БТ абрала ўдзельніка «Еўрабачання-2021» ад Беларусі. Гэта праўладны баранавіцкі гурт «Галасы ЗМеста»


Гурт «Галасы ЗМеста», які мае рэпрэзентаваць Беларусь на «Еўрабачанні-2021».
Фота: ATN_BTRC/TG

Белтэлерадыёкампанія абвесціла вынікі конкурсу на ўдзел у сёлетнім «Еўрабачанні» ад Беларусі. Пераможцам абралі баранавіцкі гурт «Галасы ЗМеста».

Дызайн YouTube-каналу гурта (каля 16 тысяч падпісантаў) афармляецца з чырвона-зялёнымі колерамі дзяржаўнага сцягу. Летась «Галасы ЗМеста» сталі вядомыя пасля песень, якія высмейвалі беларускіх пратэстоўцаў і апазіцыйных палітычных дзеячаў. Меркавана, яны прадставяць Беларусь з песняй «Я научу тебя». У ёй у прыватнасці ёсць словы «я научу тебя плясать под дудочку… я научу тебя ходить по струночке».

У 2020-м удзельнікам конкурсу ад Беларусі абралі гурт VAL. Але БТ скасавала кантракт з дуэтам праз актыўную грамадзянскую пазіцыю музыкаў і іхны ўдзел у акцыях пратэсту.

«Мы не маглі застацца абыякавымі да гвалту і несправядлівасці, якія захліснулі Беларусь. Мы зрабілі свой выбар. А БТ – свой. Мы заўсёды будзем разам з нашымі слухачамі!» – сказала салістка VAL Валерыя Грыбусава.

Ці будзе БТ паказваць «Еўрабачанне», яшчэ невядома, паколькі беларусы заклікаюць выключыць канал з Еўрапейскага трансляцыйнага звязу.

Сёлета конкурс адбудзецца ў Ротэрдаме.

ЯП belsat.eu

Стужка навінаў