У Менску мужчыну судзяць за надпіс на плоце. Пацярпелыя – Мукавозчык і іншыя працаўнікі СБ


Юрый Дрэк, якога вінавацяць у надпісы на плоце.
Фота: «Народная Воля»

У судзе Савецкага раёну Менску пачаўся разгляд крымінальнай справы 36-гадовага Юрыя Дрэка. Нагодай стаў надпіс «СБ – с… бойцеся» на плоце, піша «Радыё Свабода».

Юрыя Дрэка затрымалі 12 студзеня. У гэты ж дзень зрабілі ператрусы на кватэры, потым у офісе і на кватэры бацькі ў Горадні. Яго вінавацяць у тым, што летась 23 верасня, у дзень інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі, ён нанёс надпіс «СБ – с… бойцеся» на плоце ля будынку свайго офісу на вуліцы Хмяльніцкага, 10. А ў будынку на Хмяльніцкага, 10а («Дом прэсы») месціцца медыяхолдынг «Беларусь сегодня»). Ягоных працаўнікоў гэта нібыта абразіла. Мужчыну вінавацяць паводле ч.1 арт. 339 Крымінальнага кодэксу («Хуліганства»).

Юрый сказаў у судзе, што надпіс быў зроблены ў цяжкія дні. Ён патлумачыў, што на ганку ягонага офісу невядомыя ядуць, п’юць піва, пакідаюць кубачкі, недакуркі і смецце. Мужчына зрабіў заўвагу гэтым людзям і ў той дзень. А ўвечары выйшаў і зноў убачыў смецце. Дастаў з аўто балончык з фарбай (фарбаваў ім на лецішчы лаўку) і зрабіў надпіс насупраць ганку офісу. Потым вярнуўся, хацеў нешта зафарбаваць, але ў балончыку скончылася фарба.

Пацярпелымі па справе праходзяць шэсць працаўнікоў выдавецкага дому «Беларусь сегодня»: Міхаіл Лябедзік (першы намеснік дырэктара – галоўнага рэдактара), журналісты Андрэй Мукавозчык, Людміла Гладкая, Дзмітрый Крат, Раман Рудзь і кіраўнік упраўлення матэрыяльнага забеспячэння.

Паводле жонкі Юрыя, Любові, працаўнікі СБ палічылі сябе зняважанымі, хоць плот, на якім быў зроблены надпіс, належыць будтрэсту. Яна кажа, што сплаціла будтрэсту матэрыяльную шкоду – 2,5 рублі. А таксама – 50 рублёў газеце за тое, што ейныя супрацоўнікі набылі балончык шэрай фарбы і самі зафарбавалі надпіс.

Пацярпелыя казалі ў судзе, што яны спалохаліся гэтага надпісу і ўспрынялі яго як пагрозу на свой адрас. Матэрыяльных прэтэнзіяў да Юрыя пацярпелыя не заявілі, але некаторыя казалі, каб абвінавачанага пакаралі строга. Мукавозчык заявіў, што ўбачыў яго, калі ішоў з працы дадому – тады ў яго нібыта падкасіліся ногі.

ЯП belsat.eu

 

Стужка навінаў