У нашым кіно ёсць два выпадкі, калі якасць ведаеш загадзя: прадукцыя «Беларусьфільму» і Курэйчыка

Як так склалася, што мы зноў абмяркоўваем кіно Андрэя Курэйчыка? Злуюся і пішу калонку. Курэйчык чарговы раз знайшоў, як прыцягнуць увагу да таго, што ён робіць: у якасці рэжысёра ўзяўся за серыял пра Акрэсціна і беларускую рэвалюцыю.

Тут, каб звярнуць на сябе ўвагу, шмат розуму не трэба: усё, што цяпер робіцца пра 2020 год і пазней, прыцягвае ўвагу. І публіка магла б мірна чакаць асэнсавання падзеяў у будучым серыяле альбо паспяхова ігнараваць яго існаванне, але аўтар апублікаваў цізер бэкстэйдж са здымак. У бэкстэйджы сілавікі пад эфектную музыку расстрэльваюць затрыманых пратэстоўцаў у засценках Акрэсціна. І стала ясна, што, можа, нацыю рэвалюцыя і змяніла, але Андрэя Курэйчыка – не.

Я бачыла дастаткова фільмаў гэтага аўтара, каб быць абыякавай да будучага серыялу. Адэптам ідэі, што кіно можна ацэньваць толькі тады, калі паглядзіш яго цалкам, а ўсе іншыя мадэлі паводзінаў – маветон, адказна заяўляю: часам фільм магчыма ацаніць загадзя. У прыватнасці, у беларускім кіно сёння ёсць дзве катэгорыі, вартасць якіх ты ведаеш яшчэ да пачатку здымак: ігравая прадукцыя «Беларусьфільму» і стужкі Андрэя Курэйчыка.

Hавiны
Андрэй Курэйчык: Серыял пра Акрэсціна можа стаць соллю на рану, але гэтая рана не павінная зарасці
2022.02.08 19:35

Курэйчык цікавы больш як феномен: як рэжысёр з такой нізкаякаснай фільмаграфіяй і рэпутацыяй прайдзісвета дае рады збіраць грошы і каманды на новае кіно. Тым больш цікава – як яму ўдалося запэўніць людзей, што ён дасць рады не аблажацца з такой далікатнай тэмай, як Акрэсціна.

Але ўсё яшчэ гэта кіно, а я за яго ўсімі рукамі і нагамі. Няважна, якой якасці, нават калі асабіста я не ягоны спажывец, яно ёсць часткай кінапрацэсу і так ці інакш адыгрывае ў ім сваю станоўчую ролю. Без аніякай глебы, на пустэчы беларускі кінематограф раптам не расквітнее, а тут хаця б будуць прыклады, як рабіць не трэба.

Я ўжо не кажу пра тое, што кіно адлюстроўвае час і сацыяльныя настроі, і на аснове гэтага потым можна пісаць кнігі кшталту класікі «Ад Калігары да Гітлера» Зігфрыда Кракаўэра, што дэманструе, як праз фільмы даследуюцца стан і змены ў грамадстве.

Нядаўна я пабачыла дакументальную кароткаметражку пра адну з першых начэй пасля выбараў 2020-га, калі людзі будавалі на вуліцах барыкады. Абсалютна аматарская работа з выкарыстаннем песні «Перамен» Віктара Цоя з парушэннем аўтарскіх правоў. Але ёсць у ёй нешта моцна каштоўнае: безумоўна, сам дакумент і, напрыклад, гукі Менску тых часоў. Вы памятаеце, як гудзелі вашыя гарады? Я памятаю, і для мяне гэта адзін з самых важных штрыхоў таго перыяду.

Побач з кіно, якое апошнім часам прагучала на кінафестывалях, кшталту «Куража» Аляксея Палуяна альбо стужкі «Калі кветкі не маўчаць» Андрэя Куцілы, аматарская кароткаметражка пра менскія ночы, якую ніхто не ведае, бачыцца мне роўназначнай часткаю кінапрацэсу, і яна проста мусіць існаваць.

На гэтым можна было б разысціся, але з’явіўся праект «Акрэсціна», а за ім – кідкія фразачкі пра «першы серыял пра беларускую рэвалюцыю» ды згаданы ўжо цізер бэкстэйдж са здымак. І прымусілі прагаворваць досыць відавочныя рэчы, якія, здавалася б, павінны рэгулявацца самі сабой. Што танная маніпулятыўная гульня з пачуццямі траўмаванай краіны, якая спрэс на антыдэпрэсантах і з псіхатэрапеўтамі, дзеля прамоцыі свайго кінапрадукта – так сабе ідэя. Што зухаваты экшэн на грунце нацыянальнай траўмы – цэлы серыял гэта ці рэкламнае відэа – хіба не да месца, прычым вельмі моцна не да месца.

Hавiны
Рэжысёр Андрэй Курэйчык паказаў бэкстэйдж серыялу пра Акрэсціна – сацсеткі абурыліся
2022.02.07 22:53

Усе гэтыя жэсты не дзівяць, бо ўсё ж маем справу з нястомным самапіяршчыкам Курэйчыкам, і здзіўляюць адначасова. У нас тут свет перакуліўся, а чалавек цягне ў балючую рэчаіснасць старыя піяр-патэрны і непрадбачліва заўчасна выкрывае, што «Акрэсціна» ён здымае не таму, што не можа не здымаць, і не таму, што «я беларус», а дзеля таго, каб прасунуць уласнае імя.

Мне можна адказаць, што такая брутальная прамоцыя серыялу – добра, бо больш людзей даведаецца пра рэпрэсаваных. І ў дадатак працытаваць жменю слязлівых маніпуляцыяў рэжысёра, якія ён ужо напісаў ці прагаварыў. На «Беларусьфільме» таксама нядаўна прэзентавалі серыял – «Полымя пад попелам», пра размінаванне Менску пасля Другой сусветнай вайны. І там таксама гучалі напышлівыя словы, у гэтым выпадку пра свет без вайны і каб не паўтараліся памылкі гісторыі ніколі. Але ж мы ведаем, што ні кінастудыя, ні Міністэрства культуры, якое замовіла «лот», такімі катэгорыямі не думае.

У адказ на неэтычныя рэкламныя целарухі каманды серыялу «Акрэсціна» грамадства пачало рэгуляваць працэс, як навучылася рэгуляваць рэчы за апошнія два гады. Я бачыла гэта на нядзельных маршах: калі нехта пачынаў гарланіць, паскудзіць і правакаваць, да яго падыходзілі людзі і давалі зразумець, што ягоныя паводзіны сюды не ўпісваюцца. І той змаўкаў. Не помню, каб нехта пачынаў кідацца і абзывацца хлусамі ды дурнямі з-за таго, што ягоных недарэчных жэстаў не ацанілі.

Са згаданым рэжысёрам яно чамусьці не спрацавала. Калі грамадства паказала свае пачуцці ад дзеянняў аўтара – уласны дыскамфорт, збянтэжанасць ці нават боль, было і такое, – той напісаў, што «сабакі брэшуць – караван ідзе». І паспеў увярнуць пра тое, што яму сапраўды баліць: маўляў, калі бэкстэйдж выклікаў такую буру, то што будзе, калі выйдзе фільм? (Калі такі хайп на здымках пілотнай серыі, то што ж далей?)

Здавалася б, серыял жа для беларусаў робіцца, навошта ігнараваць сваю публіку, усе ж у сваіх эмоцыях не дурні. Ну, бо мэта дасягнута. Цяпер спадар Курэйчык гайдаецца на хвалі хайпу, раздае інтэрвю, абяляе сябе сацыяльнай значнасцю серыялу і адказвае сваім «незычліўцам». Мне, напрыклад, прыйшла прэтэнзія на тое, што я «вякаю пасля працы ў інфармацыйнай і прапагандысцкай памыйцы «Звяздзе». Курэйчык, на хвілінку, працаваў на канал ОНТ. Гэта безнадзейна, проста безнадзейна нікчэмна.

Нарэшце, я заканчваю губляць час на гэтае імя, і праект становіцца мне яшчэ больш не цікавы, чым быў не цікавы раней. Я адзінага беларускага кіно не ўспрымаю – кіно, у якім на болі і енках прайдзісвет робіць сабе імя важнага рэжысёра.

ІК belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў