«Пакінуў нават Ордэн Пашаны». Легендарны лыжнік Сяргей Далідовіч выехаў з Беларусі, пакуль ідзе Алімпіяда

«Мы ні ад каго не хаваліся, выляталі афіцыйна самалётам Менск – Масква – Варшава. Я толькі спраўдзіў сябе ў базе Міністэрства ўнутраных справаў, ці няма ў мяне нейкіх нясплочаных штрафаў, я на машыне шмат езджу. Нічога не было, забароны не стаяла», – так пачынае свой расповед легендарны лыжнік Сяргей Далідовіч, які цяпер жыве ў Варшаве.

Сяргей Далідовіч у часовай кватэры ў Варшаве адразу пасля пераезду з Беларусі. Фота: КК / Белсат

Карэспандэнт «Белсату» наведаў Сяргея неўзабаве па прылёце.

– Тэарэтычна ці маглі да вас у кватэру ранкам уварвацца і пакласці тварам у падлогу? Так, да кучы, для справаздачнасці?

– Усё магло быць. Але пакуль ідзе Алімпіяда – у мяне ёсць шчыт. У тым годзе я быў чальцом Саюзу спартоўцаў НАК Беларусі, таксама быў шчыт. Натуральна, калі ты ўваходзіш у склад Камісіі спартоўцаў НАК (там 10 чалавек ад кожнай краіны), то калі б мяне пачалі адкрыта прэсаваць – гэта быў бы зусім ужо перабор. Але ніхто не дае гарантыі, што не было б ніякіх інцыдэнтаў пасля Алімпіяды. Мы хацелі выехаць яшчэ да пачатку Гульняў, але пайшлі па гэтых ПЛР-тэстах, і гэта не так хутка. Патрацілі на ўсю сям’ю амаль 300 еўраў. І ўсё роўна сярэдняя дачка прыляцела пазней. Я ў Варшаве ўжо чатыры дні і пакуль не абвяшчаў аб гэтым, чакалі дачку. У яе быў станоўчы тэст. Былі ўсе на нервах. Пачакалі, калі будзе адмоўны тэст, Дар’я прыляцела два дні таму, і мы супакоіліся.

– Калі вы канчаткова наважыліся на пераезд?

– Гэта было 29 снежня мінулага года, калі стала канчаткова вядома, што Дар’і прасоўвацца ў спорце ні пры якіх умовах не дадуць. Тады адразу ўзнікла пытанне: а што мы тут робім увогуле? У першую чаргу пільнавалі спартовыя інтарэсы Дар’і – сярэдняй дачкі. Вялікую ролю і супруга адыграла. Ірыну вельмі абурыла такое стаўленне да ейнай яшчэ няпоўнагадовай дачкі. І тое, што яна раней трымала ў сабе, цяпер проста выпаліла: калі мы не патрэбныя краіне, то нашто мы тут увогуле застаемся? Калі спачатку ў тым годзе з падачы Міністэрства спорту было нейкае негалоснае пажаданне нас нікуды не выпускаць на спаборніцтвы за бюджэтныя грошы, то пазней нам забаранілі гэта рабіць і за ўласныя грошы. То куды ўжо далей?

Рэчы Златы, малодшай дачкi Сяргея Далідовіча. Фота: КК / Белсат

– А што Дар’я скончыла ў Менску?

– Дар’я яшчэ не скончыла 11 класаў. Афіцыйна яна вучыцца яшчэ. Будзем зараз вырашаць пытанне аб перасылцы дакументаў. Пакуль нічога не ведаем. Будзем шукаць юрыстаў, якія падкажуць нам, што рабіць і як працягнуць навучанне.

– Вы ж беспрацоўны ўжо некалькі месяцаў?

– Кантракт скончыўся ў траўні мінулага года. Што датычыць супругі, то яна з перапынкамі на дэкрэтны адпачынак восем гадоў працавала ва Універсітэце фізічнай культуры. А напрыканцы мінулага года пры падпісанні кантракту прасіла на пяць гадоў – ёй падпісалі на год. І як вы думаеце, ці прадоўжыўся б сёлета кантракт? [Смяецца.] Лепш раней, чым чакаць, калі аб цябе ногі вытруць. Напісала заяву ўчора, выслала праз інтэрнэт – яе хутка звольнілі і ўжо разлічылі. Дык хіба мы адны такія?

– Шмат чаго ўзялі з сабою?

– Мы вывезлі 20 кілаграмаў скарбу на чатырох чалавек. Шчаслівыя людзі. [Смяецца.] Я паволі рыхтаваўся, прадаў машыну. На першы час жыхарства ў эміграцыі хопіць. Ды мы і аптымісты – нешта абавязкова будзе. І будзе добра!

Фота: КК / Белсат

– Ці ёсць у вас хто ў Польшчы?

– Сястра жончына больш за год таму пераехала сюды разам з сям’ёй. Але спадзяемся толькі на ўласныя сілы. Нас сустрэлі, давезлі. Звязваліся з Фондам беларускай салідарнасці. Яшчэ ў Менску я шукаў кватэру ў Варшаве. Вядома, жыццё тут значна даражэйшае. Але ж і магчымасцяў нашмат больш. Крок за крокам.

– А як паставіліся вашыя сваякі да гэтага пераезду?

– Напрыклад, бацькі жонкі да гэтага часу не ведаюць, што мы з’ехалі назусім. Яны думаюць, што мы паехалі да старэйшай дачкі ў госці. Вольга год таму сышла з Універсітэту фізічнай культуры і пераехала ў Варшаву, дзе цяпер вучыцца. Яны дагэтуль не ведаюць, што Дар’ю адлучылі на год ад спорту. Я ім гэтага не казаў. Для бабулі і асабліва дзядулі, які сачыў за ейнымі выступамі, быў гарачым заўзятарам унучкі, – для людзей ва ўзросце гэта было б моцным ударам. Старэйшая дачка Вольга цяпер вучыцца тут. 1 сакавіка летась з’ехала, і мы яе амаль год не бачылі. Са стыпендыяй вучыцца, на палітолага, яе падтрымліваюць. Пры каталічным касцёле адкрылася летась новае аддзяленне, сёння ў яе экзамен. Ёй усё падабаецца. Па-польску добра размаўляе – нашыя мовы падобныя, таму няма тут вялікіх складанасцяў. І яна нам дапамагала тут, як мы прыехалі. Скончыла тры курсы Беларускага Універсітэту фізкультуры, вучылася на трэнера-выкладчыка, была ж лыжніцаю таксама. Здала сесію, паставіла на паўзу і паехала.

– А што ў вас там засталося?

– Нерухомасць засталася. У мяне на радзіме ў Воршы нічога няма. Цёткі любімыя жывуць. Але пераймацца? Мы ж усе думаем, што заўтра вернемся ў Беларусь.

Ірына, жонка Сяргея Далідовіча, і дачка Злата. Фота: КК / Белсат

– А Польшчу выбралі, бо тут дачка старэйшая?

– Не толькі. Ёсць карані. У жонкі Ірыны дзядуля служыў у Войску Польскім. Ёсць афіцыйнае пацверджанне, і сёстры паспелі зрабіць карту паляка, калі гэта было важкаю падставаю для выезду і атрымання тут афіцыйнага статусу. Мой дзядуля пахаваны тут. Быў лейтэнантам Чырвонай Арміі. Загінуў на мяжы з Нямеччынаю, вызваляючы Польшчу. Я туды ездзіў на магілу. Знайшоў месца дзякуючы Чырвонаму Крыжу.

– Лёгкаатлетка Крысціна Ціманоўская і вершніца Вольга Сафронава пераехалі ў Польшчу з мэтаю выступаць за гэтую краіну. Ці ёсць такая мэта і ў вашай дачкі Дар’і?

– Так, я казаў, што мы найперш з’ехалі з-за бесперспектыўнасці ейных шанцаў рэалізавацца там як спартоўкі. Але будзем глядзець, як будуць разгортвацца падзеі. Узрост ёй дазваляе зрабіць невялікую паўзу ў актыўных занятках спортам. 17 гадоў ёй толькі споўнілася ў снежні. Я навучыў яе перасоўвацца даволі хутка на лыжах. Калі возьмуць – будзем разглядаць пытанне аб працягванні заняткаў ейнаю любімаю справаю. Калі не ўдасца працягнуць спорт – будзем проста жыць і вучыцца. Ісці далей. Не трэба казаць, што яе пазбавілі шанцу выступіць на Алімпіядзе ў Пекіне, яна яшчэ маленькая. У яе былі мэты выступіць у Еўрапейскіх Алімпійскіх днях моладзі, але гэтым разам не ўдасца, бо яны пройдуць ужо ў сакавіку.

– А што са Святланай Андрыюк, якую таксама падпісалі пад апазіцыянерку?

– Яна засталася ў Менску, чакае свайго сябра, які працуе з паралімпійскай зборнай. Мы так выпадкова сышліся ў гэтай сітуацыі, дагэтуль не былі блізкія. Сітуацыя нібыта падобная, і нібыта розная. Святлана будзе вырашаць пазней наконт сваёй будучыні.

Дар’я i Злата. Фота: КК / Белсат

– А якія ў вас асабіста і ў вашай жонкі планы?

– Галоўнае нам цяпер – вырашыць з Дар’яй. Малодшая, Злата, яшчэ толькі ўзросту садка. Удасца – хацелі б працаваць у спорце. Не – будзем перавучвацца. Будзем жыць і нікому не замінаць. Мы паехалі нават з імпэтам, ніхто не вагаўся. У нашай сям’і так было заведзена заўсёды: адзін за ўсіх, і ўсе за аднаго. Таму разам і лягчэй даваць рады з цяжкасцямі і пераменамі ў жыцці. Тым больш я не адчуваю дыскамфорту, будучы ў Варшаве. Першы раз сюды выехаў у 1991 годзе. Мы ездзілі праз абмен ад інстытуту фізкультуры. І пры тых складаных часах на Плошчы перад Палацам культуры, калі тут нічога не было, я на плошчы гандляваў і пральным парашком, і гарэлкай, і ровар прывёз прадаў. І назад, як і ўсе, адвёз джынсы і швэдры. Быў такі досвед. А што тут хаваць? Потым былі выезды ў Закапанэ на зборы ў 1992–1994 гадах. І мае першыя міжнародныя спаборніцтвы былі там – Сусветная Універсіяда. Я заняў тады высокае пятае месца ў юніёрскім узросце дзевятнаццацігадовым.

– А што ў Беларусі засталося памятнага: лыжы, прызы?

– Усё прадалі. Увесь інвентар распрадаў дома. Толькі рэчы ўзялі з сабою на першы час. На першы час бегаць, рухацца. Калі ўсё атрымаецца з Дар’яй, то ўсё гэта можна будзе тут знайсці: і лыжы, і інвентар! Ровары толькі пакінулі. Але спадзяемся, што нам іх сюды перададуць. Усе мае медалі – на балконе засталіся. Калі каму цікава – магу падказаць, дзе канкрэтна. [Смяецца.] І «Ордэн Пашаны» таксама…

Фота: КК / Белсат

Сяргей Далідовіч адзіны ў гісторыі лыжнік, які браў удзел у сямі Алімпіядах (1994–2018), а таксама ў 12 запар чэмпіянатах свету. Найвышэйшае месца на Алімпіядзе – 5-е. Ва ўзросце 40 гадоў на Алімпіядзе ў Сочы заняў 5-е месца ў мас-старце на 50 кіламетраў.

Размаўляў Аляксандр Пуціла belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны