МЗС Беларусі прапанавала польскаму консулу ў Берасці з’ехаць з краіны


Сёння ў МЗС Беларусі выклікалі Часовага Паверанага ў справах Польшчы ў Беларусі Марціна Вайцяхоўскага. Яму заявілі пратэст у сувязі з удзелам польскага консула ў Берасці Ежы Цімафеюка ў імпрэзе, прысвечанай Дню «выклятых жаўнераў».

МЗС адзначае, што прынцыповая пазіцыя беларускага боку наконт «выклятых жаўнераў» неаднаразова даводзілася да палякаў.

«Сваімі злачынствамі ў месцах кампактнага пражывання беларускай нацыянальнай меншасці «выклятыя жаўнеры» пад камандаваннем Рамуальда Райса паставілі сябе на адзін узровень з гітлераўскімі карнікамі», – лічаць у беларускім МЗС.

Удзелам у гэтай імпрэзе Ежы Цімафеюк нібыта парушыў Венскую канвенцыю пра консульскія зносіны. У сувязі з гэтым яму прапануюць пакінуць тэрыторыю Беларусі.

Жаўнераў аддзелу Рамуальда Райса – Бурага неаднаразова вінавацілі ў злачынствах супраць цывільных беларусаў. Зімою 1946 года аддзел Бурага пацыфікаваў пяць вёсак каля Бельску Падляскага: Зані, Заляшаны, Канцавізна, Шпакі і Волька Выганоўская, дзе большасць насельніцтва былі праваслаўнымі беларусамі.

Следчы аддзел Інстытуту народнай памяці Польшчы, які расследаваў справу аб уціхамірванні, сцвярджае, што былі забітыя 79 чалавек. Паводле чальцоў грамадскага камітэту сем’яў ахвяраў, лік забітых – утрая большы. Сярод загінулых – вознікі, чыймі паслугамі карыстаўся аддзел падчас падарожжаў па ваколіцах. Інстытут прысвоіў гэтаму злачынству статус генацыду. У 2005 годзе расследаванне было спыненае: нехта са злачынцаў ужо памёр, а некага не было магчымасці ідэнтыфікаваць. Бурага па вайне прысудзілі да расстрэлу, а ў 1990-я гады яго рэабілітавалі.

ЯП belsat.eu

Стужка навінаў