«Я не веру ў суіцыд»: бацькі загінулага дырэктара ваўкавыскага музею распавялі пра сына

18 жніўня 2020 года Беларусь ускалыхнула навіна: 29-гадовага дырэктара музею ў Ваўкавыску Канстанціна Шышмакова, які адмовіўся падпісваць выніковы пратакол на выбарах праз відавочныя фальсіфікацыі, знайшлі мёртвым. У афіцыйную версію, суіцыд, паверылі не ўсе. Прайшло паўгода з таго трагічнага дня. Бацькі Канстанціна да гэтай пары перажываюць сынаву гібель і задаюцца пытаннем: «Чаму?»

Святлана і Андрэй Шышмаковы жывуць у Баранавічах. Святлана працуе спецыялісткаю ў сферы продажаў у прыватнай фірме, Андрэй – на пенсіі паводле інваліднасці пасля двух перанесеных інфарктаў. Разам з імі жыве яшчэ адзін сын, Ілля.

Святлана і Андрэй Шышмаковы, бацькі 29-гадовага Канстанціна Шышмакова, які знік увечары 15 жніўня. Са словаў бацькі, Канстанцін адмовіўся падпісаць выніковы пратакол выбарчай камісіі. Ягонае цела знайшлі ў Мастоўскім раёне. Фота: АВ / Белсат

«Косця з дзяцінства быў цікаўны і вельмі самастойны хлопчык. Ён ужо ў два гады на памяць ведаў казкі Чукоўскага, Пушкіна. Пастаянна хадзіў за мною з кнігай і прасіў: «Мама, пачытай», – згадвае Святлана.

Канстанцін займаўся лёгкай атлетыкай, а з 5 класу яго захапіла гісторыя. Па тэлевізары глядзеў толькі гістарычныя каналы і праграмы. Таму ваганняў, куды паступаць пасля школы, не было – толькі гістарычны факультэт.

Пасля сканчэння ўніверсітэту ў Горадні хлопец вярнуўся ў Баранавічы, але працы тут знайсці не змог. Паехаў у Мастоўскі раён, працаваць у вёсцы, дзе пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Марыяй. Але неўзабаве яго забралі ў войска – служыў у 38-й брыгадзе ўнутраных войскаў.

Пасля войска Канстанцін уладкаваўся на працу ў Вайскова-гістарычны музей імя Баграціёна ў Ваўкавыску. Спачатку быў там навуковым супрацоўнікам.

Фота: АВ / Белсат

«Косця быў шчаслівы – ён трапіў у сваю стыхію. Рабіў прэзентацыі, аддана працаваў. Ён вельмі лёгка сыходзіўся з людзьмі, быў гаваркі, эрудзіраваны. Пазней, калі дырэктарка музею сышла на пенсію, яму прапанавалі заняць гэтую пасаду. Нават не прапанавалі, а паставілі перад фактам, што яго прызначаюць дырэктарам», – распавядае Святлана Шышмакова.

Паводле спадарыні Святланы, сын гэтак сама аддана пачаў працаваць на новай пасадзе, шмат часу прысвячаў працы, але сістэма аказалася мацнейшая. Калі пачалася эпідэмія каронавіруса, ён атрымаў вымову за тое, што ў музей ходзіць шмат людзей. Калі людзей стала менш – атрымаў вымову за невыкананне плану.

«Косця казаў, што вертыкаль улады не дае разгарнуцца, не дае праявіць ніякай ініцыятывы: табе загадалі, і ты мусіш рабіць менавіта так, правільна гэта ці не правільна. Ты не маеш права мець свайго меркавання, трэба толькі выконваць загады начальства», – згадвае Святлана.

Канстанцін хацеў звольніцца і шукаў іншую працу, але гэта было не так проста.

«Палітыкай ён асабліва не цікавіўся, але бачыў усе недахопы ўлады. Я яму казала: Косця, гэта сістэма, яны хочуць падмяць усіх пад сябе. Таму, пакуль не знайшоў іншай працы, варта ператрываць», – кажа Святлана.

Фота: АВ / Белсат

«Ён не хацеў удзельнічаць у выбарчым фарсе»

Калі пачалася выбарчая кампанія, Канстанцін не хацеў ісці ў выбарчую камісію. Але ў загадным парадку яго ўключылі ў яе склад. 9 жніўня, пабачыўшы фальсіфікацыі, ён разам з калегам адмовіўся падпісаць выніковы выбарчы пратакол.

«У гэты дзень мы былі ў хаце, у Баранавічах. Увечары ў горадзе сталі збірацца пратэстоўцы, недалёка ад іх размясціўся атрад АМАПу. Людзі проста стаялі і выкрыквалі: «Міліцыя з народам», «Света – наш прэзідэнт», ніякай агрэсіі з іхнага боку не было. Але ў нейкі момант пачаліся затрыманні, мы чулі стрэлы», – прыгадвае Святлана.

Каля 23-й гадзіны ёй прыйшла эсэмэска ад Канстанціна: «Я дабраўся дахаты, усё нармальна. У Ваўкавыску б’юць людзей».

«Я пазваніла яму. Ён распавёў, што іхную выбарчую камісію развозілі на аўтамабілях пасля закрыцця ўчастку. Але ён разам з калегам сказаў: мне саромецца няма чаго, маё сумленне чыстае, і пайшоў з участку пешшу», – распавядае Святлана.

Пазней Канстанцін расказваў, што 9 жніўня, гадзіне а 17–18-й, яму сказалі ехаць машынаю за горад. Яму ўручылі нейкія бюлетэні ды сказалі адвезці ў выбаркам. Калі ён прыехаў на свой участак, убачыў, што гэта «левыя» бюлетэні, і адмовіўся іх укідваць. А пасля адмовіўся падпісваць выніковы пратакол.

«Калі трэба было падпісваць выніковы пратакол, ён адмовіўся, а яму сказалі: хлопчык, ты ўжо ўсё падпісаў. Ён вельмі перажываў, быў прыгнечаны. Мы казалі яму: Косця, не засмучайся, ты ўсё правільна зрабіў, мы ганарымся табою. Адзінае, я хвалявалася, што будзе далей. Ён казаў, што самае большае, што яны могуць зрабіць, гэта звольніць яго з працы», – згадвае Святлана Шышмакова.

Фота: АВ / Белсат

Канстанцін распавядаў, што на іхным участку перамагла Святлана Ціханоўская, і ён у гэтым фарсе браць удзелу не хацеў. Пасля 9 жніўня ён пайшоў у адпачынак, які яшчэ не дагуляў. У сям’і абмяркоўвалася тое, што адбывалася ў краіне, Канстанцін выглядаў спакойным, прынамсі вонкава.

«14 жніўня, калі абвесцілі афіцыйныя вынікі галасавання, мы стэлефанаваліся з сынам, у яго не было ніякага настрою. У той дзень ён выйшаў на працу пасля адпачынку, і адразу стала відаць, што нешта не тое. Я пытала: Касцюша, як у цябе справы? Ён адказваў: як ва ўсёй краіне», – распавядае Святлана.

Паводле яе, сын дзесьці ў інтэрнэце пакінуў крытычны каментар. Пасля гэтага яму патэлефанаваў начальнік і сказаў, што пакуль Канстанцін працуе ў дзяржустанове, ён не мае права выказваць свайго гледзішча і абавязаны падтрымліваць палітыку дзяржавы. Пасля гэтага званка Канстанцін напісаў заяву на звальненне і паехаў дахаты. Але знік.

«Маша яго чакала і вельмі хвалявалася, бо раней ён ніколі так не затрымліваўся. Я да апошняга спадзявалася, што, можа, ён захацеў супакоіцца, захацеў пабыць адзін і прывесці думкі да ладу», – кажа Святлана.

Фота: АВ / Белсат

«Я не магу сабе прабачыць»

Апошні сігнал ягонага тэлефона зафіксавалі ў Мастах, дзе жыве Святланіна свякроў. Родныя паехалі туды, вырашылі праверыць месцы, куды Канстанцін звычайна хадзіў на рыбалку. Але марна. Марыя звязалася з менскімі «Анёламі», пошукавы атрад прыехаў на месца. Спачатку знайшлі цела мужчыны за 9–10 жніўня, а пасля знайшлі Косцю.

«Следчы на просьбу мужа не паказваў мне фотаздымкаў з месца гібелі Косці. Наколькі я зразумела, побач з ім стаяла турыстычнае крэсла, якое ён вазіў з сабой у аўтамабілі, ногі дакраналіся да зямлі. То бок варта было іх толькі выпрастаць, і Косця стаяў бы. У Мастах казалі, што сын, калі яго знайшлі, быў цалкам мокры, хоць тады было суха», – згадвае Святлана.

Следчы, калі скончылася праверка, настойліва рэкамендаваў не адкрываць пакету з адзеннем, у якім быў Косця. Маўляў, самі разумееце, там усё загаджанае, столькі часу прайшло. Але калі родныя ўсё ж разгарнулі пакет, адзенне, штаны, бялізна – усё было чыстае.

«У сына знайшлі гематомы і драпіны на целе, але ў заключэнні гаворыцца, што гэта не стала прычынаю смерці. Адкуль яны з’явіліся – пытання нават не ўздымалася. Быў след на руцэ, нібыта ручыца была прывязаная да шчыкалаткі», – далучаецца да размовы Канстанцінаў бацька, Андрэй Шышмакоў.

Ён кажа, што гатовы прыняць тое, што гэта быў суіцыд, ніякага сораму за гэта не адчувае. Аднак у яго засталіся пытанні, ён працягвае сумнявацца.

Фота: АВ / Белсат

«Акрамя дзіўнай сітуацыі з адзеннем сына, якое не магло ў такой сітуацыі быць цалкам чыстым, былі незразумелыя рэчы і з ягоным тэлефонам. Ён быў пад паролем, следчы ў Ваўкавыску некалькі разоў спрабаваў падабраць пароль, але не ўдалося. Таму, каб цалкам не заблакаваць тэлефон, ён сказаў: няхай спецыяліст зоймецца. Тэлефон адправілі ў Менск, месяцы два там яго «ламалі», у выснове экспертызы пазначана, што тэлефон быў скінуты да заводскіх наладаў. Але на заводскіх наладах пароль не прадугледжаны», – разважае Андрэй Шышмакоў.

Бацькі распавядаюць, што пасля выбараў сыну пачалі прыходзіць нейкія эсэмэскі, але ён нікому нічога не распавядаў, нават жонцы забараніў браць ягоны тэлефон.

«Пасля таго, як Косця выйшаў на працу, у мяне адразу з’явілася нейкая трывога. Я размаўляла з псіхолагам, яна кажа, што маёй віны ў гэтым няма. Але я не магу сабе прабачыць… Калі я з ім тады паразмаўляла, мне сэрца ёкнула, мне трэба было да яго прыехаць. Я адчувала, што ў яго непрыемнасці. Але ён нічога не казаў, аберагаў мяне», – кажа Святлана.

Святлана Шышмакова. Фота: АВ / Белсат

Пасля Косцевай смерці вінаватай хацелі зрабіць ягоную жонку

Падчас праверкі справы Маша, жонка Канстанціна, адчула вялікі ціск з боку следчага ды іншых людзей. Маўляў, гэта нібыта яна давяла мужа да суіцыду.

«Косця, калі служыў у войску, ніколі не скардзіўся. А пасля службы разгаварыўся, што там была страшная, невыносная дзедаўшчына. Тым не менш, у яго ні разу не было думкі зрабіць з сабой нешта, скалечыць сябе. А тут нават калі і была нейкая сямейная сварка – і адразу суіцыд? Гэта немагчыма. Яны жылі дружна, кахалі і паважалі адно аднаго. У Машы першая адукацыя – дашкольная адукацыя, пасля яна завочна скончыла спецыяльнасць «сямейны псіхолаг». Яна магла знайсці падыход да Косці. Я ні на секунду не паверу, што прычына ў ёй», – кажа Святлана.

Пасля таго, як знайшлі Косцю, шмат людзей выказвалі спачуванні, падтрымлівалі бацькоў. На пахаванне прыехалі выкладчыкі з універсітэту, дзе вучыўся Косця, ягоныя аднакурснікі. Усе згадвалі яго як добрага, сумленнага хлопца. Праваслаўная царква адмовіла сям’і ў адпяванні. Марыя – каталічка, таму хавалі Косцю паводле каталіцкага абраду.

«Калі было 30 дзён па сыну, людзі ад касцёлу, дзе адбылася імша, пайшлі да музею – там на ўваходзе стаяў Косцеў партрэт. Людзі ўскладалі кветкі, згадвалі яго. Пад патранатам Косці, акрамя іншага, былі архітэктурныя помнікі, цэрквы, касцёлы, таму ён блізка камунікаваў са святарамі. У той дзень да музею прыйшоў адзін праваслаўны святар, і яго арыштавалі за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу. Ён казаў тады, што прыйшоў ушанаваць памяць сябра, а не на мітынг», – распавядае Святлана.

Кіраўніцтва музею ніякіх спачуванняў сям’і так і не выказала.

Фота: АВ / Белсат

«Гэтыя паўгода… Першы час я не жыла»

«Я не веру ў ягоны суіцыд, і страшна мне ад таго, што ён перажыў. Адчуваеш бяссілле ад таго, што і праўды цяпер не даведаешся, прынамсі на гэты момант. Следчы кажа, за такое не забіваюць. Я бачыла, як збіваюць людзей на плошчы ў Баранавічах, як стралялі ў спіну. Чалавек стаяў з паднятымі рукамі, да яго падбеглі пяць чалавек, павалілі на зямлю і пачалі біць берцамі. Бачыла, як людзі падалі ад святлошумавых гранатаў, кантужаныя. Бачыла, як сілавікі прымушалі падлетка з паднятымі рукамі станавіцца на калені і прасіць прабачэння», – ледзь стрымліваючы эмоцыі, кажа Святлана.

Да гэтай пары яна не можа глядзець на людзей у форме – ногі падкошваюцца. Да гэтага года Святлана была апалітычным чалавекам. Думала, што ад таго, прыйдзе яна на выбары ці не прыйдзе, нічога не зменіцца. Але гэтым разам яна вырашыла пайсці і прагаласаваць, як і шматлікія знаёмыя.

«Мы стаміліся так жыць. Хочацца, каб хоць дзеці пажылі. Хтосьці кажа, нам трэба быць з Захадам, хтосьці кажа, што з Расеяй. Мне падаецца, нам трэба будаваць сваю, самастойную дзяржаву, якая ні ад каго не будзе залежаць, дзе будуць паважаць людзей, а не лічыць іх быдлам», – разважае Святлана.

Апошнія паўгода былі для яе вельмі цяжкія. Трымацца дапамагаюць лекі, але не заўсёды. За некалькі дзён да нашай размовы Святлана вярнулася са шпіталю ў Навінках, дзе правяла пад наглядам дактароў адзінаццаць дзён.

Фота: АВ / Белсат

«Гэтыя паўгода… Першы час я і не жыла. Хадзіла, ела, спала, рабіла ўсё на аўтамаце. Было лягчэй на працы, заставацца сярод людзей. Я вельмі ўдзячная свайму кіраўніцтву за разуменне і падтрымку. Але мне рабілася ўсё горш, дэпрэсія ўзмацнялася, хоць я хаджу да псіхатэрапеўта, п’ю антыдэпрэсанты. На роўным месцы магла здарыцца істэрыка, слёзы, я не магла спыніцца. Таму я пагадзілася пакласціся ў шпіталь, каб быць пад наглядам. Мне падабралі лекі, без іх немагчыма трымацца», – кажа Святлана.

«Унучка не ведае, што таты больш няма»

Цяпер не радзей як раз на месяц яна ездзіць у Ваўкавыск. Спачатку на могілкі да сына, а пасля ў госці да ўнучкі Леры. Ёй чатыры гады, і яна ўсё больш становіцца падобнай да таты.

«Дзяўчынка цудоўная, разумнічка. Косця марыў крышку пазней яшчэ аб адной дачцэ. Лерачка была для яго зорачкай, ён мог гадзінамі пра яе размаўляць. Маша стрыманая, а Лера ў тату – вельмі гаваркая. Маша таксама перажывае, на таблетках, вельмі схуднела. На яе моцна паўплывала тое, што на яе ціснулі, хацелі зрабіць з яе вінаватую», – распавядае Святлана.

Дзяўчынка да гэтай пары не ведае, што таты больш няма. Ён з’ехаў у камандзіроўку, на вучобу. Калі размаўляе з бабуляй, увесь час нешта прыгадвае пра тату – як яны гулялі, кармілі рыбак, як яна яго сніць, як яна па тату сумуе.

Фота: АВ / Белсат

«Я прыняла ягоную смерць, ведаю, што сына мне ніхто не верне, што гэта назаўсёды. Але ўнутры такая пустэча… Нібыта вырвалі частку мяне. Не дае спакою думка: за што? Таму што сумленны чалавек? Таму што не хацеў хлусіць? Быў для іх непрыдатны, не зламаўся, не падладаваўся?» – голас Святланы робіцца зусім ціхі.

Яна гартае сынавы фотаздымкі на тэлефоне. З экрана глядзіць малады ўсмешлівы хлопец. Ён выглядае шчаслівым. Такім ён і застанецца ў памяці родных.

Саша Праўдзіна, belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны