Учора, 8 лютага, польскі і беларускі інтэрнэт узарвала відэа. Хлопец у звычайнай чорнай куртцы штурхае гарадскі аўтобус, які буксуе на дарозе. Да яго падбягае журналіст мясцовага тэлеканалу TVN24 і спрабуе ўзяць інтэрв’ю. Варшаўскім героем апынуўся мянчук Зміцер Салагуб, які нядаўна пераехаў у Польшчу.
«У нашым свеце замест таго, каб проста ўзяць і дапамагчы, усе здымаюць на відэа. Я не разумею гэтага», – кажа Зміцер Салагуб.
«Я ехаў у аўтобусе. У Варшаве былі моцныя снегапады, утварыліся коркі. Аўтобус стаяў без руху прыкладна хвілінаў 15. Кіроўца адчыніў дзверы, я і людзі пайшлі наперад. Прайшоў прыкладна кіламетр», – распавядае Зміцер.
Далей ён пабачыў аўтобус, які не мог заехаць на горку – не хапала счаплення з дарогай.
«Я зразумеў, што магу паспрабаваць яго падштурхнуць, і пайшоў. А тут прыйшоў хлопец з мікрафонам (карэспандэнт TVN24. – belsat.eu) і хіба што таксама паспрабаваў штурхануць. У нас атрымалася, і я пайшоў далей», – кажа хлопец.
Пра свой учынак Зміцер згадвае з пэўнай сціпласцю.
«Аніякім героям я сябе не лічу. Проста так атрымалася! Трэба заўсёды быць чалавекам і думаць пра іншых. Тады і свет можна змяніць у лепшы бок, як вы потым і пабачылі. Нават адзін маленькі чалавек можа, як высветлілася, прыбраць затор на дарозе. Я проста не разумею, чаму аніхто да мяне гэтага не зрабіў!»