Беларусы Брытаніі ціснуць на ўрад у пытаннях Інтэрполу і дамагаюцца, каб бізнес не фінансаваў дзяржаўных тэлеканалаў


Нашага суразмоўцу завуць Андрэй, ён прадстаўнік беларускай супольнасці ў Вялікай Брытаніі. Мы гутарым пра падзеі, якія далі новы імпульс руху беларусаў у Англіі, дзе здаўна існавалі супольнасці нашых землякоў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Акцыя беларусаў у Вялікай Брытаніі. Фота прадстаўлена рэдакцыі

Яшчэ да 2020 года ў Лондане былі суполкі прадстаўнікоў розных бізнесаў, нэтўоркінг, Згуртаванне беларусаў Бацькаўшчыны, а таксама беларуская бібліятэка, царква і іншыя супольнасці.

Андрэй з Беларусі з’ехаў даўно, вандраваў, а потым перабраўся ў Англію.

«Я за ўсе гэтыя гады ўжо прызвычаіўся да Лукашэнкі. Тым больш, што пасля захопу Крыму ён быў нібы такі гарант незалежнасці. Праўда, я з часам перастаў сачыць за палітыкай, бо ніякай палітыкі ў Беларусі ўжо не было. І вось на пачатку лета да мяне дайшло, што там, у Беларусі, ідзе нейкая хваля ад «Краіны для жыцця», і тут таксама пачалі патроху мабілізоўвацца, выходзіць на пратэсты», – згадвае суразмоўца.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Акцыя беларусаў у Вялікай Брытаніі. Фота прадстаўлена рэдакцыі

У дзень выбараў у Лондане была моцная спёка, і да амбасады паўстала кіламетровая чарга з ахвочых прагаласаваць. Сотні беларускіх грамадзянаў не трапілі на ўчастак і моцна абураліся. Адзін чалавек нават скокнуў на пасольскую машыну. А першая значная акцыя ў Лондане адбылася пасля таго, як з’явілася інфармацыя пра затрыманне Віктара Бабарыкі, яшчэ ў сярэдзіне чэрвеня.

«Тады мы зразумелі, што нас тут шмат, што мы ўсе разам. Потым былі выбары, і той жах, які адбыўся пасля іх, – быў шокам для ўсіх. Гэтага нельга дараваць ці забыць. І вось з таго лета, ужо паўтара года, я асабіста і дыяспара агулам зрабіліся вельмі актыўныя», – тлумачыць Андрэй.

Інтэрв’ю
«Людзі з Беларусі просяць не пісаць лістоў». Як беларусаў падтрымліваюць з Японіі
2022.01.29 16:00

Лета 2020 года аб’яднала розныя суполкі ў агульную супольнасць, якая цяпер працуе ў некалькіх кірунках.

«Не толькі суполкі аб’ядналіся, але і павылазілі аднекуль сотні беларусаў, пра якіх ніхто раней не ведаў. І мы развялі такую актыўнасць – за першы год у нас прайшло больш за сто акцыяў. Мы розныя рабілі: мітынгі каля амбасады, маршы праз увесь Лондан, у нашых калонах хадзілі і беларусы, і ўкраінцы, і ангельцы нават. Кожны стараецца пісаць лісты сваім парламентарыям, каб тыя ціснулі на ўрад і той уводзіў санкцыі ці выказваў пратэст на тое, што адбываецца ў Беларусі», – распавядае спадар.

Раней беларусы Англіі арганізавана пачалі падтрымліваць адзін са страйкамаў на дзяржаўным прадпрыемстве. Таксама падтрымліваюць беларусаў у Беларусі. Асобнай працай у дыяспары застаецца дапамога палітвязням. Беларусы Англіі пішуць ім лісты, збіраюць грошы, а таксама шмат хто з іх удзельнічае ў праекце «IneedHelpBy».

«Я сам ахвяраваў грошы і ўжо больш за год падтрымліваю пацярпелых, спачатку адну сям’ю, цяпер іншую. Ведаю, што шмат хто з нас выбраў сабе сем’і – і падтрымліваюць іх. Данацім праз «BySol» на розныя ініцыятывы. Ёсць і прыватныя зборы. Была гісторыя, калі маці пасадзілі, а бабуля з дзецьмі збегла ў Польшчу, і мы дыяспарай кожны месяц збіраем сродкі і перадаем ім».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Акцыя беларусаў у Вялікай Брытаніі. Фота прадстаўлена рэдакцыі

У спіс сваіх актыўнасцяў беларуская супольнасць уключыла і эканамічны ціск на кампаніі ў Еўропе, якія працуюць з дзяржаўнымі прадпрыемствамі ў Беларусі.

«Напрыклад, мы пісалі сотні лістоў у кампанію «British American Tobacco», каб тыя не працавалі з гарадзенскай кампаніяй «Нёман». Мы трыццаць разоў хадзілі з мітынгамі да нарвежскай амбасады, бо Нарвегія – буйны акцыянер у кампаніі «Yara». Мы выступалі за тое, каб яны спынілі супрацу з «Беларуськаліем». Таксама займаліся кампаніямі, якія распаўсюджваюць сваю рэкламу на беларускім тэлебачанні і такім чынам фінансуюць гэтую машыну прапаганды і нянавісці. Некаторыя кампаніі спынілі супрацу. Акцыі вельмі актыўныя, і мы працягваем гэта».

У Брытаніі ёсць і народная амбасада. Андрэй адзначыў, што праца розных суполак і розных кірункаў вельмі гарманічна ў іх пераплятаецца:

«У нас штотыднёвыя сазвоны і планаванне, што трэба зрабіць. Пішам афіцыйныя лісты ў парламент ад народнай амбасады і ад дыяспары. Ідэя была такая, што тыя, хто сядзяць у амбасадзе пад чырвона-зялёным сцягам, больш не прадстаўляюць беларускі народ. А мы будзем прасоўваць беларускі парадак дня, выходзіць на кантакт з палітыкамі і міністэрствамі і інфармаваць пра тое, што адбываецца ў Беларусі. У кожнай краіне амбасада працуе па-свойму. У нас ёсць кантакты з Міністэрствам замежных справаў, мы абмяркоўваем, што можа зрабіць брытанскі ўрад. Напрыклад, дадаць ціску на Інтэрпол, каб ён не высылаў інфармацыю беларускім сілавікам, або ціск на міжнародныя банкі развіцця, каб тыя зноў не далі мільён рэжыму. Агенда вельмі вялікая», – распавёў Андрэй.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Акцыя беларусаў у Вялікай Брытаніі. Фота прадстаўлена рэдакцыі

Наконт прытулку ўцекачам з Беларусі праца не дужа актуальная, прызнаўся наш суразмоўца:

«Да нас не так проста дабрацца. Былі людзі, прыязджалі сюды. І тое, што ёсць, працуе, але гэта каля пяці асобаў ці сем’яў. Яны прыехалі з адной візай, потым зразумелі, што іх шукаюць на радзіме, і яны змянілі статус, і ім далі дакументы, каб маглі тут працаваць. Мы разглядаем праблему і з дакументамі. Калі ў якога белруса скончыўся пашпарт, каб ён не хадзіў у беларускую амбсаду. Таму мы больш засяроджаныя на гэтым».

Артыкулы
«Да 2020 года для датчанаў Беларусі не існавала». Як жыве беларуская дыяспара ў Даніі
2022.01.23 16:05

Адзін з галоўных абавязкаў народнай амбасады – трымаць у курсе беларускіх падзеяў медыі.

«Мы працягваем казаць пра Беларусь. Наконт акцыяў, што праходзяць, пра ціск на кампаніі – журналістаў гэта вельмі цікавіць, і яны ахвотна пра гэта пісалі. І самі журналісты да нашай сітуацыі не абыякавыя. Цяпер беларускі парадак дня трошкі адышоў на другі план, але тое, што адбывалася на мяжы, моцна прыцягвала ўвагу. Цяпер усе баяцца, што Расея нападзе на Украіну, а гэта датычыць і нас. Мы шмат працуем, каб прыцягнуць увагу журналістаў і грамадства да падзеяў у Беларусі», – падкрэсліў прадстаўнік дыяспары.

Адной з самых запамінальных акцыяў для Андрэя стаў таварыскі матч паміж прадстаўнікамі беларускай дыяспары Брытаніі і шатландскімі актывістамі. Ён прайшоў з нагоды затрымання Аляксандра Івуліна:

«Гэта было ў верасні. І гэты матч атрымаў вялікі розгалас у медыях. Тут выставай не асабліва заахвоціш людзей, а вось футболам удалося. Хочам паўтарыць пазней, каб зноў даць імпульс увазе тутэйшых да беларусаў».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Акцыя беларусаў у Вялікай Брытаніі. Фота прадстаўлена рэдакцыі

Сёлета дыяспара плануе працягваць працу ў абраных кірунках і рэагаваць на падзеі ў Беларусі.

«Выйшла справаздача пра ўгон самалёта «Ryanair». Будзем ціснуць на ўрад Брытаніі, якая ўваходзіць у авіяцыйную асацыяцыю, каб яны сваім голасам і з саюзнікамі зрабілі слушныя высновы і прынялі захады, каб пакаралі беларускі бок», – паведаміў Андрэй.

Яшчэ адна новая ініцыятыва з’явілася пасля паседжання парламенту Францыі, дзе заклікалі дапамагаць вольнай Беларусі ўнутры краіны і за яе межамі.

«Мы паглядзелі, што гэта ініцыяваў адзін французскі парламентар, Фрэдэрык Пэці. Мы з Англіі з ім звязаліся і будзем зараз праз сяброў у англійскім парламенце рабіць штосьці такое ў нас. Рэзалюцыі аб Беларусі прымаліся ў Еўрапарламенце, а ў нас пакуль не. То будзем займацца гэтым новым кірункам», – абяцае Андрэй.

Сачыць за падзеямі беларускай супольнасці ў Брытаніі можна ў telegram.

Артыкулы
«Здымала ўсе маршы ў Светлагорску, а цяпер мае намер зарэгістраваць дыяспару». Як жывуць беларускія актывісты ў Грузіі
2022.01.30 16:00

МГМ belsat.eu

Стужка навінаў