Палонныя расейскія выведнікі выступілі на брыфінгу ва Украіне


Агенцтва «Інтэрфакс-Украіна» зладзіла брыфінг, падчас якога, як сцвярджаецца, выступілі расейскія палонныя выведнікі. Сямёра мужчынаў у форме заклікалі спыніць вайну і папрасілі прабачэння ва ўкраінцаў.

На адмысловым брыфінгу «Інтэрфакс-Украіна» выступілі сямёра мужчынаў у вайсковай форме, якія прадставіліся як Сяргей Галкін, Аляксандр Якаўчук, Сяргей Блажко, Уладзімір Расказаў, Максім Чэрнік, Дзяніс Мікалаеў і Максім Дзям’янаў. Людзі ў форме назваліся вайскоўцамі расейскай арміі, якія служылі паводле кантракту ў выведніцкай роце.

Мужчыны папрасілі прабачэння ва ўкраінскага народу.

«Прабачце за тое, што зайшлі на вашую тэрыторыю. Нашыя ўлады сказалі, што тут нібыта трэба выратаваць насельніцтва ад фашыстаў», – заявіў удзельнік брыфінгу.

«Калі вернемся на радзіму, то пойдзем супраць сваёй улады. Людзі возьмуць зброю ў рукі, каб знішчыць такі ўрад, які сваіх хлопцаў падманам кідае, як гарматнае мяса», – заявіў адзін з удзельнікаў брыфінгу.

Мужчына, які назваўся Дзяніс Мікалаеў, заклікаў Пуціна «спыніць бамбаванне мірнага насельніцтва, дзяцей», каб «нарэшце наступіў мір».

Пасля выступу журналісты змаглі задаць пытанні гэтым людзям. Удзельніца спыталася, што яны адчувалі, калі забівалі маленькіх дзяцей? Адказ на пытанне прагучаў пасля доўгай паўзы. Мужчына заявіў, што гэта насамрэч жахліва, што адбываюцца такія рэчы. Вайскоўцы не хавалі сваіх эмоцыяў і слёзаў.

На пытанне, які лёс чакае расейскіх вайскоўцаў, што выступілі перад міжнароднымі медыямі, яны адказалі, што не ведаюць. Але на прэс-канферэнцыі яны запэўнілі, што выступаюць добраахвотна.

Інтэрв’ю
«Я паехаў канчаткова». Салдат расейскай арміі – аб тым, як дэзерціраваў пасля пачатку вайны
2022.03.09 13:15

УВ belsat.eu

Стужка навінаў