У офіс ІТ-кампаніі ў Горадні прыйшлі сілавікі


Супрацоўнікі «Godel Technologies».
Фота: godeltech.com

9 лютага сілавікі прыйшлі ў офіс IT-кампаніі «Godel Technologies» у Горадні.

Знаёмыя працаўнікоў кампаніі паведамілі «Белсату», што іх папрасілі ператэлефанаваць праз гадзіну. А на фоне былі чуваць мужчынскія галасы.

У «Godel Technologies» пацвердзілі карэспандэнту belsat.eu прыход сілавікоў у гарадзенскі офіс.

«Пацвярджаем. Візіт з дзейнасцю кампаніі не звязаны. Сітуацыя пад кантролем. Ад далейшых каментароў устрымаемся», – паведаміла піяр-менеджарка кампаніі Віталіна.

Як паведамляе Hrodna.life, у офіс «Godel Technologies» прыйшлі супрацоўнікі Кастрычніцкага РАУС Горадні. Яны хацелі агледзець працоўнае месца аднаго з супрацоўнікаў кампаніі Ягора Сачко ў рамках адміністрацыйнай справы. Самога супрацоўніка на месцы не было, бо ён працуе выдалена.

Супрацоўнік «Godel Technologies» Уладзімір Родчанка прасіў міліцыянтаў прадставіцца, а таксама тэлефанаваў адвакату і ўдакладняў, ці маюць яны права пранікаць у офіс без дакументаў. Яго затрымалі за непадпарадкаванне супрацоўнікам органаў унутраных спраў (арт. 23.4 КаАП).

12 жніўня 2020 года Уладзімір разам з трыма знаёмымі ўстаў на калені насупраць Гарадзенскага аблвыканкаму з фота пяцігадовай дзяўчынкі, пацярпелай увечары напярэдадні. Іх затрымалі, збілі ў РАУС і размалявалі твар маркерам. Увечары 12 жніўня Уладзімір трапіў у больніцу хуткай медычнай дапамогі. Пазней яго неаднаразова судзілі паводле арт. 23.34 КаАП.

Уладзімір Родчанка.
Фота: Hrodna.life
  • Апроч Беларусі, «Godel Technologies» мае прадстаўніцтвы ў Вялікай Брытаніі, Украіне, Балгарыі, Польшчы і Літве.
  • «Мы ўваходзім у спіс найбольш хуткарослых nearshore IT-кампаніяў Вялікай Брытаніі і ў першую дзясятку IT-кампаніяў Беларусі паводле тэмпаў росту», – паведамляе сайт «Godel Technologies».

МГ belsat.eu

Стужка навінаў