Дэфолт – не самае страшнае. Наколькі глыбока на дно расейская эканоміка пацягне за сабой беларускую


Эканамічная сітуацыя ў Расеі, якая два тыдні таму напала на Украіну, пагаршаецца з кожным днём. У выніку там нават увялі валютныя абмежаванні, а міжнародныя эксперты прадказваюць хуткі дэфолт РФ. Разбіраемся, што гэта значыць ды наколькі глыбока расейскі вайсковы карабель цягне на дно і эканоміку Беларусі.

27 лютага 2022 года.
Фота: Vot Tak TV / Белсат

«Прадказаць ніхто не можа»

З 9 сакавіка Цэнтрабанк Расеі забараніў на паўгода банкам прадаваць наяўную валюту грамадзянам, яе можна толькі мяняць на расейскія рублі. Таксама са сваіх валютных рахункаў грамадзяне РФ могуць здымаць не болей за $ 10 тысячаў. Астатнія сродкі можна будзе атрымаць толькі ў рублях.

Як заявіў у каментары «Белсату» расейскі эканаміст Дзмітрый Пракофʼеў, рашэнне Цэнтрабанку «цалкам укладваецца ў асновы эканамічнай тэорыі».

«Валюта цяпер у Расеі – дэфіцытны рэсурс, пры гэтым рэзервы ЦБ служаць як забеспячэннем укладаў на рахунках грамадзянаў, так і забеспячэннем рахункаў экспарцёраў, дзе сканцэнтраваныя не дзясяткі тысячаў, а мільярды долараў. Валюты не стае, таму Цэнтральны банк пастараўся збіць ажыятаж на рынку валюты, не даючы людзям яе купляць. Калі зараз дазволіць купляць валюту без абмежаванняў, то курс долара падымецца да такога ўзроўню, што справакуе рэзкі скачок інфляцыі», – адзначыў эканаміст.

«McDonald’s» у Новасібірску. 9 сакавіка 2022 года. Фото: Кирилл Кухмарь / ТАСС / Forum

Эксперт звязвае з гэтым рашэннем і скасаванне ПДВ пры продажы золата насельніцтву. На ягоную думку, «Цэнтральны банк як бы кажа: не купляйце долараў, але калі вам патрэбен ахоўны актыў у складанай эканамічнай сітуацыі, то ўрад прапануе вам купіць золата». Але, адзначыў Дзмітрый Пракофʼеў, долар – значна больш ліквідны актыў, чымся золата, якое затым значна складаней прадаць. Таксама, на ягоную думку, у гэтай сітуацыі ўлады могуць разлічваць, што расейцы могуць накіраваць свае грошы на набыццё не валюты, а расейскіх тавараў.

«Імпартных тавараў няма, іх колькасць на рынку будзе скарачацца. Значыць, давядзецца купляць расейскія. А калі вы будзеце купляць расейскія, то гэта будзе азначаць дадатковы ўкід грошай у эканоміку і павінна падтрымаць занятасць у вытворчым сектары ды падштурхнуць прадпрымальнікаў да інвестыцыяў», – падкрэсліў эканаміст.

Аднак у сувязі з тым, што ў цяперашняй сітуацыі эканоміка вельмі моцна залежыць ад палітыкі, то на рынак уплываюць пытанні палітычнага ўрэгулявання.

«І як сябе будуць паводзіць людзі ў гэтай сітуацыі, прадказаць ніхто не можа», – лічыць Дзмітрый Пракофʼеў.

У выпадку Беларусі – «мякчэй»

Беларускі эканаміст Дзмітрый Крук у каментары «Белсату» заявіў, што ўсе гэтыя рашэнні расейскіх уладаў, «безумоўна, адаб’юцца на Беларусі, але пытанне – як хутка». Рашэнні расейскага Цэнтрабанку – рэакцыя на шматлікія санкцыі ў дачыненні РФ, якія ў выпадку Беларусі выглядаюць «мякчэй».

«У мяне такое адчуванне, што ў беларускіх эканамічных уладаў будзе жаданне спадзявацца, што пакуль не ўсё так дрэнна і што зноў удасца нейкім чынам паміж кропелек прасачыцца. Хутчэй за ўсё, бліжэйшыя дні яны будуць спадзявацца на тое, што першапачатковы момант фінансавай панікі згасне», – адзначыў эканаміст.

Hавiны
«Самалётаў з валютай больш не будзе». Эканаміст распавёў, чаму Нацбанк увядзе абмежаванні на валюту
2022.03.09 16:54

Таму, на думку суразмоўцы, у бліжэйшыя дні рашэнняў, аналагічных расейскім, у Беларусі можа не быць, а замест гэтага будуць прынятыя нейкія прамежкавыя – з надзеяй «лепш перачакаць, раптам стане лепш». Таксама Дзмітрый Крук не выключае, што банкі проста будуць негалосна цягнуць час, калі людзі будуць спрабаваць забраць свае ашчаджэнні.

«Але гэта не азначае, што такога кшталту абмежаванні не могуць быць уведзеныя трошкі пазней – праз некалькі дзён ці тыдняў. Далей ёсць шмат варыянтаў, як будзе развівацца сітуацыя», – мяркуе эканаміст.

Расея блізкая да дэфолту

Таксама міжнародныя фінансавыя структуры ўжо прадказваюць Расеі дэфолт. Гэтак, агенцтва «Fitch» панізіла доўгатэрміновы суверэнны крэдытны рэйтынг Беларусі да ССС – рэальная магчымасць дэфолту. А ў карпарацыі «Morgan Stanley» прыйшлі да высновы, што ён адбудзецца ў сярэдзіне красавіка і будзе падобны да сітуацыі ў Венесуэле.

З вельмі блізкімі перспектывамі дэфолту ў Расеі згодны і Дзмітрый Крук, бо санкцыі ў дачыненні гандлю, фінансавых разлікаў і золатавалютных рэзерваў «кардынальна амаль у адно імгненне змянілі карцінку пра ўстойлівасць Расеі».

«У такіх варунках Расеі выконваць свае абавязкі па даўгах цяжка эканамічна. І вялікія пытанні, ці ёсць у іх такія жаданні. Указ Пуціна пра несяброўскія краіны – гэта ўжо намёк на няпоўнае выкананне сваіх абавязкаў», – адзначыў эканаміст.

А што з Беларуссю?

Але калі ў выпадку РФ дэфолт – гэта даволі блізкая працэдура (месяц ці трошкі больш), то ў Беларусі «на вельмі кароткім гарызонце» сітуацыя выглядае трошкі лепш – зноў жа праз больш нізкі і менш інтэнсіўны маштаб санкцыяў. Дзмітрый Крук мяркуе, што ўлады Беларусі будуць спрабаваць стварыць і захоўваць «астравок стабільнасці». Але, на яго думку, у іх «няма разумення, што сітуацыя і палітычная, і эканамічная змянілася кардынальна, і ўсе ранейшыя падыходы наўрад ці будуць працаваць».

Государственный флаг Беларуси, красно-зеленый флаг
Сувенірны сцяг Беларусі ў гандлёвым доме «На Нямізе». Менск, Беларусь. 20 лютага 2022 года.
Фота: Белсат

«Вось гэтае стаўленне да рэчаіснасці, плюс нейкі запас рэзерваў, трохі паляпшае сітуацыю ў Беларусі ў дачыненні выканання сваіх абавязкаў. На сакавік – красавік дзесьці каля $ 550 мільёнаў трэба выплаціць. Гэта, безумоўна, вялікія сродкі, але нельга сказаць, што непад’ёмныя. Таму наўпроставы дэфолт пакуль не настолькі верагодны, як у Расеі», – падкрэсліў эканаміст.

Але ў больш далёкай перспектыве пры ўмове захавання сённяшняй сітуацыі Беларусь можа прыйсці да «таго ж выніку, што і Расея». Асабліва, калі будуць новыя санкцыі.

«Але калі нават гэтага не будзе, цяперашняе эканамічнае пагаршэнне паўплывае і на рэзервы, і на стан рахунку плацежнага балансу. Усё гэта будзе пагаршаць магчымасць выконваць свае абавязкі. Таму ў выпадку Беларусі дэфолт – гэта, хутчэй, не пытанне тыдняў ці месяцаў-двух, як у выпадку Расеі. Але на гарызонце года, калі штосьці істотна не зменіцца ў палітычнай сітуацыі, вынік будзе прыблізна той сама», – заключыў Дзмітрый Крук.

І без яго стае праблемаў

Пры гэтым, паводле эксперта, баяцца трэба не столькі «страшнага слова «дэфолт», колькі скарачэння заробкаў, страты працы і росту коштаў амаль на ўсе харчы:

«Дэфолт я б паставіў на пятае-шостае месца ў ліку пагрозаў. І без яго стае праблемаў. Яго разбуральны патэнцыял значна меншы, бо мы неістотна ўбудаваныя ў міжнародныя фінансавыя рынкі».

Дзмітрый Крук дадаў, што ўсе наступствы, якія звычайна асацыююцца з дэфолтам, ужо і так адбываюцца ў Беларусі.

ПС belsat.eu

Стужка навінаў