Як працуе «падземная чыгунка» Беларусі. Інтэрв'ю з кіраўніком «BySol» Андрэем Стрыжаком


Беларусь нагадвае цяпер поле бою, з якога часам даводзіцца ратаваць мірных грамадзянаў. Як працуе беларуская «падземная чыгунка», і колькі людзей пакінулі Беларусь сакрэтнымі маршрутамі – размаўляем пра гэта з кіраўніком фонду салідарнасці «BySol» Андрэем Стрыжаком.

Андрэй Стрыжак, сузаснавальнік фонду салідарнасці «BySol». Вільня, Літва. 20 траўня 2021 года.
Фота: Белсат

– Андрэй, дык ратаванне, рэлакацыя ці ўсё ж – эвакуацыя? Як дакладней назваць тое, чым займаецца вашая каманда?

– Калі гаворка пра дэфініцыі, дык тое, што мы робім, – гэта бліжэй за ўсё да ваеннай эвакуацыі параненых жаўнераў ці лётчыкаў, якія былі збітыя на варожай тэрыторыі. Бо гэта – імклівае, аператыўнае выманне чалавека з тэрыторыі, на якой ён у небяспецы, і перамяшчэнне яго туды, дзе ён будзе ў бяспецы.

А «рэлакацыя» – тэрмін для азначэння больш спакойнага пераезду. Слова прыйшло да нас з IT-сектару, а там гэта, фактычна, скачок у іншую краіну з залатым парашутам. У нашым выпадку гэта выглядае значна больш брутальна, драматычна і, на жаль, дастаткова рызыкоўна.

Тэндэнцыя пагаршэння

– Калі ўсё ж не пра вайну, то ці ёсць аналогіі ў гісторыі?

– Так, ровар мы тут не вынаходзілі. Самы хіба яскравы і зразумелы прыклад з гісторыі – гэта так званая «падземная чыгунка», якая існавала паміж поўднем і поўначчу ЗША да грамадзянскай вайны, калі рабы рознымі маршрутамі і спосабамі сыходзілі на поўнач.

Але шмат такога было ў гісторыі. Гэта і людзі, якія пакідалі Чэхаславаччыну і Польшчу, ці Усходні Берлін, напрыклад. Тады таксама існавалі структуры і арганізацыі, якія дапамагалі ім у гэтым.

– Ці можаце сказаць, колькі чалавек выязджаюць з Беларусі пры дапамозе «BySol»?

– Гэта якраз тое пытанне, на якое я не магу даць адказу. Скажу толькі: шмат людзей.

– Але якая цяпер тэндэнцыя?

– Скажу так: тэндэнцыя пагаршэння. Мы пачалі працу ў гэтым кірунку на пачатку 2021 года. І дзесьці ў красавіку ўжо думалі пра тое, што прыйдзецца пераводзіць яе ў рэжым «standby» – рэжым чакання напагатове. Аднак пабачылі, што ад лета 2021-га колькасць людзей, якія звяртаюцца па дапамогу ў гэтым пытанні, стабільна высокая. І, на жаль, гэты кірунак працы дагэтуль вельмі актыўны.

«Ці хайпуем мы?.. Гэта не так»

– То бок у 2022 годзе працы менш не стала?

– Так. І тут вельмі просты адказ, чаму. Таму што беларускія сілавікі зразумелі, што на гэтых палітычных справах вельмі лёгка вырошчваюцца зорачкі на пагонах, вельмі лёгка робіцца карʼера. Таму яны і надалей будуць шчаміць усіх, каго толькі можна. Будуць шчаміць, пакуль будуць знаходзіць людзей – прыхільнікаў пераменаў. А як і такіх не будзе – пачнуць жэрці адзін аднаго. Таму тут, у прынцыпе, перспектыва дастаткова зразумелая і, на жаль, змрочная.

– Але складаецца ўражанне, што ў 2022 годзе вы эвакуюеце больш публічных асобаў. Узяць апошнія прыклады: Аляксандр Багданаў (Папа Бо), Максім Крук, Севярын Квяткоўскі, Павел Батуеў…

– Не, чаму? Нядаўна я публікаваў гісторыю пра вываз Ірыны Здоты – медыка з Ліды. Яна да 2020 года спакойна сабе жыла і працавала ў медычнай установе, а калі пайшла хваля пратэстаў, далучылася да яе. Я б не сказаў, што яна публічная асоба… Мы таксама вывозілі сведку затрымання Дзмітрыя Усхопава, які загінуў у навагоднюю ноч пасля затрымання міліцыянтамі…

Тут справа ў тым, што, калі чалавек публічны, ён і кажа публічна пра тое, што зрабіў – эвакуяваўся. Людзі, якія не ёсць фігурамі вядомымі, вельмі часта просяць нас не казаць пра тое, што мы ім дапамагалі. Некаторыя проста не разумеюць усёй важнасці гэтага працэсу – бо людзі павінны бачыць, як аказваецца дапамога. А некаторыя, прыкладам, баяцца за сваякоў, якія засталіся ў Беларусі. Розныя бываюць прычыны.

Артыкулы
Журналістка Іна Студзінская з’ехала з Беларусі
2022.02.05 19:49

Але ці хайпуем мы і ці вывозім толькі вядомых? Гэта не так. Вывозім усіх, хто да нас звяртаецца, хто праходзіць верыфікацыю, хто мае магчымасць і смеласць ісці гэтым няпростым шляхам.

Салідарнасць трывае: летась сабралі 1 мільён 200 тысяч еўраў

– Колькі валанцёраў задзеяна ў адной аперацыі? Колькі гэта вымагае сілаў, якіх каштуе грошай?

– Усё залежыць ад розных фактараў. Кожны выпадак і кожны зварот разглядаецца індывідуальна. І ў кожным выпадку ты, як лекар, сядзіш і вырашаеш, які метад ужыць. Ясна, што заўжды гэтае рашэнне звязанае з рызыкай і вялікай адказнасцю.

У залежнасці ад таго, наколькі складаная канкрэтная сітуацыя, прымаецца рашэнне пра стварэнне часовай групы. Яна можа быць розных памераў, можа складацца з розных спецыялістаў і розных партнёраў, скажам так. Таму акрэсліць нават прыблізную колькасць людзей, якія займаюцца канкрэтнай эвакуацыяй, дастаткова складана. Гэта заўсёды пул спецыялістаў, якія дзейнічаюць паводле пэўных напрацовак, спраўджаных на практыцы.

І грошы не самае галоўнае ў гэтым працэсе. Бо гэта толькі адзін з рэсурсаў, які мусіць быць.

– Але калі пра грошы, то хваля фінансавай падтрымкі і салідарнасці не спадае?

– Тут трэба адразу сказаць дзякуй усім, хто дапамагае, хто ўвесь час падтрымлівае збор на эвакуацыю і іншыя зборы на нашай пляцоўцы. Таму што нашая галоўная магчымасць у гэтай фінансавай частцы складаецца з тых данатаў, якія робяць простыя людзі.

Прыкладам, летась, у год дэпрэсіі, можна сказаць, калі стала зразумела, што мы пайшлі на дальні трэк і што хутка гэта ўсё не скончыцца, мы здолелі сабраць больш за 1 мільён 200 тысяч еўраў, якія былі пералічаныя і выдаткаваныя на праграмы дапамогі рэпрэсаваным.

Таму калі казаць пра хвалю салідарнасці, то, безумоўна, яна засталася – і яна вельмі моцная. Ясна, што гэта не той узровень, як у жніўні 2020-га, але ж і маштаб адначасовых рэпрэсіяў цяпер іншы – такая паўзучая сітуацыя, калі пастаянна кагосьці саджаюць, кагосьці трэба ратаваць, камусьці дапамагаць. Зрабілася амаль руцінай…

«Калі чалавек выбірае застацца – я паважаю ягоны выбар»

– Падзяліцеся, калі ласка, самай, на ваш погляд, захапляльнай гісторыяй эвакуацыі?

– Абавязкова падзялюся, але пасля перамогі – у мемуарах. Бо пра самыя яскравыя рэчы, якія адбываюцца, на жаль, пакуль проста нельга казаць, таму што гэта частка працэдуры, момант механізму, гэта раскрывае, якім чынам усё адбываецца.

У мяне шмат такіх гісторыяў, якія ўзрушаюць, якія змушаюць зноў паверыць у людзей, калі ты раптам расчараваўся ў іх, а бывае – наадварот: зноў расчаравацца. Але збольшага магу сказаць, што гісторыя кожнай эвакуацыі – гэта прыгода, з якой можна рабіць кіно.

Люди в масках на улицах Минска, масочный режим в городе
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Менск, лістапад 2021 года.
Фота: Белсат

– Ці папракаюць вас тым, што вывозіце з краіны найлепшых? Ці наагул сутыкаецеся з негатывам?

– Ведаеце, калі ў чалавека ёсць выбар, ці ісці ў турму і праводзіць там час свайго жыцця, якога ўжо не вернеш, губляць здароўе, а па вызваленні мець праблемы з рэсацыялізацыяй, або выехаць з Беларусі і працаваць на яе карысць, – то гэта заўсёды выбар чалавека. Калі чалавек выбірае застацца – з усімі рызыкамі і магчымымі наступствамі, – я паважаю ягоны выбар, гэта ягоны шлях.

А калі чалавек кажа, што я выеду, гэта не значыць, што яго там Стрыжак ці хто іншы вывозіць. Гэта значыць, што чалавек прыняў такое рашэнне. І я заўсёды паважаю рашэнні людзей. І там, дзе мы можам дапамагчы, там дапамагаем.

– Куды звяртацца, каб атрымаць дапамогу ў эвакуацыі з Беларусі?

– Можна пісаць прыватныя паведамленні на любой пляцоўцы нашага фонду, прыкладам, у Фэйсбуку ці Інстаграм. Можна пісаць на сайт, які даступны з Беларусі праз VPN. Там ёсць форма зваротнай сувязі. Ёсць шмат кропак уваходу. Не раю пісаць мне асабіста, бо шмат чаго трапляе ў спам, а я яго правяраю не штодзень. Таму – звяртайцеся на пляцоўкі і атрымлівайце дапамогу, калі яна вам патрэбная.

Артыкулы
Ці не на карысць рэжыму эвакуацыя актывістаў з Беларусі? Спыталі тых, каго вывезлі
2022.02.08 13:55

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў