Апладысменты пасля прамовы Кацярыны Андрэевай у судзе і адмова Дар'і Чульцовай даваць паказанні


9 лютага ў Менску распачаўся суд над затрыманымі журналісткамі «Белсату» Кацярынай Андрэевай і Дарʼяй Чульцовай. Дзяўчат вінавацяць паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак»). Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі. У судзе сёння дапыталі сведак і далі слова затрыманым дзяўчатам.

Дар’я Чульцова ў судзе Фрунзенскага раёну. Менск, Беларусь. 9 лютага 2021 году. Фото: ТК / Белсат

На судзе над Дарʼяй Чульцовай і Кацярынай Андрэевай, які распачаўся з затрымкай, дапыталі некалькі сведак і далі слова затрыманым дзяўчатам.

Дарʼя Чульцова адмовілася даваць паказанні і таму суддзя Наталля Бугук зачытала яе ранейшыя паказанні.

У матэрыялах справы Дар’і Чульцовай адзначаецца:

«Нікога не заклікала, не арганізоўвала, да дзеянняў не схіліла. У матэрыялах няма доказаў супрацьпраўных дзеянняў, няма тлумачэнняў што такое дэструктыўныя тэлеграм-каналы і якія канкрэтна. Ніякіх лозунгаў не выкрыквала, на праезную частку не выходзіла».

«Мая згода на кампенсацыю стратаў «Менсктрансу» не з’яўляецца прызнаннем віны. Выплата кампенсацыі звязаная з магчымасцю гэта зрабіць на карысць прадпрыемства ў мэтах павышэння якасці аказання паслугаў».

Hавiны
Што казалі сведкі на судзе Андрэевай і Чульцовай?
2021.02.09 19:04

Кацярына Андрэева выступіла з прамовай, у якой адзначыла, што не лічыць сябе вінаватай.

«З 2017 года да сёння я зʼяўляюся штатным карэспандэнтам тэлеканалу »Белсат«, які ўваходзіць у структуру нацыянальнага тэлебачання Польшчы ТВП. У гэты перыяд я накіроўвала неабходныя дакументы ў Міністэрства замежных справаў Рэспублікі Беларусь з афіцыйнай просьбай даць мне акрэдытацыю для працы на тэрыторыі Беларусі. Аднак атрымала адмову. Прычыну адмовы мне Міністэрства не паведаміла. Паколькі раней падобныя адмовы ўжо здараліся, прычыны адмовы не паведамляліся, а мае калегі па тэлеканале падвяргаліся ціску з боку ўладаў, адмову ў акрэдытацыі я палічыла актам дзяржаўнай працэдуры. Падобная працэдура парушае маё канстытуцыйнае права на свабоду слова. Але, не гледзячы на ​​затрыманні і шматразовыя штрафы, я працягвала выконваць свае абавязкі.

Са жніўня 2020 гады я рэгулярна асвятляла акцыі пратэстаў супраць фальсіфікацыяў вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. У тым ліку і нядзельныя маршы. Са жніўня па лістапад я правяла некалькі дзясяткаў уключэнняў у прамым эфіры. Знаходзячыся ў месцах правядзення акцый, я каментавала падзеі, апытвала ўдзельнікаў (…) І атрымлівала адпаведнае заданне, а менавіта – дзе і а каторай мне трэба быць, што мне неабходна рабіць. Такая падрыхтоўка – гэта нармальная практыка ва ўсіх рэдакцыях. Напярэдадні 15 лістапада адзін з рэдактараў паставіў мне задачу правесці стрым з так званай плошчы Пераменаў у Менску, дзе людзі збіраліся выказаць пратэст супраць забойства Рамана Бандарэнкі і ўшанаваць ягоную памяць усклаўшы кветкі да народнага мемарыялу. Я падкрэсліваю: не гібелі, не смерці, а менавіта забойства Рамана Бандарэнкі.

Hавiны
«Людзі ведалі, што на плошчы Пераменаў ёсць журналісты, што вядзецца стрым»
2021.02.08 21:13

Людзі крыху адышлі назад, але не разышліся. Сілавікі блакавалі праезную частку і выхад з двара. Ніякай агрэсіі з боку пратэстоўцаў у адрас сілавікоў не было. Яны проста працягвалі мірна стаяць насупраць узброеных сілавікоў, перыядычна выкрыкваючы »Жыве Беларусь«, »Трыбунал«, а затым праз нейкі час яны знялі ачапленне і пакінулі пляцоўку. Усё гэта я працягвала каментаваць у прамым эфіры. Пратэстоўцы пачалі разыходзіцца, але заставаліся яшчэ людзі на самай дзіцячай пляцоўцы і ў прылеглых дварах…. Tэлеграм-каналы паведамілі, што ўздоўж вуліцы Чарвякова зноў рухаюцца спецпадраздзяленні і спецтэхніка. Гэтую інфармацыю я агучыла ў эфіры, не называючы пры гэтым самыя тэлеграм-каналы, дзе прачытала гэтую інфармацыю. Сілавікі сапраўды зʼявіліся неўзабаве, яны ачапілі дзіцячую пляцоўку па перыметры А тых людзей, якія засталіся на плошчы, пачалі затрымліваць (…)

Плошча Пераменаў. Менск, Беларусь. 15 лістапада 2020 году.
Фота: Белсат

Калі пачалася зачыстка, ім было выразна відаць, што з нейкага паверху іх здымала прафесійная камера. Аднак ніякіх патрабаванняў спыніць здымкі не паступала. Такое становішча захоўвалася шмат гадзінаў, пакуль інтэрнэт у кватэры раптам рэзка не знік. Толькі тады трансляцыя была вымушана перапыненая. Я паспрабавала датэлефанавацца ў рэдакцыю, аднак ні ўваходныя, ні выходныя званкі на двух маіх тэлефонах – адным асабістым, адным працоўным – не праходзілі. Таму я папрасіла гаспадара кватэры скарыстацца яго мабільным тэлефонам, каб патэлефанаваць мужу. Неўзабаве мы пачулі званок у дзверы. Паколькі гаспадары нікога не чакалі, яны не адкрылі. Затым мы пачулі моцны стук. У мяне зʼявілася здагадка, што гэта могуць быць працаўнікі сілавых структур. Але паколькі ў двары адбывалася зачыстка, мы бачылі затрыманні. Аднак не адчыняць дзверы або даваць нейкія ўказанні гаспадарам кватэры – я проста не мела паўнамоцтваў. Тым больш, што тыя, хто званіў у кватэру і стукаў у дзверы, ніяк сябе не называлі… На лесвічнай пляцоўцы была цішыня. І праз некалькі хвілін грук стаў усё больш настойлівы і дзверы пачалі ламаць, у кватэру ўварваліся 8 байцоў у цёмнай форме і са зброяй у руках. У аднаго з іх я заўважыла на грудзях нашыўкі з надпісам спецназ.

Ля дамоў каля плошчы Пераменаў. Менск, Беларусь. 15 лістапада 2020 году.
Фота: АВ / Белсат / Vot Tak TV

Следчы Фрунзенскага РАУС уручыў пастанову аб прызнанні падазраванай па частцы 1 арт. 342 КК. На наступны дзень, 17 лістапада, суд Цэнтральнага раёну прызнаў мяне вінаватай ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, а таксама ў непадпарадкаванні міліцыі і прызначыў 7 содняў адміністрацыйнага арышту. Ужо 19 лістапада мне агучылі абвінавачанне ў межах крымінальнай справы па частцы 1 арт. 342, а яшчэ праз дзень, 20-га, мне абралі меру стрымання – заключэнне пад варту (…) 21 лістапада, пасля чаго мяне этапавалі ў СІЗА горада Жодзіна, дзе я змяшчалася да 31 студзеня 2021, калі мяне этапавалі ў СІЗА №1 Менску. На працягу ўсяго следства я не прызнавала сваёй віны і не давала паказанняў.

Цяпер хацелася б спыніцца на асобных фармулёўках абвінавачвання. Абвінавачванне сцвярджае, што больш дакладны час (…) 15 лістапада не ўстаноўлена. Гэта значыць следства нават не знайшло часу паглядзець час пачатку і заканчэння мерапрыемства, якое дасяжнае, ёсць у інтэрнэце, у Youtube, усё вельмі лёгка было б усталяваць. Ці магу я ў такім разе быць прыцягнутая да адказнасці, калі мы кажам пра падзеі, дасканала таго не ведаю калі (…)

Далей гаворыцца з карыслівых меркаванняў. Хіба можна з карыслівых меркаванняў прымаць умовы выканання працоўнага кантракту? Зʼяўляючыся працаўніком тэлеканала… я проста не маю права адмовіцца выконваць сваю працу. За гэта адразу ж рушыць услед памяншэнне заробку альбо звальненне. У чым, вядома, я не зацікаўленая (…) Таксама мне ставіцца дзеянне групай асобаў паводле папярэдняй змовы (…) Я працую на тэлебачанні і весці эфір самой, без падрыхтоўкі не магу па азначэнні. У выпуску праграмы задзейнічаны дзясяткі асобаў. Ад вядоўцаў у эфіры да асістэнтаў, ад мантажораў да выпускаючага рэдактара. Як вы ўяўляеце сабе прамую трансляцыю з двух гарадоў – Менска і Варшавы без папярэдняга абмеркавання ўсімі аўтарамі?

Hавiны
Адвакат Андрэевай: «Я не пачуў нічога, што б сведчыла пра крымінальныя дзеянні з боку Дар’і ці Кацярыны»
2021.02.09 13:53

Працуючы ў эпіцэнтры падзеяў, журналісты імкнуцца, абавязаны перадаць атмасферу падзеі, у тым ліку звяртаючыся і да такіх ацэнак. Вядома, гэта можна абмяркоўваць, ці прафесійна гэта з погляду журналісцкай этыкі, стыль вядзення рэпартажу, аднак ніяк не з лавы падсуднай. Таксама абвінавачванне ва ўдзеле ў нібыта мной арганізаваным пратэсце я б хацела (…) З моманту прыбыцця на месца і да моманту затрымання я займалася выключна стрымам, што адлюстравана на відэазапісе.

Дар’я Чульцова і Кацярына Андрэева ў судзе Фрунзенскага раёну. Менск, Беларусь. 9 лютага 2021 году. Фото: АВ / Белсат

У кароткіх перапынках паміж трансляцыяй я брала інтэрвʼю на вуліцы, пасля чаго вярнулася ў кватэру, дзе працягнула стрым. Нагадаю, што 17 лістапада мне ўжо прызначылі адміністрацыйны арышт і ўжо тады складу злачынства ў маіх дзеяннях не знайшлі. Застаецца пытанне: чаму тыя ж фармулёўкі з адміністрацыйнай справы пра гучныя воплескі з балкона, пра выкрыкванне лозунгаў, непадпарадкаванне патрабаванням міліцыі я бачу ў абвінавачванні па крымінальнай справе? Хіба можна двойчы абвінаваціць чалавека за адно і тое ж? (…) Што тычыцца непадпарадкавання міліцыі, гэта абсалютная хлусня (…) З моманту затрымання я выконвала ўсе ўказанні супрацоўнікаў міліцыі. Такім чынам, у маіх дзеяннях адсутнічае склад злачынства, прадугледжанага часткай 1 арт. 342 КК РБ. Я настойваю на ўласнай невінаватасці і на поўным апраўданні. На гэтым усё, вялікі дзякуй», – сказала Кацярына Андрэева.

Пасля яе прамовы ў залі раздаліся апладысменты.

Hавiны
Першая палова дня ў судзе над журналісткамі «Белсату»: віны не прызнаюць, сведкі кажуць, што заклікаў не было
2021.02.09 14:02

Журналістак «Белсату» Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову вінавацяць паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак»). Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі. Справу дзяўчат разглядае суддзя Фрунзенскага раённага суда Наталля Бугук. Наступнае паседжанне ў справе адбудзецца 16 лютага а 14:30.

Абноўлена
«Амаль тры месяцы за кратамі». Суд над журналісткамі «Белсату». Онлайн
2021.02.09 09:50

СК belsat.eu

Стужка навінаў