«Бачыш гэтыя атрады АМАПу і адчуваеш ліпкі страх» – у Ізраілі рыхтуецца прэм’ера фільму пра Беларусь


Маем яшчэ адзін фільм пра беларускую рэвалюцыю – ён называецца «Жанчыны, якія неслі кветкі».

Аўтаркаю стала ізраільская журналістка, арабістка і палітычная дзяячка Ксенія Святлова. Разам са сваёй камандай – рэжысёрам Міхаілам Векселем і прадзюсарам Раманам Коўганам – яна трапіла ў Беларусь узімку 2021-га. Каманда працавала, увесь час рызыкуючы быць затрыманымі. Тым не менш, дакументальная карціна пра беларускі супраціў і яго жаночы твар гатовая – прэм’ера адбудзецца 11 лютага ў Тэль-Авіўскай сінематэцы. Неўзабаве фільм зможа паглядзець і беларускі глядач.

Фрагмент фільму «Жанчыны, якія неслі кветкі». Відэа прадстаўлена рэдакцыі

– Са зразумелых прычынаў час пасля выбараў у Беларусі адлюстраваны пераважна на нізкай якасці відэа з тэлефонаў і мала адлюстраваны ў кіно. Калі вы пачалі здымкі, і што ўнікальнага заспелі?

– Калі мы з калегамі вырашылі, што хочам зняць фільм пра падзеі ў Беларусі і сталі выпрацоўваць канцэпцыю, у Ізраілі пачаліся забароны на выезд, і цягам амаль двух месяцаў мы папросту не маглі выехаць з краіны. У выніку ў Менску мы апынуліся ўжо зімой 2021 года, калі шырокамаштабныя акцыі пратэстаў скончыліся. У фільме мы ў першую чаргу ставілі пытанне, што менавіта адбылося, што паспрыяла масаваму выхаду на вуліцы жанчын, прычым не толькі ў якасці шараговых удзельніц, але і ў якасці лідарак пратэстаў. Таму нам хацелася сустрэцца з маладымі маці, пенсіянеркамі – ведаеце, тымі, што ніколі не былі звязаныя з палітыкай. І, вядома, з палітычнымі лідаркамі. Святлану Ціханоўскую і Вераніку Цапкалу мы здымалі ўжо ў Літве і Латвіі.

Другое пытанне, якое мы перад сабой ставілі, дагэтуль працягвае мяне трывожыць: што адбываецца з пратэстам, калі свет губляе да яго інтарэс? Калі прыгожыя, маляўнічыя і кідкія акцыі, на якія свет глядзіць, як зачараваны, заканчваюцца, але пратэст жа – не. А рэпрэсіі не толькі не спыняюцца, а робяцца больш цяжкімі. Нам было важна адчуць атмасферу той Беларусі, куды ўжо рэдка пускалі замежных карэспандэнтаў. Наколькі разумею, мы там былі фактычна адны, і нам было вельмі не проста здымаць на вуліцы, таму момант быў схоплены ўнікальны.

Даведка
Аўтарка фільму Ксенія Святлова. Фота прадстаўленае рэдакцыі

– Вы са здымачнай групай траплял ў рэальную небяспеку?

– Дазволу на здымкі мы, зразумела, не мелі, і стараліся здымаць так, каб нас ніхто не заўважыў. Я працавала карэспандэнтам у арабскіх пытаннях на ізраільскім тэлебачанні – і пад кулямі была, і арыштоўвалі мяне ў Каіры падчас Арабскай вясны, усякае было, але калі ў Менску да нас падыходзілі людзі ў форме, у галаве ўзнікалі абсалютна канкрэтныя сцэнарыі. Я разумела, што калі нас раскрыюць, нягледзячы на тое, што мы замежныя грамадзяне, шкадаваць нас ніхто не стане. Наколькі адсотак небяспекі быў высокі ці нізкі, складана сказаць, але момантаў, што казыталі нервы, хапала. На нас глядзелі, падыходзілі, адзін раз мы літаральна адмазаліся – сказалі, што здымаем для беларускай перадачы рэпартаж пра хараство Менску, і ад нас, надзіва, адышлі. Гэта і ўласна ўезд у Беларусь: мы ведалі, што ў якасці фільммэйкераў нас ніхто не пусціць, і на мяжы вельмі доўга высвятлялі прычыну нашага прыбыцця, нашыя дакументы разглядалі пад лупаю, – тое самае, калі мы яшчэ раз заязджалі ў Беларусь з Літвы, бо з Літвы немагчыма было вылецець. Думаю, некаторыя з нас у тыя моманты пачалі сівець.

Беларусь ні ў кога з нас не асацыюецца з небяспекай, гэта ж не Сірыя, не Ірак, а цэнтр Еўропы. Але ты бачыш гэтыя атрады АМАПу, якія маршыруюць па вуліцах, – я ніколі не бачыла столькі сілавікоў, і адчуваеш ліпкі страх, зусім іншы ад таго, які я перажывала ў гарачых кропках, дзе ўсё шчыра і ясна: ходзяць людзі са зброяй, і цябе могуць забіць.

– Чаму для вас з Ізраілю роля жанчын у рэвалюцыі была відавочнай?

– Па-першае, я сама жанчына, і не магла не заўважыць вялізнай колькасці ўдзельніц, якія не проста ішлі за мужчынамі, а ішлі наперадзе, да таго ж у вас былі і чыста жаночыя рухі. Я была на рэвалюцыйных плошчах у Каіры, у Тунісе, і там таксама былі жанчыны, але яны не былі большасцю, іх была нават не палова і, вядома, яны не ўзначальвалі рух. А тут я, як усе, глядзела тэлебачанне, – у мяне не было нейкага асаблівага інтарэсу да Беларусі – і ўбачыла вось гэтыя жаночыя карагоды, дзяўчат з кветкамі, якія ідуць на амапаўцаў. Гэта было настолькі неардынарна, і я зразумела, што ў гэтай рэвалюцыі жаночы твар. У прамым сэнсе слова таксама, бо Святлана Ціханоўская, Вераніка Цапкала і Марыя Калеснікава не схаваліся за чужыя спіны, а стварылі ўласную тройцу, ведаючы, што ім пагражае небяспека. Абсалютна кожная жанчына, з якой мы размаўлялі, расказвала пра пагрозы забраць дзяцей. Але пасля папярэджвальных званкоў яны працягвалі сваю справу, месяцамі. Мне здаецца, глядзіш на хроніку – і ўсё відаць, жаночы твар пратэстаў не трэба даказваць. Менавіта таму гэта было так цікава, захапляльна і важна, бо насамрэч адбыліся дзве рэвалюцыі – паўстанне супраць аўтарытарнага рэжыму і жаночая рэвалюцыя. Думаю, гэта важны ўрок для пратэставых рухаў ва ўсім свеце і для жанчын ва ўсім свеце, і праз гады людзі будуць глядзець на тое, што адбывалася ў Беларусі, і вучыцца.

29 жніўня 2020.
Фота: Белсат

– Фільм рабіўся для замежнай адносна Беларусі публікі. Чым ён можа быць для яе важны?

– Я суджу па Ізраілі: у шмат каго ёсць сувязі з Беларуссю, у нас дастаткова вялікая суполка выхадцаў з Беларусі, некалькі прэзідэнтаў Ізраілю нарадзіліся на тэрыторыі Беларусі – у прынцыпе, нам гэтая краіна не чужая, але мы пра яе нічога не ведаем. З гледзішча майго і маіх калег, калі парушаюць нечыя правы і ты не рэагуеш, наступным разам парушаць твае, і свет будзе маўчаць. Таму нам хочацца ў Ізраілі, а таксама ў заходніх краінах, дзе сядзяць людзі, што прымаюць рашэнні, працягнуць казаць пра гэтую тэму, паказаць станаўленне жаночага руху і тое, што адбывалася ў Беларусі пасля таго, як тэлеканалы свету перасталі ёй цікавіцца. Тыя, хто ўжо бачылі фільм, кажуць, што недзе ён надта жорсткі, а нам здаецца, што гэтая жорсткасць неабходная, бо інакш чалавек, які нічога не ведае пра Беларусь, проста не зразумее, што людзі трапілі ў пастку і не могуць справіцца з гэтай бядой самастойна.

– Ці зможа беларуская публіка ўбачыць фільм?

– Безумоўна, 11 лютага адбудзецца прэм’ера ў Тэль-Авіўскай сінематэцы, дзе чакаецца аншлаг, а пакуль мы вядзем перамовы наконт будучых паказаў з некалькімі стрымінг-пляцоўкамі і тэлеканаламі.

Фільмы
Колеры нацыі
2021.03.25 19:45

Ірэна Кацяловіч belsat.eu

Стужка навінаў