На знак салідарнасці з віцебскім рэаніматолагам звальняецца хірург Дзмітрый Харкоў


Загадчык аддзелу перспектыўных напрамкаў высокатэхналагічнай медычнай дапамогі Дзмітрый Харкоў звальняецца з Менскага цэнтру хірургіі на знак салідарнасці з віцебскім рэаніматолагам Уладзімірам Мартавым, якога вызвалілі ад выканання абавязкаў з палітычных матываў, паведамляе тэлеграм-канал «Белые халаты».

Дзмітрый Харкоў.
Фота: Тэлеграм @belhalat_by

Раніцай 9 сакавіка хірург напісаў заяву аб звальненні пасля заканчэння працоўнага кантракту.

Заява Дзмітрыя Харкова на звальненне.
Фота: Тэлеграм @belhalat_by

Акрамя заявы на звальненне медык напісаў зварот да галоўнага доктара БХМД Віцебску з пытаннем пра тое, чым той кіраваўся, калі прымаў рашэнне аб звальненні Мартава.

«Кіруючыся прынцыпамі гуманізму, этыкі і медычнай салідарнасці, я прымаю ўсвядомленае рашэнне, таксама аб сваім звальненні, па заканчэнні працоўнага кантракту», – напісаў Харкоў у сваім звароце.

Зварот доктара Дзмітрыя Харкова.
Фота: Тэлеграм @belhalat_by

Доктар лічыць, што са звальненнем такіх спецыялістаў, як Уладзімір Мартаў, пачынаецца чарговая «справа лекараў», бо медыкаў пераследуюць за праўду і сумленнасць.

Непрацягненне кантракту з лекарам Уладзімірам Мартавым ініцыявала адміністрацыя шпіталю хуткай дапамогі Віцебску. Верагодная прычына – грамадзянская пазіцыя: у жніўні Мартаў стаў адным з першых медыкаў, якія адкрыта выступілі супраць катаванняў пратэстоўцаў, і напісаў адкрыты ліст, у якім гаворыцца, што «медыкі выступалі, выступаюць і будуць выступаць супраць гвалту».

Hавiны
Віцебскі доктар Уладзімір Мартаў: «Стаўся стрэмкаю, нязручным чалавекам са сваёй пазіцыяй»
2021.03.04 13:04

АД, belsat.eu

Стужка навінаў