«Адрубаюць ад вонкавага свету». Як Лукашэнка сваймі рукамі знішчае беларускую лагістыку


Беларусь заўсёды была вядомая зручным геаграфічным становішчам на скрыжаванні гандлёвых шляхоў – з поўначы Еўропы на поўдзень, з Еўрапейскага Звязу – у Расею і Азію. Але дзеянні рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ўсё больш пазбаўляюць нашую краіну гэтых канкурэнтных пераваг і нават заводзяць яе ў міжнародную ізаляцыю.

Российский флаг, репортаж с польско-белорусской границы, транспортный контроль, пограничный пункт Бобровники на границе с Польшей
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ЮШ / Белсат

Аптымізм уладаў

Яшчэ на пачатку лютага 2022 года беларускае Міністэрства транспарту працягвала рапартаваць пра поспехі ў працы галіны.

«Па выніках работы за мінулы год асноўныя паказнікі сацыяльна-эканамічнага развіцця транспартнага комплексу маюць дадатную дынаміку. Выкананы ключавы паказнік – экспарт транспартных паслуг. Адзначым, што доля міжнародных перавозаў у агульным аб’ёме грузаабароту складае каля 76 %, у пасажыраабароце – 27 %. У 2021 годзе абʼём экспарту транспартных паслуг самы высокі ў гісторыі суверэннай рэспублікі – $ 4,3 млрд», – заяўлялі ў ведамстве.

Разам з тым, паводле Белстату, па выніках студзеня 2022 года перавозы грузаў транспартам у фізічнай вазе скараціліся на 1,7 % да ўзроўню 2021-га. А грузаабарот на беларускім транспарце ўпаў на 10,7 %. За 2021 год перавозы грузаў транспартам скараціліся на 3,5 % у параўнанні да 2020 года, у 2020-м – на 6,8 % у параўнанні 2019-га, а ў 2019-м – на 6,1 % да 2018-га. Такім чынам, скарачэнне перавозаў у тонах ідзе чацвёрты год запар, адзначаюць banki24.by.

У любым разе, Мінтранс захоўваў аптымізм на 2022 год.

«Чакаем, што працягнецца рост экспарту транспартных паслуг, спадзяемся на далейшае аднаўленне пасажырапатоку. Таксама ў планах развіццё транзітных перавозаў чыгуначным транспартам, у першую чаргу кантэйнерных перавозаў», – заяўляў міністр Аляксей Аўраменка на пачатку лістапада 2021 года.

Сярод іншага планавалася надаць асаблівую ўвагу пытанню нарошчвання ўзаемавыгаднага транзіту грузаў, асабліва ў кірунку Кітай – Еўропа.

Рукатворны крызіс

Але рэжым Аляксандра Лукашэнкі працягваў ствараць рукатворныя праблемы для беларускай транспартнай галіны. Яны пачаліся пасля таго, як увесну 2021 года ў выніку прымусовай пасадкі самалёта «Ryanair» у Менску неба еўрапейскіх краінаў закрылася для беларускіх самалётаў, а заходнія кампаніі сталі аблятаць Беларусь.

Чарговым ударам стаў міграцыйны крызіс, калі беларускія сілавікі з дапамогай блізкаўсходніх мігрантаў спрабавалі прарваць польскую мяжу з мэтай палітычнага ціску. У выніку ў лістападзе Польшча закрыла памежны пераход у «Кузніцы», дзе адбываліся самыя моцныя сутыкненні.

Аналітыка
Гаворка пра мільярды долараў. Колькі можа страціць Беларусь ад закрыцця мяжы з Польшчай
2021.11.19 09:00

На нестабільную сітуацыю на беларускай мяжы з краінамі Еўразвязу адрэагаваў і Кітай (той самы, з якім беларускі міністр планаваў нарасціць узаемавыгадны транзіт). З 1 студзеня 2022 года Кітай запусціў новы цягнік, што вязе грузы з КНР у Нямеччыну не праз Беларусь.

З лютага ўскладніўся і транзіт беларускіх грузаў (калійных угнаенняў і нафтапрадуктаў) праз краіны Балтыі ды Украіну. А Менск у адказ увёў забарону на чыгуначны транзіт з Літвы.

«Разрывае ўсе адносіны»

Але ўсё гэта – кветачкі ў параўнанні з тым, што пачалося пасля таго, як Аляксандр Лукашэнка з 24 лютага дазволіў Расеі атакаваць Украіну з беларускай тэрыторыі. З рэакцыяй на гэта беларускія транспартнікі сутыкнуліся амаль адразу.

«Наш кліент з Румыніі напісаў паведамленне, што мы акупанты. Нясём генацыд і не даем развівацца Еўропе. І разрывае ўсе з імі адносіны (гэта мне мой расейскі заказчык напісаў)», – пісалі ў чатах транспартнікаў.

Прычым датычыла гэта не толькі санкцыйных грузаў.

«Расейскі кліент сказаў сёння, што на пераходзе Беняконі машыне на расейскіх нумарах з нейтральным, не санкцыйным грузам адмовілі ў выдачы Т1. Аўта ішло з экспартам з РФ на ЕЗ. Мытнікі папярэдзілі, што Т1 не будуць выдаваць аўтам на расейскіх нумарах», – адзначалі ў размовах перавознікі.

А транспартнікі з Магілёва паведамлялі, што «грузы з ЕЗ на РФ, загружаныя ў аўта, вярнулі і выгрузілі еўрапейцы».

Репортаж с польско-белорусской границы, пограничный контроль, проверка, грузовик, пограничный пункт Бобровники на границе с Польшей, транспортный контроль, дальнобойщики, большегрузы
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ЮШ / Белсат

Не толькі кампаніі

З часам заклікі не працаваць з Беларуссю толькі пашыраліся. Гэтак, 27 лютага звяз працадаўцаў «Транспарт і лагістыка Польшчы» заклікаў усіх перавознікаў устрымацца ад уезду ў Беларусь і Расею і як найхутчэй пакінуць іх тэрыторыю. Аб’яднанне таксама звярнулася да польскага ўраду з прапановай увядзення абмежаванняў адносна грузавых перавозаў з РФ і Беларуссю.

«Мы хочам зрабіць усё магчымае, каб нашы перавознікі (тыя, хто яшчэ гэтага не зрабіў) адмянілі перавозы ў Расею і Беларусь. На гэтым этапе не павінна быць забаронаў або іншых абмежаванняў. Мы разумеем, што кампаніі, якія спецыялізуюцца на перавозах на Усход, могуць разваліцца, і таму прапаноўваем пазітыўныя дзеянні, накіраваныя на кампенсацыю перавознікам, якія добраахвотна сыходзяць з гэтага рынку (падчас вайны)», – заяўляюць у аб’яднанні.

Там мяркуюць, што «салідарны, аднадушны і рашучы адказ усіх дзяржаў у сферы палітычных і эканамічных санкцыяў» дапаможа спыніць вайну ва Украіне.

«Любыя цяжкасці з рухам тавараў могуць негатыўна адбіцца на функцыянаванні расейскіх прадпрыемстваў і ўсёй эканомікі. На наш погляд, санкцыі павінны закрануць і Беларусь», – гаворыцца ў чарговай заяве арганізацыі.

Репортаж с польско-белорусской границы, интервью, журналисты Белсата, пограничный контроль, водитель грузового автомобиля, пограничный пункт Бобровники на границе с Польшей, транспортный контроль, дальнобойщики
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ЮШ / Белсат

Яе прадстаўнікі заклікалі польскі ўрад прыпыніць дзеянне канвенцыі, якая спрашчае мытныя працэдуры ў дачыненні гандлю таварамі з Расеяй і Беларуссю, а таксама да прыпынення ўдзелу прадстаўнікоў РФ і Беларусі ў працы Еўрапейскага транспартнага камітэту і да часовага непрызнання польскімі ўладамі дазволаў ЕКМТ на аўтамабільныя перавозы, якія ажыццяўляюць перавознікі з Расеі ды Беларусі.

«На практыцы гэта азначае абмежаванне магчымасці перавозаў для гэтых кампаніяў у Польшчу і праз Польшчу. Мы спадзяемся, што за Польшчай рушаць услед заявы іншых еўрапейскіх краін з гэтай нагоды», – кажуць у аб’яднанні.

Таксама «Транспарт і лагістыка Польшчы» заклікалі ціснуць на Міжнародны звяз аўтамабільнага транспарту (IRU) з мэтай прыпынення сяброўства ў гэтай арганізацыі Беларусі ды Расеі.

Санкцыі Літвы і Украіны

Свае санкцыі супраць беларускай транспартнай галіны ўвялі і іншыя суседнія краіны. Гэтак, Украінская чыгунка сканфіскавала ўсе беларускія і расейскія вагоны разам з грузамі, якія заставаліся ва Украіне. Робіцца гэта з улікам матэрыяльнай шкоды, нанесенай Украіне, і «тысяч нявінных ахвяраў, забітых захопнікамі».

А грузавы аператар Літоўскай чыгункі, кампанія «LTG Cargo», з 7 сакавіка не дае чыгуначных вагонаў-платформаў для перавозаў у Расею і Беларусь, а таксама транзітам у іншыя краіны, акрамя Латвіі ды Эстоніі. Як заявілі ў кампаніі, робіцца гэта таму, што платформы ў Расеі ды Беларусі могуць выкарыстаць для транспартавання вайсковай тэхнікі. «LTG Cargo» таксама запатрабавала ў расейскай і беларускай чыгунак вярнуць вагоны, якія належаць ёй.

Пакуль транзіт ёсць

Усё гэта адбываецца на фоне сектаральных і фінансавых санкцыяў, якія з новай сілай пачалі ўводзіцца супраць рэжыму Лукашэнкі за дапамогу ў вайне ды супраць Расеі і якія робяць проста немагчымым перавоз вялікай часткі грузаў.

Hавiны
Еўразвяз пашырае эканамічныя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі
2022.03.02 13:15

Паводле крыніцаў «Белсату», сярод тых, хто адмаўляецца браць грузы на Беларусь ці Расею, ёсць не толькі польскія перавознікі, але і кампаніі з іншых краінаў, напрыклад, нямецкая «DHL». Праз масавыя адмовы моцна ўпалі і стаўкі на перавоз грузаў. Але, як паведаміў «Белсату» прадстаўнік адной буйной лагістычнай фірмы з Беларусі, «пакуль мяжа працуе, транзіт ёсць».

«Пытанне толькі ў тым што, што многія кампаніі ў ЕЗ не жадаюць грузіць на РФ у рамках уведзеных санкцый і рашэнняў. То бок гэта пакуль галоўная праблема. Мы не гаворым пра транзіт праз Украіну – яго няма, і іх перавознікі фактычна сышлі з рынку. А палякі і літоўцы неахвотна едуць на РФ і Беларусь. Але калі кіроўца – беларус, дык быццам і нармальна», – паведаміў суразмоўца.

Агулам, паводле яго, «пакуль суперпанікі няма, але ўсе разумеюць пагрозы і шукаюць рашэнні ў сілу сваіх магчымасцяў».

Репортаж с польско-белорусской границы, пограничный контроль, проверка, грузовик, пограничный пункт Бобровники на границе с Польшей, транспортный контроль, дальнобойщики, большегрузы
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ЮШ / Белсат

Яшчэ адзін суразмоўца, які да нядаўняга часу працаваў у лагістычнай сферы, адзначыў, што ў выніку заходніх (і не толькі) санкцыяў «наступствы каласальныя» для Беларусі.

«Па сутнасці, адрубаюць ад вонкавага свету», – заявіў ён.

Увогуле, на ягоную думку, Беларусь і Расея – у працэсе адключэння ад сусветнага ланцугу паставак.

ПС belsat.eu

Стужка навінаў