Амбасадар Расеі ў Беларусі патлумачыў адмову ад дыялогу з Каардынацыйнай радай


Каардынацыйная рада звярталася да амбасадара Расеі ў Беларусі Дзмітрыя Мезенцава з просьбай пра асабістую сустрэчу, але дыпламат гутарыць з прадстаўнікамі апазіцыйных сілаў адмовіўся, распавёў ён тэлеканалу РБК.

«Расейская амбасада гатовая размаўляць з тымі грамадскімі сіламі, якія не вядуць працы для падрыву дзяржаўных асноваў Рэспублікі Беларусь», – патлумачыў Мезенцаў.

Мезенцаў распавёў, што просьбу аб сустрэчы прадстаўнікі беларускай апазіцыі накіроўвалі яму асабіста, а прадметам сустрэчы пазначаліся ў тым ліку напрамкі ўзаемадзеяння Каардынацыйнай рады з Расейскай Федэрацыяй.

Кіраўнік МЗС Беларусі Уладзімір Макей і амбасадар Расеі ў Беларусі Дзмітрый Мезенцаў.
Фота: Mikhail Metzel / TASS

Са словаў Мезенцава, ён не разумее сутнасці Каардынацыйнай рады беларускай апазіцыі і ў якой арганізацыйнай форме яна існуе:

«Ён адзін, ці іх, можа быць, пяць, ці дваццаць – гэта людзі, якіх ніхто ніколі не выбіраў, у гэтых людзей няма даверу мільёнаў выбарнікаў. Гэта людзі, якія самі сябе вызначылі такімі. Не справа цяпер вызначаць матывацыю гэтых учынкаў. Але гэта такое адно з грамадскіх аб’яднанняў, можа быць, такое ж, як таварыства аматараў кнігі, філатэлістаў, нумізматаў, заўзятараў таго ці іншага клубу. Але тады яны і павінны займацца ў грамадскім поле клубнай працай, а не займацца зрынаннем улады», – сказаў Мезенцаў.

Рэакцыю ўладаў Беларусі на стварэнне і працу Каардынацыйнай рады ён назваў «адэкватнай і канстытуцыйнай».

АД, belsat.eu

Стужка навінаў