Чарнобыльскую АЭС цалкам абясточылі. Існуе пагроза радыеактыўнага выкіду


«Укрэнерга» паведамляе, што Чарнобыльская АЭС абясточаная праз дзеянні расейскіх вайскоўцаў.

«Баявыя дзеянні працягваюцца, што цяпер робіць немагчымымі рамонтныя працы і аднаўленне энергасілкавання. «Укрэнерга» маніторыць сітуацыю і будзе інфармаваць аб усіх зменах», – гаворыцца ў паведамленні «Укрэнерга».

Прэс-служба «Энергаатаму» паведамляе, што ў сховішчы адпрацаванага ядравага паліва застаецца каля 20 000 адпрацаваных паліўных зборак.

«Яны маюць патрэбу ў пастаянным астуджэнні, якое магчымае толькі пры наяўнасці электразабеспячэння. Калі яго не будзе, помпы не будуць працаваць на астуджэнне.

У выніку ўзрасце тэмпература ў басейнах вытрымкі, будзе награванне і выхад радыеактыўных рэчываў у навакольнае асяроддзе. Ветрам радыеактыўнае воблака можа быць перанесенае ў іншыя рэгіёны Украіны, Беларусі, Расеі, Еўропы», – гаворыцца ў паведамленні.

Акрамя таго, не будзе працаваць вентыляцыя на абʼекце. Увесь персанал, які застаецца там, атрымае небяспечную дозу выпраменьвання.

Таксама не працуе сістэма пажаратушэння. Гэта вялізная рызыка ў выпадку пажару, які можа адбыцца ў выніку трапляння снараду.

«Цяпер прадаўжаюцца баявыя дзеянні, што робіць немагчымым правядзенне рамонтных працаў і аднаўленне энергасілкавання», – падкрэсліваюць у «Энергаатаме».

Абясточаны таксама горад Славуціч.

Hавiны
Расейцы «абудзілі» Чарнобыль: хто цяпер адказны за бяспеку ЧАЭС
2022.02.26 15:05

Нагадаем, Чарнобыльская АЭС была захопленая расейскімі вайскоўцамі, якія ўварваліся ва Украіну з тэрыторыі Беларусі.

РР belsat.eu

Стужка навінаў