ААН адзначае беспакараныя і маштабныя парушэнні правоў чалавека ў Беларусі


Фундаментальныя правы чалавека дзясяткаў тысяч грамадзянаў Беларусі парушаныя, а жыццё незлічонай колькасці людзей пацярпела ад негатыўнага ўплыву ў выніку працяглых рэпрэсіяў уладаў краіны. Мішэнямі сілавікоў сталі апаненты ўладаў, грамадзянская супольнасць, журналісты і адвакаты. Вінаватых у гэтым кіраўніцтва краіны не прыцягвае да адказнасці, гаворыцца ў справаздачы, апублікаванай Упраўленнем ААН у справах правоў чалавека.

Сцяг Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў.
Фота: sanjitbakshi via Flickr, CC BY 2.0

Эксперты Упраўлення ААН у правах чалавека падрыхтавалі агляд сітуацыі ў Беларусі з 9 жніўня 2020 года да 31 снежня 2021 года. Паводле высноваў экспертаў, сілавікі ў Беларусі шырока выкарыстоўвалі неапраўданую і непрапарцыйную сілу. З траўня 2020 года да траўня 2021 года затрымалі не менш за 37 тысячаў чалавек.

Катаванні і жорсткае абыходжанне з людзьмі былі шырока распаўсюджаныя і сістэматычныя.

Да канца 2021 года 969 чалавек заставаліся ў зняволенні паводле палітычных матываў. Да 4 сакавіка бягучага года гэтая лічба вырасла да 1084.

Пасля выбараў улады працягваюць пераследаваць тых, хто імкнецца рэалізаваць уласныя правы. У краіне ліквідавалі 270 НДА, 32 журналісты затрыманыя, а 13 СМІ прызналі «экстрэмісцкімі», ліцэнзіі страцілі 36 адвакатаў.

Адсутнасць эфектыўнага расследавання парушэнняў правоў чалавека супярэчыць абавязальніцтвам Беларусі ў міжнародным праве.

«Шырокія і працяглыя дзеянні ўладаў для падаўлення іншадумства і рэпрэсіі грамадзянскай супольнасці, незалежных СМІ і апазіцыйных групаў, адначасова абараняючы злачынцаў, сведчыць аб сітуацыі поўнай беспакаранасці ў Беларусі», – заявіла вярхоўны камісар ААН у правах чалавека Мічэль Бачэле.

У справаздачы даюцца падрабязныя рэкамендацыі для Беларусі і іншых дзяржаваў, каб дамагацца адказнасці праз даступныя юрыдычныя працэсы за сур’ёзныя парушэнні міжнароднага права правоў чалавека ў Беларусі.

Hавiны
У жодзінскім ізалятары перадачы для затрыманых не будуць браць яшчэ мінімум два тыдні
2022.03.09 13:14

УВ belsat.eu

Стужка навінаў