У Еўразвязу ёсць чатыры варыянты палітыкі да Беларусі. Разглядаюць прызнанне ўраду ў выгнанні


Напрыканцы мінулага года ў Менску амбасадары 16 дзяржаваў Еўразвязу і кіраўнік прадстаўніцтва ЕЗ распрацавалі дакумент, у якім выкладаюцца чатыры варыянты палітыкі адносна Беларусі. Дакумент трапіў да радыё «Свабода», а ў найбліжэйшы час яго абмяркуюць у Бруселі.

«Пачакай і паглядзі»

Гэта варыянт захавання status quo. ЕЗ ужо заявіў, што прэзідэнцкія выбары 9 жніўня не былі «ні свабоднымі, ні сумленнымі», і што Аляксандру Лукашэнку «не хапае дэмакратычнай легітымнасці». Пасля рэпрэсіяў супраць удзельнікаў пратэстаў Еўразвяз замарозіў актывы і ўвёў візавыя санкцыі ў дачыненні 88 асобаў і 7 суб’ектаў гаспадарання, у тым ліку адносна Лукашэнкі і ягонага сына. Абмежаванні зацвердзілі трыма пакетамі санкцыяў напрыканцы 2020 года. Гэты сцэнар у дакуменце ахарактарызаваны як «паступовы падыход да санкцыяў».

«Прагматычная роўнааддаленасць»

Гэты варыянт прадугледжвае інтэнсіўнае дыпламатычнае ўздзеянне. Гаворка пра такія яго формы, як «маўклівая дыпламатыя», накіраванне місіі высокага ўзроўню ў Менск альбо запрашэнне прадстаўнікоў афіцыйнага Менску ў нейтральнае месца (скажам, у Швейцарыю), каб абмеркаваць прапанову аб пасярэдніцтве, згода на дыялог з рэжымам і ўступленне ў адмысловы дыялог з АБСЕ наконт сітуацыі ў Беларусі, уступленне ў дыялог на высокім узроўні з Расеяй і ЗША аб узмацненні вонкавага ціску на Менск, а таксама стварэнне адмысловай кансультацыйнай місіі Еўразвязу ці пасады адмысловага прадстаўніка ЕЗ для Беларусі».

«Істотнае пагаршэнне адносінаў»

Трэці варыянт прадугледжвае значнае пашырэнне спісу асобаў і арганізацыяў, на якіх распаўсюджваюцца санкцыі, а таксама паніжэнне ўзроўню дыпламатычных адносінаў да мінімуму і «падтрыманне распачынання крымінальных і іншых справаў паводле нацыянальнага заканадаўства ў дзяржавах-чальцах ЕЗ супраць вінаватых у катаваннях і бесчалавечным абыходжанні». Акрамя таго, гэты варыянт прадугледжвае стварэнне на падставе Маскоўскага механізму АБСЕ міжнароднага трыбуналу для расследавання парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі.

«Амаль поўнае замарожванне адносінаў»

Самы жорсткі варыянт прадугледжвае разрыў дыпламатычных адносінаў, поўны санкцыйны рэжым, які закране шэраг галінаў беларускай прамысловасці, забарону на продаж еўрааблігацыяў і, магчыма, каардынацыю санкцыйнага рэжыму адносна Беларусі з санкцыйным рэжымам адносна Расеі. У межах гэтага варыянту таксама можа разглядацца мараторый на ўдзел Беларусі ў структурах «Усходняга партнёрства» і афіцыйнае прызнанне ўраду ў выгнанні.

Таксама, паводле радыё «Свабода», у дакуменце ёсць шэраг крокаў, якія ўлады Беларусі маюць зрабіць для дыялогу з Еўразвязам. Гэта спыненне «ўсялякіх рэпрэсіяў і парушэнняў правоў чалавека, пераследу прадстаўнікоў незалежных СМІ і грамадзянскай супольнасці».

ЕЗ таксама патрабуе ад Менску вызваліць, рэабілітаваць палітвязняў і выплаціць ім фінансавую кампенсацыю, забяспечыць свабодныя і сумленныя выбары пад наглядам АБСЕ і стварыць бяспечныя ўмовы для вяртання тых, хто цяпер у палітычным і прымусовым выгнанні. Кіраўнікі дыпламатычных місіяў прапануюць Бруселю разгледзець пытанне аб пашырэнні санкцыяў, калі гэтыя ключавыя патрабаванні ЕЗ не будуць выкананыя.

Сярод людзей, якія маюць трапіць пад санкцыі, – найвышэйшыя службовыя асобы рэжыму, у тым ліку ўсе чальцы Савету бяспекі, іх непасрэдныя сваякі, кіраўнікі абласных адміністрацыяў і памочнікі Аляксандра Лукашэнкі ў рэгіёнах, а таксама «шараговыя выканаўцы гвалту з ліку прадстаўнікоў міліцыі, КДБ і АМАПу».

Замарожванне актываў кампаніяў павінна ўключаць у сябе «дзяржаўныя прадпрыемствы, якія робяць свой унёсак у фінансаванне рэжыму, такія як перапрацоўка нафты, здабыча калію і хімічная вытворчасць», фінансавыя ўстановы, Менскі транзітны банк, БелАЗ, МТЗ, «Белкамунмаш», МАЗ, МЗКЦ, Менскі электратэхнічны завод.

На выпадак, калі сітуацыя яшчэ пагоршыцца, дакумент прапануе ўвесці галіновыя санкцыі, якія ўключаюць забарону такім кампаніям, як MasterCard, VISA і Swift, прадастаўляць паслугі альбо пастаўляць тавары беларускім кампаніям, якія займаюцца энергетыкай і сыравінай, а таксама ўсім дзяржаўным кампаніям і тым кампаніям, якія належаць фізічным асобам з санкцыйнага спісу ЕЗ.

ЯП belsat.eu

Стужка навінаў