Вадамёты і вялікая колькасць сілавікоў. Ігар Макар заклікаў беларусаў не выходзіць на пратэсты падчас УНС


Былы афіцэр спецназу, палітэмігрант Ігар Макар звярнуўся да беларусаў з просьбай не выходзіць на акцыі пратэсту падчас УНС 11-12 лютага.

Ігар Макар аргументуе тым, што ўладам вядомыя ўсе магчымыя акцыі пратэстоўцаў, а сілавікоў будзе ў разы больш за пратэстоўцаў. Будзе сцягнутая спецтэхніка, у тым ліку і вадамёты. А гэта значыць, што дзясяткі пратэстоўцаў акажуцца ў СІЗА. Да таго ж, у краіне – эпідэмія кавід, а ў камерах зараз холадна, перадачы не прымаюць, медычная дапамога – слабая.

Паводле Макара, беларусы павінныя зберагчы сябе: бяспека пратэстоўцаў сёння –галоўнае. Вясна і лета будуць часам маштабных пратэстаў. Ігар Макар заклікаў назапашваць сілы і рыхтавацца, каб захаваць пратэстны патэнцыял.

Усебеларускі народны сход, арганізаваны ўладамі, пройдзе 11-12 лютага ў Менску. Большасць дэлегатаў – дэпутаты мясцовых саветаў. Запрашэнні атрымалі і некаторыя апазіцыянеры, але яны могуць там прысутнічаць «без права голасу».

Звычайнаму беларусу патрапіць на УНС нерэальна.

AB, belsat.eu

Стужка навінаў