Адвакат Андрэевай: «Я не пачуў нічога, што б сведчыла пра крымінальныя дзеянні з боку Дар'і ці Кацярыны»


Сяргей Зікрацкі, адвакат Кацярыны Андрэевай, у эфіры «Белсату» распавёў пра пачатак суда над журналісткамі Кацярынай Андрэевай і Дар’яй Чульцовай.

Дар’я Чульцова і Кацярына Андрэева ў судзе Фрунзенскага раёну. Менск, Беларусь. 9 лютага 2021 года. Фото: АВ / Белсат

Адвакат зазначыў, што асабіста ён «не пачуў нічога, што б магло сведчыць пра нейкія крымінальныя дзеянні з боку Дарʼі ці Кацярыны».

Пасля абеду будуць вывучаць матэрыялы справы, дапытаюць яшчэ некалькіх сведкаў. Сяргей Зікрацкі выказаў спадзяванне, што на паседжанні будзе магчымасць прагледзець той стрым, які вялі Кацярына і Дарʼя.

Абноўлена
«Амаль тры месяцы за кратамі». Суд над журналісткамі «Белсату». Онлайн
2021.02.09 09:50

«Я лічу, што і следства, і бок абвінавачання зрабілі няправільнае абвінавачанне. Дзяржаўнае абвінавачанне кажа пра тое, што Андрэева давала станоўчую ацэнку падзеям, тым самым заклікала. Мы спадзяваліся пабачыць у абвінавачанні нейкія дакладныя цытаты. На жаль, у абвінавачанні ёсць агульныя фразы, што яны «заахвочвалі» і да нечага «заклікалі». З гэтымі агульнымі фразамі складана змагацца. Толькі ў канкрэтных фразах мы можам зразумець, ці ўтрымліваліся там супрацьзаконныя дзеянні. А стрым дагэтуль можна паглядзець у інтэрнэце. Я яго глядзеў і супрацьзаконных дзеянняў там не пабачыў».

У першай палове дня 9 лютага ў судзе над карэспандэнткамі «Белстату» былі дапытаныя сведкі, якія згадалі падзеі на плошчы Пераменаў 15 лістапада, калі дзяўчат затрымалі.

AB, belsat.eu

Стужка навінаў