«Мусім аб’яднацца, бо па адзіночцы з гэтым злом не справімся». Як працуе Штаб дапамогі Украіне ў Батумі


З першага дня вайны ва Украіне ў грузінскім горадзе Батумі ўтварылася ініцыятыва дапамогі ўкраінцам, якія застаюцца на радзіме, а таксама ўцекачам. Каманда валанцёраў тут вельмі стракатая – у яе ўваходзяць беларусы, украінцы, грузіны, расейцы, ёсць нават партугальцы. Праца кіпіць, у чым «Белсат» пераканаўся, завітаўшы ў штаб і пагутарыўшы з валанцёрамі.

Штаб дапамогі Украіне ў Батумі.
Фота: Белсат

Украінка Яўгенія: «Уцякала ад вайны на Данбасе, таму разумею, што адчуваюць цяпер мае землякі»

Батумскі Штаб дапамогі Украіне месціцца на другім паверсе старога дому ў цэнтры гораду. Адрас – вуліца Цара Парнаваза (Pharnavaz Mepe), 46. На гаўбцы, які выходзіць на скрыжаванне, – вялізны сцяг Украіны і надпіс на жоўта-блакітным фоне, якога немагчыма не заўважыць.

Калі ўваходзіш у памяшканне, спачатку губляешся ад адчування хаосу – паўсюль скрыні, пакеты, вялізныя мяхі з рэчамі. Адзін з пакояў цалкам імі запоўнены. З пакою ў пакой няспынна ходзяць, нешта носяць. Шумна. Хутка разумееш, што насамрэч тут усё добра адладжана, і кожны робіць сваю працу: нехта сустракае тых, хто прыносіць рэчы, прымае іх, фіксуе, іншы – фасуе вопратку, ежу, медыкаменты, прадметы гігіены ў скрынкі, яшчэ хтосьці ўсё гэта грузіць у машыны, іншыя ў гэты час гатуюць бутэрброды і гарбату для валанцёраў, якія працуюць у штабе ўвесь дзень.

Валанцёры ў Штабе дапамогі Украіне ў Батумі.
Фота: Белсат

Пра працу штабу мы размаўляем з украінкай Яўгеніяй Дэніс. Цяперашняя вайна для дзяўчыны – ужо другая. Ад першай – на Данбасе, Яўгеніі давялося ратавацца 7 гадоў таму. Тады яна разам з сям’ёй пакінула родны Данецк. Бацькі дзяўчыны паехалі жыць у Заходнюю Украіну, а яна сама – у Батумі, які стаў для яе другім домам.

Яўгенія Дэніс, валанцёрка Штабу дапамогі Украіне ў Батумі.
Фота: Белсат

Паколькі Яўгенія сама была ўцякачкай, яна добра разумее, што перажываюць і чаго чакаюць тыя ейныя землякі, якія пакідаюць Украіну цяпер. І таму дзяўчына не змагла застацца абыякавай і адразу далучылася да працы штабу.

– Штаб арганізаваўся імкліва, бо ў гэтым ёсць вялікая неабходнасць, мы не можам заставацца ўбаку, маўчаць і нічога не рабіць, – кажа Яўгенія і распавядае, чым штодня займаюцца валанцёры. – Мы дапамагаем як тым, хто цяпер ва Украіне, так і ўцекачам, якія прыехалі сюды, у Батумі. Збіраем харчаванне, але такое, што можа доўга захоўвацца. Дзіцячае харчаванне. Ёсць вялізны попыт на безлактознае і безглютэнавае харчаванне. Ваду, бо ва Украіне людзі цяпер у літаральна топяць снег на вогнішчах. Кансервы, але з колцам на крышцы, каб можна было лёгка адкрыць. Шмат запытаў на медыкаменты. У першую чаргу ампульныя, вадкія, якія хутчэй дзеюць. Супрацьапёкавыя сродкі. Антыбіётыкі. Бінты, вата, джгуты, кропельніцы, сістэмы для пералівання крыві. Сродкі гігіены. Вопратку таксама, цёплыя шкарпэткі, дзіцячую вопратку, для немаўлят, новую нацельную бялізну.

Збор медыкаментаў у Штабе дапамогі Украіне ў Батумі.
Фота: Белсат
Збор медыкаментаў у Штабе дапамогі Украіне ў Батумі.
Фота: Белсат

Дзеці валанцёраў малююць, каб падтрымаць украінцаў

Яўгенія падкрэслівае, што каманда Штабу аб’ядноўвае розныя нацыянальнасці – аднолькава заангажаваныя ў дапамогу беларусы, украінцы, грузіны.

Расфасаваныя і запакаваныя пасылкі валанцёры вязуць спачатку на адмысловы склад, з якога іх альбо вязуць на самалёт, альбо грузяць у фуры, якія праз Турцыю кіруюцца ва Украіну, у першую чаргу ў заходні рэгіён, на мяжу з Польшчай, дзе цяпер ціха. Там мясцовыя валанцёры размяркоўваюць дапамогу ў залежнасці ад патрэбаў.

Да размовы далучаецца Ірына Горская, таксама ўкраінка. Ірына паходзіць з-пад Харкава, там засталіся ейныя бацькі. У самім Харкаве цяпер – старэйшая дачка.

– Дачка ў самым эпіцэнтры. Жыве так – з кватэры ў бамбасховішча, і так некалькі разоў на дзень, – распавядае жанчына. – З’язджаць ніхто са сваякоў не хоча. Муж дачкі пайшоў у тэрытарыяльную абарону. Гэтак жа і два мае браты. Бацькі дом не хочуць кідаць, і ўвогуле яны ўсе адзін без аднаго не хочуць з’язджаць.

Ірына Горская паказвае дзіцячыя малюнкі на тэму вайны.
Фота: Белсат

Сама Ірына ўжо пяць гадоў жыве ў Батумі.

– Калі 24 лютага мы першы раз выйшлі на мітынг тут, адразу ўтварылася група людзей з Беларусі, Украіны, Грузіі, якія хацелі аб’яднацца і зрабіць нешта, каб дапамагчы Украіне, – распавядае Ірына. – Я далучылася, бо не магла проста сядзець і назіраць.

Ірына ў штабе займаецца расфасоўкай, пакаваннем пасылак. Яна падпісвае скрыні і аддае на адпраўку.

– Людзі далучаюцца да нас штодня, – зазначае жанчына. – Прыходзяць, пакідаюць свае тэлефоны, жадаюць дапамагчы ў сартаванні, пагрузцы, разгрузцы. І вось што хачу яшчэ вам паказаць.

Ірына раскладае перад намі дзіцячыя малюнкі. Сюжэты – вайна, украінскі сцяг, расейскі сцяг у вогнішчы.

– Дзеці, якіх сюды бяруць з сабой бацькі, якія прыходзяць валанцёрыць, таксама ўключаюцца ў дапамогу, – кажа ўкраінка. – Яны пішуць лісты, малююць. Мы ўпакоўваем памперсы з цацкамі, і ў гэтыя пасылкі ўкладаем дзіцячыя малюнкі і лісты са словамі падтрымання, каб падняць людзям настрой, баявы дух.

Малюнкі дзяцей валанцёраў у падтрымку Украіны.
Фота: Белсат
Ліст, напісаны грузінскай школьніцай у падтрымку Украіны.
Фота: Белсат
У скрыні з дапамогай валанцёры ўкладаюць дзіцячыя лісты і малюнкі ў падтрымку Украіны.
Фота: Белсат

Беларуска Кацярына: «Дапамагаючы ўкраінцам, мы дапамагаем і сабе»

Пасля малюнкаў Ірына паказвае нам вялізны сшытак фармату А4 з надпісам «Часопіс эмоцыяў».

– Калі да нас пачалі прыходзіць людзі і дзяліцца сваімі пачуццямі, мы зразумелі, што гэтыя эмоцыі трэба недзе і выказваць, і захоўваць, і мы завялі такі «Часопіс эмоцыяў», дзе людзі пішуць, што ў іх на сэрцы, – распавядае жанчына, гартаючы сшытак. – Нехта піша проста «Слава Украіне!», нехта асуджае, нехта вершы піша. Кожны ахвочы можа пакінуць тут свой допіс.

Часопіс эмоцыяў у Штабе дапамогі Украіне ў Батумі.
Фота: Белсат
Допісы ў Часопісе эмоцыяў у Штабе дапамогі Украіны ў Батумі.
Фота: Белсат

Ірына зазначае, што штаб будзе працаваць столькі, колькі спатрэбіцца.

– Дай Бог, каб вайна хутчэй скончылася, – кажа нашая суразмоўца. – Але нават калі скончыцца, Украіна яшчэ доўга будзе мець патрэбу ў дапамозе. Я сама з Харкава. Мой горад амаль знішчаны. Калі я бачу здымкі адтуль, мне страшна ад таго, ува што ператварылі мой горад, там амаль з нуля прыйдзецца аднаўляць жыццё, і нашая дапамога вельмі прыдасца.

Асобна Ірына падкрэслівае, што вельмі ўдзячная грузінам за падтрымку ўкраінцаў і Украіны.

Пасля размоваў з валанцёркамі-ўкраінкамі нарэшце атрымліваецца выхапіць хоць для кароткай гутаркі Кацярыну Гардзееву – беларуску з Горадні, каардынатарку Штабу дапамогі. Кацярына ўвесь час занятая, сочыць, каб усё было зроблена, усе рэчы былі сабраныя, у час адпраўленыя. Нават падчас нашай размовы да Кацярыны падыходзяць іншыя валанцёры і нешта пытаюцца.

Кацярына Гардзеева, каардынатарка Штабу дапамогі Украіне ў Батумі.
Фота: Белсат

– Гэты штаб быў створаны ў асноўны сіламі беларускай дыяспары, – распавядае дзяўчына. – Беларусаў тут шмат яшчэ з падзеяў 2020 года, і яны заўсёды актыўныя, стараюцца праяўляць пазіцыю, дапамагаць, таму што мы ўсе разумеем, што так мы і самі сабе дапамагаем, бо гэта набліжае нас да вяртання дамоў. Беларусаў на пастаяннай аснове 10–15 валанцёраў, яшчэ на 2–3 гадзіны на дзень прыходзяць некаторыя. Але тут таксама шмат грузінаў, украінцаў, нават партугальцы ё.

«Цяжка перажываць вайну, проста седзячы на канапе і гартаючы навіны»

Кацярына вырашыла ўзяць на сябе каардынацыю штабу, бо ёй было «цяжка перажываць вайну, проста седзячы на канапе і гартаючы навіны».

– Я разумела, што трэба нешта рабіць, але адзінае, што мы можам і мусім зрабіць, – аб’яднацца і дапамагаць разам, бо па адзіночцы мы з гэтым злом не справімся. Таму мы прыходзім сюды, і кожны ў залежнасці ад сваіх магчымасцяў нешта робіць, – кажа беларуска.

Людзі нясуць рэчы ў Штаб дапамогі Украіне ў Батумі.
Фота: Белсат

Штаб пастаянна ў кантакце з украінскай амбасадай у Грузіі, з валанцёрамі ва Украіне, таму мае аператыўную інфармацыю пра патрэбы ў розных гарадах, зазначае Кацярына.

– Сёння мы збіралі асобныя пасылкі для тэрытарыяльнай абароны Адэсы. Да гэтага збіралі медыкаменты для медпунктаў Вінніцы, – распавядае каардынатарка.

Каб даведацца, што ў дадзены момант найбольш патрэбна штабу, Кацярына раіць сачыць за абнаўленнямі ў адмысловым тэлеграм-канале Help_from_Batumi. Ахвочыя дапамагчы могуць пісаць у чат: @volunteers_batumi

Звязацца са штабам можна праз нумар: +995 568 92 92 92.

– Мы штодня там публікуем, у чым маем найбольшую патрэбу, – кажа валанцёрка. – Калі вы захочаце нам дапамагчы, прынесяце медыкаменты, прадукты, вопратку ды іншае ці зможаце дапамагчы а сартаванні рэчаў, напрыклад, мы будзем вельмі ўдзячныя.

Пакеты з рэчамі ў Штабе дапамогі Украіне ў Батумі.
Фота: Белсат

Акрамя дапамогі медыкаментамі, ежай, рэчамі, цяпер у Грузіі можна здаць кроў для Украіны. З 4 сакавіка можна рэгістравацца на адмысловым сайце don.moh.gov.ge ці праз нумар гарачай лініі 1505. У выпадку патрэбы ў крыві з зарэгістраваным чалавекам звяжацца прадстаўнік Міністэрства аховы здароўя Грузіі і запросіць у бліжэйшы пункт пералівання крыві паводле месца рэгістрацыі зарэгістраванага. Гатовыя прадукты крыві будуць адпраўленыя ва Украіну ў выглядзе гуманітарнай дапамогі.

Артыкулы
«Беларус украінцу не вораг. У нас ёсць агульны агрэсар». Як аб’ядноўваюцца беларускія і ўкраінскія дыяспары ў Польшчы
2022.03.08 10:00

ГГ belsat.eu

Стужка навінаў