мець валюту ў касах, прадаваць яе або вяртаць уклады, банкі павінныя рэгулярна прывозіць наяўную валюту: наяўныя еўры ідуць з ЕЗ, а наяўныя долары – з ЗША.

«Некалькі разоў у апошнія гады, калі з’яўляліся чэргі ў абменнікі, улады любілі распавядаць, што гэта тэхнічныя цяжкасці. Што наяўнай валюты не хапае праз узрослы попыт, але самалёты з валютай ужо на падлёце. А цяпер розніца ў тым, што гэтых самалётаў з валютаю больш не будзе», – мяркуе эканаміст.

Hавiны
Курсы долара і еўра ў Беларусі дасягнулі чарговага максімуму
2022.03.09 13:31

Калі такія абмежаванні будуць прынятыя, сказаць складана, бо не вядома, колькі ў Беларусі завезена запасаў менавіта наяўнай валюты, як у камерцыйных банках, гэтак і ў Нацбанку.

«Але ў сітуацыі, калі іх папаўняць нельга, рана ці позна яны скончацца. І мне здаецца, што падобнае рашэнне адносна продажу валюты ці зняцця яе з рахункаў можа быць прынятае цягам некалькіх дзён або нават некалькіх найбліжэйшых гадзінаў», – падкрэсліў эксперт.

На ягоную думку, грамадзяне яшчэ могуць паспрабаваць зняць валюту са сваіх рахункаў, іншая рэч – калі і колькі ім выдадуць.

Абноўлена
ЕЗ ухваліў адключэнне трох беларускіх банкаў ад SWIFT і спыняе аперацыі з Нацбанкам
2022.03.09 15:25

ПС belsat.eu

Стужка навінаў