«Дзясяткі кілаграмаў тратылу». Церцель распавёў пра выяўлены тайнік на тэрыторыі Беларусі


Кіраўнік КДБ Іван Церцель у эфіры тэлеканалу «Беларусь 1» распавёў пра знойдзены на тэрыторыі краіны тайнік з вялікай колькасцю выбухоўкі, пра які нядаўна згадваў Аляксандр Лукашэнка, распавядае TUT.BY.

Са словаў Церцеля, пагрозы зыходзяць з тэрыторыі суседніх дзяржаваў, і гаворка ідзе пра дзейнасць «асобных тэрарыстычных групаў, члены якіх былі на тэрыторыі краінаў Заходняй Еўропы, Польшчы, Украіны».

Кіраўнік КДБ удакладніў, што гэта датычыць групаў Ігара Аліневіча і Мікалая Аўтуховіча, якія былі затрыманыя ў кастрычніку і снежні 2020 года.

– Планаваліся тэрарыстычныя акты як у дачыненні аб’ектаў дзяржаўных ведамстваў, так і ў дачыненні асобных службовых асобаў, у тым ліку з пагрозаю гібелі вялікай колькасці насельніцтва, – паведаміў Церцель.

Цікава, што першы пра выбухоўку распавёў Лукашэнка. Ён звяртаў увагу якраз на тое, што гэта не група Аўтуховіча, «гэта новыя».

Церцель жа засяродзіўся на групах Аліневіча і Аўтуховіча, паведаміў, што беларускі бок накіраваў украінскім калегам запыты з тэлефонамі ды прозвішчамі датычных асобаў, але адказу не атрымаў.

У той жа час Церцель папярэдзіў, што прозвішчаў ён не называе.

– На жаль, на дадзены момант у інтарэсах следства я не магу назваць прозвішчаў канкрэтных асобаў, не магу назваць канкрэтных фактаў, але абяцаю, што ў бліжэйшы час нашаму грамадству будуць прадстаўленыя канкрэтныя асобы і факты.

І КДБ, і Лукашэнка неаднаразова распавядалі пра тэрарыстычныя пагрозы, але справы заканчваліся нічым. Гэта і вядомая справа пра «200 вагнераўцаў», і прарыў джыпам украінскай мяжы, і атручванне мёртвымі пацукамі водаправоду, і гучная справа «Белага Легіёну».

Аналітыка
Ці сапраўды існавала «тэрарыстычная група» Аўтуховіча? Аналізуем гучную справу
2021.02.26 20:06

AB, belsat.eu

Стужка навінаў