Morgan Stanley прагназуе, што дэфолт у Расеі адбудзецца ў красавіку


У амерыканскай фінансавай карпарацыі Morgan Stanley прыйшлі да высновы, што дэфолт у Расеі будзе падобны да сітуацыі ў Венесуэле. Пра гэта піша currenttime.tv са спасылкай на Bloomberg.

Паводле Morgan Stanley, дэфолт Расеі адбудзецца ў сярэдзіне красавіка, калі скончыцца 30-дзённы льготны перыяд па доларавых аблігацыях з пагашэннем у 2023 і 2043 гадах.

«Мы лічым дэфолт найбольш верагодным сцэнаром. Ён наўрад ці будзе падобны на звычайны дэфолт. Венесуэла, мабыць, ёсць найбольш прыдатным параўнаннем», – кажуць у Morgan Stanley.

Паводле экспертаў, Расея падобная на Венесуэлу, бо ў яе таксама ёсць значныя нафтавыя актывы, якія «ўступяць у гульню» толькі пасля зняцця санкцыяў. У выпадку дэфолту па аблігацыях і судовага рашэння ёсць рызыка, што крэдыторы атрымаюць доступ да ўсіх актываў, якія ў цяперашні час замарожаныя за межамі Расеі, сярод іх і валютныя рэзервы.

Morgan Stanley адзначае, што існуе нявызначанасць адносна таго, ці змогуць банкі ЗША прымаць купонныя выплаты ад Міністэрства фінансаў РФ.

  • Нарастаючы фінансавы крызіс у Расеі звязаны з расейскім уварваннем ва Украіну і беспрэцэдэнтнымі заходнімі санкцыямі. Пад новую хвалю санкцыяў праз саўдзел у расейскай агрэсіі таксама трапіла і Беларусь.
  • Раней рэйтынгавае агенцтва Fitch панізіла доўгатэрміновы суверэнны крэдытны рэйтынг Беларусі да ССС. Узровень ССС паводле шкалы Fitch азначае: «Істотная крэдытная рызыка. Вельмі нізкі запас трываласці. Рэальная магчымасць дэфолту».
Эканоміка з Чалым
Чалы: Эканамічная паніка зрыне рэжым
2022.03.03 23:00

РР belsat.eu

Стужка навінаў