У Арменіі пратэставалі перад беларускай амбасадай. Напярэдадні ў МЗС выклікалі амбасадара Беларусі

Другі дзень у Арменіі пратэстуюць супраць словаў Аляксандра Лукашэнкі ў дачыненні гэтай краіны. На гэтую тэму выказаліся МЗС, дэпутаты, а цяпер прайшла акцыя пратэсту.

Пратэст каля беларускай амбасады ў Ерэване. Фота: AZGAYNAKAN / Telegram

9 лютага акцыю пратэсту перад беларускай амбасадай у Ерэване зладзіў Нацыянальна-дэмакратычны полюс.

«Дыктатар Беларусі прадаў краіну і сваю асобу Расеі, каб крыху падоўжыць уласнае кіраванне, і стаў прэс-сакратаром Пуціна. Нагадаем, прэзідэнт Беларусі Лукашэнка назваў Арменію нікому не патрэбнай (чытай: нікчэмнай) краінай», – гаворыцца ў паведамленні прыхільнікаў арганізацыі.

З чаго пачалося

Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв’ю расейскаму прапагандысту Уладзіміру Салаўёву, адказваючы на пытанне аб будучыні «Саюзнай дзяржавы» Расеі ды Беларусі, заявіў:

«Вы ведаеце, Беларусь ужо там. Мяркую, што для Казахстану быў добры ўрок. Калі вы кажаце – тэрмін 15 гадоў, упэўнены, што там будзе Украіна, калі мы не наробім памылак… Арменіі падзецца няма куды».

І дадаў: «Вы думаеце, яны камусьці патрэбны? Яны ўжо ўбачылі… Нікол Ваваевіч [Пашыньян. – Рэд. Belsat.eu] гэта ўбачыў».

Выклік амбасадара

Пасля выхаду інтэрв’ю амбасадар Беларусі ў Ерэване Аляксандр Канюк быў выкліканы 8 лютага ў МЗС Арменіі. Пра гэта паведаміў прэс-сакратар армянскага замежнапалітычнага ведамства Ваан Унаньян. Іншых падрабязнасцяў ён не агучыў, перадаюць «Новости-Армения».

«Перакананыя, што своеасаблівы геапалітычны аналіз прэзідэнта Беларусі прызначаны перш за ўсё для ўласнага ўнутрыпалітычнага парадку дня і не мае нічога агульнага з Арменіяй і яе замежнай палітыкай», – адзначыў Унаньян перад гэтым, піша «Арменпресс».

Раскрытыкавалі словы Лукашэнкі і армянскія дэпутаты.

Гэтак, прадстаўнік кіроўнай фракцыі «Грамадзянская дамова» Вагаршак Акап’ян заявіў, што «падобныя словы непрымальныя і недарэчныя для прэзідэнта краіны, а такія фармулёўкі заганныя».

Пратэст каля беларускай амбасады ў Ерэване. Фота: AZGAYNAKAN / Telegram

«Кіраўнік нашай краіны-партнёра не мае права выказваць падобныя думкі ў дачыненні іншай краіны-партнёра. Жадаю нагадаць, каму патрэбная была Арменія падчас апошніх падзеяў у Казахстане. Я ўпэўнены, што спадар Лукашэнка лепш за ўсіх ведае, каму патрэбная Арменія», – сказаў ён.

Ягоны калега Авік Агазар’ян заявіў, што «такія людзі, як Лукашэнка і Маргарыта Сіманьян, сваёй дзейнасцю аказваюць мядзведжую паслугу расейскаму ўраду і расейскай дзяржаве. Перш чым рабіць такія заявы, лепш бы Лукашэнка паглядзеў, што робіцца ў менскім аэрапорце, які больш падобны да свінарніка».

А іншы дэпутат Рустам Бакаян сказаў:

«А каму патрэбны Лукашэнка? Гэтае рытарычнае пытанне, думаю, [беларускі. – Рэд. Belsat.eu] народ яму задаў, і тыя працэсы, якія адбыліся ў краіне, былі дакладнай ацэнкай ягонага мінулага тэрміну кіравання, таго, у якім стане ён утрымліваў краіну, і якім стаў вынік».

У сваю чаргу в. а. спікера парламенту Арменіі Акоп Аршак’ян заявіў, што краіна не абмяркоўвае далучэння да «Саюзнай дзяржавы».

МГ belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны