Што казалі сведкі на судзе Андрэевай і Чульцовай?


На судзе выступілі гаспадары кватэры, адкуль вялі стрым, таксіст і прадстаўнік «Менсктрансу».

У судзе Фрунзенскага раёну Менску 9 лютага пачаўся працэс над журналісткамі «Белсату» Кацярынай Андрэевай і Дар’яй Чульцовай. Журналістак вінавацяць паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак»). Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі.

Адвакаты Кацярыны Андрэевай і Дар’і Чульцовай ў судзе Фрунзенскага раёну. Менск, Беларусь. 9 лютага 2021 году. Фото: АВ / Белсат

Першы сведка – Мікалай Скарына – мужчына сталага ўзросту, які жыве на плошчы Пераменаў. Цягам трох гадзінаў ён стаяў ля вакна і бачыў, што не ходзіць 18-ы аўтобус. Журналістак сведка не бачыў. У той дзень ён тэлефанаваў у міліцыю, бо з машыны, што стаяла каля дому, «каардынавалі пратэстоўцаў».

Другая сведка – Алена, яна была ў гасцях у гаспадароў кватэры, адкуль вялі стрым журналісткі. Жанчына кажа, што на праезнай частцы людзей было небагата. Да Арлоўскай здолела даехаць на маршрутцы – далей тая не паехала. Людзі, якія ўвайшлі ў кватэру не назваліся. Да гэтага яны каля 20 хвілінаў гуркаліся ў дзверы. Гаспадар кватэры сказаў, што адчыняць не будзе. Спалохаліся ўсе: гаспадары, іхныя дзеці, журналісткі. Сведка адзначае, што не чула ад дзяўчат ніякіх заклікаў.

Hавiны
«Людзі ведалі, што на плошчы Пераменаў ёсць журналісты, што вядзецца стрым»
2021.02.08 21:13

Трэцяя сведка – Лілія Мароз, гаспадыня кватэры. Кажа, дзяўчаты патэлефанавалі ейнаму мужу і папрасіліся паздымаць. Гаспадары кватэры не ведалі, што гэта журналісткі «Белсату», хаця камізэлькі «Press» на карэспандэнтках былі. Ад дзяўчат сведка чула толькі каментары, ніякіх заклікаў не было. Перакрыццё дарог не было арганізаванае, бо людзі рухаліся хаатычна.

Дзмітрый Мароз, уладальнік кватэры, з якой вялі стрым журналісты «Белсату».
Фота: ТК / Белсат

Чацвёрты сведка – Дзмітрый Мароз, гаспадар кватэры, адкуль вялі стрым. Дзмітрый Мароз распавядае, што яму патэлефанаў нейкі мужчына, які спытаў, ці могуць журналісткі правесці стрым з ягонай кватэры. Дзяўчаты прыйшлі а 12-й гадзіне. У іх былі камізэлькі з надпісам «Press». Што яны казалі ў эфіры і пра што размаўлялі паміж сабой, мужчына не памятае.

Таксама Дзмітрый Мароз сцвярджае, што грамадскі транспарт хадзіў. Пракурор пытае, калі ён заўважыў, што рух спынены, і чаму ён спыніўся. Сведка кажа: «Бо з аднаго боку стаялі людзі, а з іншага – бусы».

Плошча Пераменаў. Менск, Беларусь. 15 лістапада 2020 году.
Фота: Белсат

Дзмітрый Мароз прызнае, што не адразу адчыніў дзверы ў кватэры, бо не зразумеў, хто грукае. Гэта ён усвядоміў ужо пасля – калі ў іх было 7-8 сілавікоў. Ператрус ішоў дзве-тры гадзіны. Забралі лічбавую тэхніку, ноўтбукі, тэлефоны, фотаапарат, флэшкарты. На наступны дзень Марозу патэлефанаваў адвакат адной з журналістак – ён пагадзіўся быць сведкам па адміністратыўным працэсе. Таксама мужчына прапусціў тэлефанаванне не з Беларусі, адказваць не стаў.

«З боку абвінавачаных я не бачыў супрацьпраўныя дзеянняў, інакш я б іх папрасіў выйсці», – запэўнівае Мароз.

Пятым выступіў Раман Прановіч ад «Менсктрансу». Раман Прановіч у «Менсктрансе» адказвае за арганізацыю транспартавага руху. Сцвярджае, што на Пушкінскай і Чарвякова была затрымка транспарту. Матэрыяльная шкода – 11 000 руб.

Раман Прановіч пацвярджае, што была парушаная праца транспарту, адпаведна былі страты. Працаўнік «Менсктрансу» сцвярджае, што міліцыянты і ДАІ не блакавалі руху транспарту, але менавіта праз дэманстрантаў адбываліся перабоі.

Абноўлена
«Амаль тры месяцы за кратамі». Суд над журналісткамі «Белсату». Онлайн
2021.02.09 09:50

Шосты сведка – муж Кацярыны Ігар Ільяш. Суддзя запыталася ў Ігара пра тое, ці магчымая дзейнасць журналіста на тэрыторыі Беларусі замежнага СМІ без акрэдытацыі. Ігар кажа, што гэта спрэчнае пытанне: прававая практыка паказвае, што гэта адміністратыўнае правапарушэнне. Далей суддзя запыталася, ці дапускаецца, каб у працы журналіста здзяйсняліся супрацьпраўныя дзеянні ці заклікі да іх. Ад гэтага пытання Ігар у шоку.

Семым дапытвалі кіроўцу таксоўкі. Яму задалі пытанне пра тое, у якіх адносінах ён з абвінавачанымі. Гэта выклікала здзіўленне ў сведкі, які адказаў, што ні ў якіх. Пытанне і адказ выклікалі смех у Ігара Ільяша.

Hавiны
Адвакат Андрэевай: «Я не пачуў нічога, што б сведчыла пра крымінальныя дзеянні з боку Дар’і ці Кацярыны»
2021.02.09 13:53

ІК, belsat.eu

 

Стужка навінаў