У Казахстане пасля пратэстаў затрыманы амаль шэсць тысяч чалавек. Распачата 125 крымінальных спраў


Па афіцыйных дадзеных падчас беспарадкаў у Казахстане былі затрымалі амаль 6 тысяч чалавек, заведзена 125 крымінальных спраў. Пра гэта 9 снежня паведамілі ў прэс-службе прэзідэнта Казахстана пасля чарговага пасяджэння аператыўнага штаба:

«Цяпер узбуджаны 125 крымінальных спраў, у органы паліцыі дастаўлены 5,8 тыс. чалавек, сярод іх ёсць значная колькасць іншаземцаў».

Пазней у МУС паведамілі, што за ўдзел у беспарадках затрыманы 5 969 чалавек, адзначыўшы, што колькасць затрыманых хутка мяняецца.

Паводле афіцыйнай інфармацыі МУС, загінулі 16 сілавікоў, пацярпелі 1300, знішчаны 350 паліцэйскіх аўтамашын, у Алматы абрабаваныя 7 зброевых крам.

За час беспарадкаў у Казахстане загінулі 164 чалавекі, паведамілі ў Міністэрстве аховы здароўя. Праз гадзіну гэтыя звесткі былі афіцыйна зняпраўджаныя. Інфармацыя аб колькасці загінулых не адпавядае рэчаіснасці, паведамілі мясцовыя медыі. У Міністэрстве аховы здароўя адказалі, што міністэрства не давала такіх лічбаў.

Telegram-канал @coronavirus2020.kz, у якім апублікаваная статыстыка, знаходзіцца ў кампетэнцыі міністэрства інфармацыі і грамадскага развіцця. Там заявілі, што публікацыя статыстыкі – тэхнічная памылка.

Затрыманні ў Казахстане.
Фота: РИА Новости

Улады Казахстана заяўляюць, што ва ўсіх рэгіёнах краіны сітуацыя стабілізавана, устаноўлены кантроль над аператыўнай абстаноўкай, праваахоўнымі органамі вызвалены ўсе раней захопленыя адміністрацыйныя будынкі, аднаўляецца работа камунальных аб’ектаў і сістэм жыццезабеспячэння.

Касым-Жамарт Такаеў даручыў стварыць урадавую камісію па пытаннях ліквідацыі наступстваў беспарадкаў у асобных рэгіёнах. Да гэтага часу ацанілі і нанесены ўрон – не менш як 212 мільёнаў долараў.

Hавiны
Прэс-сакратар Назарбаева паведаміў, што ён сам перадаў пасаду кіраўніка Савету бяспекі Казахстана Такаеву
2022.01.09 09:36

Першае пакаяльнае відэа

Дзяржаўныя медыі Казахстану апублікавалі пакаяльнае відэа, на запісу мужчына прызнаецца ва ўдзеле ў масавых пратэстах. На відэа затрыманы сцвярджае, што ён прыляцеў з Кыргызстану для ўдзелу ў мітынгу за што яму заплацілі 200 долараў. Мужчыну хутка апазналі блізкія, ім апынуўся – джазавы музыкант Вікрам Рузахунаў, ён часта выступае ў Казахстане. Сваякі не маглі знайсці яго некалькі дзён. Яны ўпэўненыя, што ён агаварыў сябе пад катаваннямі.

Відэа пракаментаваў кіраўнік Дзяржаўнага камітэту нацыянальнай бяспекі Кыргызстану Камчыбек Ташыеў.

«Ён не зʼяўляецца тэрарыстам. Проста тыя людзі, якія праводзяць расследаванне, яны ці памыліліся, ці хацелі выслужыцца. Я яшчэ раз кажу, як кіраўнік спецслужбаў нашай краіны, адказна заяўляю, ён не мог быць прыцягнуты, як тэрарыст. Можа быць, ён проста аказаўся не ў той час не ў тым месцы», – заявіў Ташыеў.

Ад мірных пратэстоўцаў да «тэрарыстаў»

Пратэсты ў Казахстане пачаліся 2 студзеня ў горадзе нафтавікоў Жангаўэзене пасля таго, як улады ўдвая павысілі цану на звадкаваны газ. Першапачаткова пратэстоўцы патрабавалі толькі знізіць цану, але пасля зʼявіліся палітычныя патрабаванні, перадусім – адхіліць ад улады Назарбаева.

Вайскоўцы на вуліцах Алматы. 8 студзеня 2022 г.
Фота: PAVEL MIKHEYEV / Reuters / Forum

У першыя дні пратэстаў улады заявілі, што пачулі патрабаванні людзей і абвесцілі зніжэнне коштаў на звадкаваны газ на 180 дзён. Але пазней рыторыка змянілася, пратэстоўцаў афіцыйна пачалі называць «тэрарыстамі».

Цэнтрам пратэстаў стаўся найбуйнейшы горад краіны – Алматы, дзе адбыліся вулічныя баі паміж пратэстоўцамі і ўрадавымі войскамі. Усцяж у Алматы праблемы з інтэрнэтам, мясцовы аэрапорт не працуе.

У ноч на 6 студзеня Такаеў папрасіў дапамогі ў АДКБ. У Казахстан накіраваліся ў тым ліку і беларускія вайскоўцы.

6 студзеня Камітэт нацыянальнай бяспекі Казахстану пачаў дасудовае расследаванне дзяржаўнай здрады паводле артыкула 175 часткі 1 Крымінальнага кодэксу Казахстану. У гэты ж дзень па падазрэнні ва ўчыненні гэтага злачынства затрыманы і змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання былы старшыня КНБ Карым Масімаў.

Ад пачатку пратэстаў у Казахстане першы прэзідэнт краіны Нурсултан Назарбаеў асабіста ніяк не каментаваў падзеі і не зʼяўляўся на публіцы.

АД belsat.eu

Стужка навінаў