Першая палова дня ў судзе над журналісткамі «Белсату»: віны не прызнаюць, сведкі кажуць, што заклікаў не было


У судзе Фрунзенскага раёну Менску 9 лютага пачаўся працэс над журналісткамі «Белсату» Кацярынай Андрэевай і Дар’яй Чульцовай. Дзяўчат вінавацяць паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак»). Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі. Справу разглядае суддзя Наталля Бугук.

Паседжанне мусіла пачацца а 10:00, але затрымалася прыблізна на паўгадзіны. На суд пусцілі толькі акрэдытаваных журналістаў – карэспандэнты «Белсату» трапіць у залу не здолелі. Абмежаванне абгрунтавалі каронавірусам, аднак людзі, якія апынуліся па-за дзвярыма, казалі, што ў зале прысутнічала ўсяго каля 15–20 чалавек, а вольных месцаў хапала.

Падтрымаць дзяўчат прыйшлі некалькі дзясяткаў чалавек – сярод іх палітык Анатоль Лябедзька, прадстаўнікі дыпламатычных місіяў ЕЗ і ЗША.

У зале Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова ўпершыню амаль за тры месяцы пабачылі сваіх сваякоў, але магчымасці паразмаўляць з імі не мелі. Калі Дарʼя ўбачыла маці, у яе пацяклі слёзы.

Пракурор больш за дзесяць хвілінаў зачытвала, у чым абвінавачваюць журналістак Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову.

У абвінавачанні ўказваецца, што ў наўпроставым эфіры «праз агучванне інфармацыі» яны ажыццявілі «збор актыўных удзельнікаў, якія груба парушаюць грамадскі парадак», «з мэтай стварэння масавасці для магчымасці супрацьстаяння дзеянням працаўнікоў праваахоўных дзеянняў».

На думку следства, Кацярына Андрэева «давала станоўчую ацэнку» падзеям, якія адбываліся, такім чынам заклікала да несанкцыянаваных акцыяў і тым самым «арганізавала дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак».

Журналісткі сваёй віны не прызнаюць.

Да абеду ў судзе паспелі апытаць трох сведак. Першы – мужчына, які жыве побач з плошчай Пераменаў. Цягам трох гадзінаў ён стаяў ля акна і бачыў, што не ходзіць 18-ы аўтобус. Журналістак сведка не бачыў. У той дзень ён тэлефанаваў у міліцыю, бо з машыны, што стаяла каля дому, «каардынавалі пратэстоўцаў».

Апыталі таксама Лілію Мароз – гаспадыню кватэры, адкуль журналісткі вялі стрым, і Алену Дзядзюлю, якая ў той дзень завітала ў гэтую кватэру ў госці. Абедзве жанчыны сцвярджаюць, што не чулі ад журналістак аніякіх заклікаў – тыя толькі каментавалі падзеі.

Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова былі затрыманыя 15 лістапада 2020 года за стрым, падчас якога паказалі жорсткі разгон акцыі памяці Рамана Бандарэнкі і разбурэнне сілавікамі народнага мемарыялу на плошчы Пераменаў. Стрым яны вялі з кватэры на 14-м паверсе дому, што на Смаргоўскім тракце, куды іх запрасілі гаспадары. Пасля завяршэння акцыі спецназаўцы са зброяй выламалі дзверы ў кватэру і затрымалі дзяўчат.

20 лістапада журналісткам выставілі абвінавачанне паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак»). Для дзяўчат абралі меру стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай ды этапавалі ў жодзінскую турму. У Жодзіне трымалі ў асобных камерах. Напярэдадні суда дзяўчат этапавалі ў Менск.

ЯП belsat.eu

 

Стужка навінаў