Францыя, Нямеччына і Польшча шукаюць шляхі, каб перадухіліць вайну ў Еўропе


Прэзідэнты Францыі і Польшчы Эманюэль Макрон і Анджэй Дуда, а таксама канцлер Нямеччыны Оляф Шольц назвалі сваёй агульнай задачай перадухіленне вайны. Пра гэта яны заявілі на сустрэчы ў веймарскім фармаце ў Берліне 8 лютага, піша Reform.by. Шольц на наступным тыдні паляціць у Маскву і Кіеў.

Шольц падкрэсліў, што ў бягучым паўгоддзі Нямеччына старшынюе ў вялікай сямёрцы, Францыя – у Радзе ЕЗ, Польшча – у АБСЕ. Як вынік, тры краіны нясуць асаблівую адказнасць за глабальныя пытанні бяспекі Еўропы.

«Ва ўсіх нас ёсць адна агульная мэта – захаванне міру ў Еўропе шляхам дыпламатыі і праз ясныя паведамленні і гатоўнасць да супольных дзеянняў», – сказаў Шольц.

Аб’ектыў
Сталі вядомыя вынікі перамоваў Макрона з Пуціным і Зяленскім
2022.02.08 22:32

Шольц таксама зазначыў, што Расея сутыкнецца з сур’ёзнымі палітычнымі, эканамічнымі і геастратэгічнымі наступствамі ў выпадку агрэсіі супраць Украіны. Ён паведаміў, што ўслед за Эманюэлем Макронам на наступным тыдні накіруецца ў Маскву і Кіеў.

Макрон у сваю чаргу падкрэсліў, што сустрэчы ў веймарскім фармаце дэманструюць волю да ўніфікацыі стратэгіі трох буйнейшых еўрапейскіх краінаў.

«Мэта даволі простая – гэта перадухіленне вайны. Мір важней за ўсё для нашага кантыненту. Нашая мэта – захаваць гэты мір. Другая мэта – умацаваць адзінства еўрапейцаў. Трэцяя мэта – абарона прынцыпаў, якія робяць Еўропу такой, якой яна была на працягу трыццаці гадоў», – сказаў Макрон.

Hавiны
Літоўская армія падвысіла ўзровень боегатоўнасці з-за расейска-беларускіх вучэнняў
2022.02.08 11:35

Пра неабходнасць знайсці развязанне бягучага крызісу заявіў і прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда.

«Мы павінны знайсці рашэнне, каб пазбегнуць вайны – гэта нашая асноўная задача. Я веру, што мы гэта зробім. На мой погляд, сёння самае галоўнае – адзінства і салідарнасць. Мы павінны паказаць, што мы гаворым адным голасам. Мы павінны паказаць, што мы супольнасць, мы павінны паказаць, што нас нельга зламіць, і, на мой погляд, мы таксама павінны паказаць, што не саступім і не пакінем некага толькі таму, што баімся, што не зможам дамагчыся міру», – сказаў ён.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў